У Тбілісі памёр журналіст, якога збілі праціўнікі ЛГБТ-супольнасці


Аляксандр Лашкарава, аператар тэлеканалу «Пірвелі».
Фота: tvpirveli.ge

Аператар тэлеканалу «Пірвелі» Аляксандр Лашкарава быў знойдзены мёртвы ў матчынай кватэры, паведамляецца на сайце тэлеканалу. Прычыну смерці не называюць.

Аляксандра збілі 5 ліпеня ў Тбілісі, калі павінен быў прайсці «Марш годнасці», аднак праціўнікі ЛГБТ напалі на журналістаў грузінскіх медыяў, якія планавалі асвятляць акцыю.

Пасля збіцця Аляксандр некалькі дзён заставаўся ў шпіталі: у мужчыны зафіксавалі страсенне мозгу і правялі аперацыю з-за пералому косткі твару і часовай страты зроку. Пазней мужчыну выпісалі.

Арганізацыя «Тбілісі прайд», якая працуе ў сферы абароны правоў прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, 5 ліпеня планавала зладзіць у Тбілісі на праспекце Руставэлі марш сваіх прыхільнікаў. Супраць гэтага катэгарычна выступілі так званыя абаронцы традыцыйных каштоўнасцяў, якія з раніцы пачалі збірацца на праспекце, каб не даць магчымасці правесці марш. Пазней яны перамясціліся да будынку парламенту, і там найбольш агрэсіўныя праціўнікі ЛГБТ-супольнасці сталі нападаць на журналістаў, абвінавачваючы іх у падтрыманні прадстаўнікоў секс-меншасцяў.

Паліцыя затрымала 16 чалавек у справе аб збіцці журналістаў на акцыі прыхільнікаў супольнасці. Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі распачало крымінальную справу паводле факту нападаў на журналістаў.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў