Ксёндз Вячаслаў Барок: святары павінныя даваць ацэнку ўсяму, што адбываецца ў Беларусі


Падзеі апошняга тыдня ў Беларусі можна апісаць коратка: «Ведзьмакі выйшлі на паляванне». Расонскія міліцыянты на чале з маёрам Перапечкіным, з пастановай ад гарадоцкага пракурора на агляд памяшканняў касцёла і плябаніі, прыйшлі да ксяндза Вячаслава Барка.

Напярэдадні на сайце Белсату быў змешчаны фотаздымак дзяцей на фоне бел-чырвона-белага сцяга. Міліцыянты прыпісалі аўтарства фота ксяндзу і вырашылі, што здымак быў зроблены ў Гарадку Віцебскай вобласці. Насамрэч, фота зроблена ў Польшчы.

«Я зрабіла гэтыя фотаздымкі на мяжы Беларусі з Польшчай у мястэчку Баброўнікі, там дзе мы ладзілі пікет па пікетаванні граніцы. На фотаздымку знаходзіцца мая дачка і дзеткі Канавалавых, бацькі каторых зараз знаходзяцца ў турме», – распавяла Ганна Федаронак.

Дзеці палітвязняў Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча Ваня (злева) і Наста (справа) чытаюць верх Янкі Купалы «А хто там ідзе?» падчас «Беларускага дваравога канцэрту», які зладзілі ў Беларускім Доме. Варшава, Польшча. 10 ліпеня 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

У той час, калі пракурор рыхтаваў пастанову на агляд і выманне тэхнікі ў ксяндза, ён дакладна ведаў, што Вячаслаў Барок ніякім чынам не датычны да фота, а ў Гарадку апошні раз ён быў больш за пяць гадоў таму. Але доказы невінаватасці ксяндза ім не былі патрэбныя – у так званых праваахоўнікаў свая задача.

«Падаецца так, што гэта было адмыслова зроблена дзеля таго, каб заткнуць мне рот. Сам не хацеў я маўчаць, ну але як забіраеш тэхніку, то на нейкі час дзейнасць ютуб-канала спынілася б», – кажа ксёндз Вячаслаў Барок.

У касцёл і парафіяльны дом міліцыянты не патрапілі, бо ў санкцыі пракурора адрас быў указаны няправільна. Пакуль выпраўлялі памылку, святар пакінуў краіну.

Ксёндз лічыць, што сітуацыя, якая адбываецца зараз у Беларусі – гэта барацьба паміж дабром і злом.

«Мы, святары, павінны выконваць сваю місію: не займацца бруднай палітыкай, не спрабаваць гуляць з уладай, але не думаючы пра гэта, прапаведаваць дакладна Слова Божае, даючы таксама маральную ацэнку ўсяму таму, што ў Беларусі адбываецца», – распавёў ксёндз Вячаслаў Барок.

Матэрыял рыхтаваў журналіст Зміцер Лупач. Але 8 ліпеня яго затрымалі ў санаторыі Пліса і змясцілі ў ІЧУ.

Зміцер Лупач, Алена Шабуня belsat.eu

Стужка навінаў