Застацца ў няволі. 411-ы – артыкул КК, паводле якога ў Беларусі можна сядзець бясконца


Праваабаронцы на сёння маюць звесткі пра 15 выпадкаў, калі ўжо асуджаных асобаў пакідаюць у няволі за артыкул 411 Крымінальнага кодэксу РБ «Зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yevgeny Yepanchintsev / TASS / Forum

Такіх справаў робіцца ўсё болей. Гэтак, 11 ліпеня стала вядома, што палітычнага вязня, менчука Андрэя Навіцкага, асуджанага да 5 гадоў калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту, абразу Лукашэнкі ў відэароліку на YouTube і захоўванні пораху, асудзілі паводле арт. 411 КК за зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі бабруйскай калоніі № 2.

Суд Ваўкавыскага раёну 28 чэрвеня асудзіў палітвязня Юрыя Кавалёва, які мусіць выйсці на волю з калоніі 1 ліпеня. Мужчына адбывае тэрмін у ваўкавыскай калоніі № 11 за абразу Лукашэнкі. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 411 КК. Справу разглядаў суддзя Мікалай Талашка.

У судзе Бабруйску і Бабруйскага раёну 14 чэрвеня палітзняволенаму маладзечанцу Паўлу Пяскову, асуджанаму за патасоўку з амапаўцамі да трох гадоў і трох месяцаў калоніі, прысудзілі яшчэ адзін год зняволення за зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі.

У гомельскай жаночай калоніі 13 чэрвеня на выязным пасяджэнні асудзілі палітзняволеную Вікторыю Кульшу паводле ч. 1 арт. 411 КК. Вікторыі прызначылі ў дадатак да двух гадоў і шасці месяцаў калоніі яшчэ адзін год у зняволенні.

Палітзняволеная Вікторыя Кульша (злева). Фота для «Белсату»

Мы пагутарылі з юрыстам праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўлам Сапелкам пра тое, што гэта за практыка і ці ёсць нешта агульнае паміж асобамі, якія цярпяць ад такога пераследу.

Паводле суразмоўцы, дадатковыя прысуды паводле арт. 411 КК – даўняя практыка пераследу вязняў:

«Гэта даволі адпрацаваная практыка ўздзеяння на асуджаных. 411-ы артыкул заўжды быў і заўжды працаваў: калісьці болей, калісьці меней. Цяпер гэты інструмент выкарыстоўваюць для асобаў, якіх пераследуюць праз палітычныя прычыны. Мы бачым, што гэтая з’ява ўсё часцей праяўляецца. Гэта факт».

Юрыст падкрэсліў: праваабаронцы не ведаюць усіх выпадкаў. Імаверна, іх нашмат больш, чымся можна прачытаць у тэлеграм-канале «Вясны».

Павел Сапелка, юрыст ПЦ «Вясна».
Фота: Белсат

Злоўжыванне ўладамі Беларусі арт. 411 КК праваабаронцы называюць неправамерным тэрмінам пазбаўлення свабоды. Ёсць нешта агульнае з выпадкамі, калі людзей не выпускалі з-пад арышту, а давалі новыя і новыя содні, праз што зняволеныя заставаліся за кратамі месяц і болей.

«Можна гэта параўнаць з выпадкамі, калі людзей каралі новымі арыштамі: там і там гэта адвольнае пазбаўленне свабоды, якое мае выгляд законнасці – не проста чалавека адпраўляюць у засценкі, а ёсць нейкі фармальны судовы акт, прысуд выносіцца на базе заведама ілжывых доказаў. У выпадку з крымінальным пераследам гэта, часцей, не ілжывыя доказы, а надзвычайна жорсткае рэагаванне на нейкія дробныя парушэнні ці правакаванне вязня на больш сурёзныя парушэнні.

Тэарэтычна, так, паводле гэтага артыкулу чалавека можна асуджаць бясконца.

Калі паглядзець вясноўскія звесткі, там былі людзі, якіх так каралі пяць і восем разоў», – кажа Сапелка.

Нейкія агульныя рысы ў справах такога кшталту праваабаронцы прасачыць цяпер не могуць.

зона.бел
«Як піянерлагер, але лепш без яго»: чым жыве і дыхае самая жорсткая «хімія» краіны
2022.06.17 08:16

«Калі мы ацэньваем правамернасць выкарыстання арт. 411 КК, нас больш за ўсё бянтэжыць і не дае сказаць, што гэта аб’ектыўная ацэнка дзеянняў чалавека, тое, што няма відавочнага адзінства.

За адныя і тыя ж дзеянні адных вязняў караюць бясконцымі штрафнымі ізалятарамі, памяшканнямі камернага тыпу ці іншымі спагнаннямі, камусьці мяняюць рэжым утрымання на больш жорсткі, але гэта не ўплывае на тэрмін зняволення, а кагосьці бяруць і асуджаюць на новыя тэрміны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

Хаця, па вялікім рахунку, набор для ўсіх гэтых спагнанняў аднолькавы», – тлумачыць юрыст.

Эксперт згадаў гісторыю палітычнага вязня Міхаіла Жамчужнага, які правёў большую частку свайго тэрміну зняволення ў штрафным ізалятары:

«Яго такім жа чынам можна было асуджаць паводле 411 артыкулу, але ў дачыненні яго так не зрабілі. А ў дачыненні іншых палітвязняў такое выкарыстоўваецца: камусьці хутчэй выпадае сутыкнуцца з новым прысудам, камусьці пазней».

Артыкулы
Пра «блатных», ежу, грошы, секс і свабоду. Міхаіл Жамчужны распавёў, як палітычнаму выжыць на зоне
2021.03.03 07:39

Павел Сапелка таксама звярнуў увагу, што нідзе не прапісана, у якім выпадку ці пры якой «канцэнтрацыі» парушэнняў зняволены мае быць асуджаны на дадатковы тэрмін.

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў