Сцяпана Латыпава змясцілі ў памяшканне камернага тыпу на пяць месяцаў


Палітычнага вязня Сцяпана Латыпава з плошчы Пераменаў змясцілі ў памяшканне камернага тыпу на цэлых пяць месяцаў, паведамляюць праваабаронцы.

Паводле сваякоў Сцяпана, за першыя два тыдні ў ПКТ ён атрымаў толькі два лісты.

Сцяпан Латыпаў раздае кветкі дзяўчатам, якія стаяць у ланцугу салідарнасці. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 года.
Фота: VS / Facebook

«У сваім лісце Сцяпан шкадуе, што правядзе лета ў камеры: ён не паспеў нарадавацца кветкам увесну. Прасіў пісаць часцей», – паведамляюць праваабаронцы.

Памяшканне камернага тыпу – распаўсюджаны метад ціску. Гэта такая спецыяльная камера, дзе вязні маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню за месяц, атрымліваць адну бандэроль цягам шасці месяцаў, мець штодзённы шпацыр на 30 хвілінаў і хадзіць на працу.

Сцяпана Латыпава асудзілі амаль год таму, 16 жніўня, да 8,5 года калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў. Ён адбывае тэрмін у калоніі «Воўчыя норы».

За пяць месяцаў у калоніі Латыпава змяшчалі ў ШІЗА агулам на 32 дні, 27 з каторых ён адбыў у лютым.

Праваабаронцы запусцілі падлік лістоў, каб Сцяпан ведаў, колькі людзей яму піша. Падтрымаць вязня можна, напісаўшы на адрас: ПК № 22, ст. Даманава, а/с 20, 225295, Івацэвічы, Берасцейская вобласць.

Артыкулы
Палітвязня Сцяпана Латыпава катуюць у калоніі. Ён правёў у ШІЗА 27 дзён
2022.04.20 10:49

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў