Журналісты пакідаюць Беларусь: «Я заставаўся да апошняга, і па грамадскіх, і па асабістых прычынах»


Журналіст Віталь Цыганкоў у Кіеве.
Фота: facebook.com/vitali.tsyhankou

Яшчэ два вядомых журналіста пакінулі Беларусь праз пагрозу бяспекі. Так Віталь Цыганкоў у сваім фэйсбуку напісаў, што адкладаў гэтае рашэнне да апошняга:

«З’язджаць мне не хацелася. Я шчыра пісаў у сваіх допісах, што «кожную раніцу, калі я прачынаюся гадзін у 9-10, я з задавальненнем думаю, што сёння не прыйшлі (прынамсі, з раніцы, калі яны звычайна прыходзяць), і гэты дзень я хутчэй за ўсё правяду на свабодзе». Але я заставаўся да апошняга, – і па грамадскіх («хто, калі не я»), і па асабістых, сямейных прычынах».

Па яго словах, прычынай адʼезду стала не асабістае папярэджанне ці пагрозы, а агульная сітуацыя з журналістамі ў краіне:

«Я не ведаю, у якіх працэнтах можна ацаніць імавернасць майго затрымання, але відавочна, што незалежна ад маіх дзеянняў, гэта працэнт кардынальна павялічыўся за апошнія тыдні. Я мог супакойваць сябе, што я не рабіў нічога, за што мяне можна «браць», я ніколі, нават у жніўні-верасні не ставіў у свае сацсеткі фоткі з акцыяў (бо падазраваў, чым усё скончыцца) – але ўсё гэта не мае ніякага значэння. Цяпер яны спачатку бяруць, – потым вырашаюць, што б павесіць. Так што гэта ня тая латарэя, у якую хочацца гуляць – «прыйдуць, не прыйдуць». Тым больш што я суткі пабыў там, у гестапа, 12 жніўня, і стаянне на каленях у позе эмбрыёна на камянях, а таксама сінякі і лёгкая ЧМТ – гэтага хапіла для асабістага, а не тэарэтычнага разумення таго, што там за людзі».

Цыганкоў таксама паведаміў, што працягвае працаваць для радыё «Свабода» і плануе новы сезон «Размовы» на «Белсаце»:

«Я буду заставацца сабой, буду працягваць. З любога геаграфічнага месца. Місія яшчэ не выкананая».

Журналіст Зміцер Лукашук.
Фота: facebook.com/Зміцер Лукашук

Рэдактар «Эўрарадыё» і адзін з аўтараў прызнанай «экстрэмісцкай» кнігі «Беларуская ідэя» Зміцер Лукашук таксама часова пакінуў Беларусь, паведамляе радыё «Свабода».

На фоне наступных ператрусаў у рэдакцыях недзяржаўных СМІ і затрыманняў кіраўнікоў і журналістаў мэдыяў па ўсёй краіне Зміцер Лукашук расказаў, што на нейкі час зʼязджае ў Варшаву. Кажа, што найбольш цяжка было развітацца з дачкой Міраславай, цягнуў з навіной да апошняга.

«Апошні дзень мы правялі разам з маімі дзяўчатамі. Каталіся на каруселях, елі цукровую вату, жартавалі, смяяліся. Мы былі як аркестр на «Тытаніку» ў апошнія хвіліны яго плавання. Міраслава як сэрцам адчувала. Цэлы дзень не адыходзілася ад мяне, трымала за руку, клала галаву на плячо. Толькі час ад’езду няўмольна набліжаўся. «Я ведала…», – сказала Міраслава і моцна-моцна заплюшчыла вочы. Мы ізноў абдымаліся і абяцалі хутка пабачыцца…

Мы ўбачымся. Гэта краіна – наша. Але слёзы дзіцяці я ім ніколі не дарую», – напісаў Зміцер Лукашук у фэйсбуку.

Hавiны
Журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова з’ехала з Беларусі
2021.07.10 19:10

Раней з Беларусі зʼехала частка каманды TUT.BY, на гэтым тыдні журналісты прэзентавалі новы праект Zerkalo.io, які робяць з-за мяжы. Таксама Беларусь пакінулі некаторыя супрацоўнікі «Белсату», «Еўрарадыё», «Нашай нівы».

Паводле апошніх звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў цяпер у зняволенні ў Беларусі 31 працаўнік медыйнай сферы. Частка журналістаў праходзяць у якасці сведак па крымінальных справах. Таксама за кратамі або па-за межамі Беларусі знаходзяцца блогеры, якія распавядаюць пра грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі.

Артыкулы
Запужаць і катаваць. Чаму падчас зачысткі ад КДБ зʼявіўся артыкул пра тэрарызм
2021.07.09 17:10

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў