У Польшчы зафіксавалі першы выпадак захворвання на малпавую воспу


У Польшчы афіцыйна пацвердзілі першы выпадак захворвання на малпавую воспу. Пра гэта паведаміў міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі падчас сустрэчы з журналістамі ў Лодзі, піша Wyborcza.pl. Міністр спаслаўся на інфармацыю, атрыманую з Нацыянальнага інстытуту гігіены.

«Санэпід правёў эпідэміялагічныя працэдуры. Асобы, якія маглі кантактаваць з заражаным, ізаляваныя», – паведаміў міністр Адам Нядзельскі.

Чалавек, у якога дыягнаставалі воспу малпаў, знаходзіцца ў шпіталі пад наглядам лекараў. Дагэтуль у Польшчы малпавую воспу падазравалі ў 10 выпадках, але падазрэнні не спраўдзіліся. Гэта першы афіцыйна пацверджаны выпадак. У якім горадзе ён зафіксаваны і ў якім шпіталі знаходзіцца пацыент, не паведамляецца.

Ці чакаць на новую пандэмію

Воспа малпаў – рэдкая вірусная хвароба, што перадаецца чалавеку ад жывёлінаў, найбольш імаверна – ад грызуноў і прыматаў. Сімптомы ў чалавека падобныя да сімптомаў, што раней былі ў пацыентаў з натуральнаю воспай, але менш сур’ёзныя. Інкубацыйны перыяд малпавай воспы можа вагацца ў дыяпазоне ад 5 да 21 дня. Для першых пяці дзён характэрныя ліхаманкавы стан, моцны галаўны боль, павелічэнне лімфатычных вузлоў, боль у спіне і цягліцах, моцная слабасць. Праз 1–3 дні пасля ліхаманкі з’яўляецца высыпка, часцей за ўсё на твары.

Найчасцей захворванне праходзіць у лёгкай форме і знікае само за 2–3 тыдні. Часам назіраецца і цяжкая форма са смяротнасцю ад 1 да 15%. Большасць выпадкаў смерці здараецца сярод дзяцей ранняга ўзросту.

Як падае Сусветная арганізацыя здароўя (WHO), зафіксавана ўжо больш за 1000 пацверджаных выпадкаў малпавай воспы ў 30 краінах, у якіх раней гэты вірус сябе не праяўляў, у тым ліку 700 – у Еўропе. Гэта ўдвая больш, чым два тыдні таму. Аднак WHO мяркуе, што сітуацыя не перарасце ў новую пандэмію.

Аналітыка
Гэта што яшчэ за зараза такая? У Еўропу прыйшла воспа малпаў: што гэта такое, і з чым яе лепш не есці
2022.05.25 14:56

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў