Культура скасавання ці натуральная рэакцыя? Як праз міжнародныя канфлікты забаранялі мастацкія творы


Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў рэгіёне ўзняўся ўзровень не толькі ваеннай напружанасці. У краіне паступова адмаўляюцца ад твораў расейскіх драматургаў і кампазітараў. Некаторыя называюць гэта праявамі папулярнай цяпер «культуры скасавання», іншыя кажуць, што гэта натуральная рэакцыя на тое, што творы носяць каланіяльны характар і іх выкананне прычыняе боль. Ці бывалі яшчэ прыклады ў гісторыі, калі праз варажнечу і канфлікт забаранялі тыя ці іншыя творы?

Рыхард Вагнэр.
Фота: wikipedia.org

Вагнэр і Ізраіль

Напэўна, адзін з самых вядомых прыкладаў – нямецкі кампазітар Рыхард Вагнэр. Ён увайшоў у гісторыю як буйны прадстаўнік нямецкага рамантызму ў ХІХ стагоддзя, антысеміт і ўлюбёны кампазітар Гітлера. Часта акурат пад музыку Вагнэра нацысты здзяйснялі масавыя злачынствы ў Аўшвіцы-Біркенаў, Майданэку і іншых лагерах смерці.

Сам кампазітар напісаў шэраг антысеміцкіх артыкулаў, у тым ліку «Габрэі ў музыцы», дзе красамоўна выказаў думку, што габрэйская творчасць выключна негатыўна ўплывае на сусветную музычную культуру. Безумоўна, пасля Другой сусветнай вайны творчасць Вагнэра сталася непрымальнай для габрэяў. Гэта адбылося яшчэ да аднаўлення габрэйскай дзяржаўнасці ў 1948 годзе.

Упершыню габрэі адмовіліся выконваць творы Вагнэра ў 1938 годзе – палестынскі сімфанічны аркестр прыняў рашэнне не выконваць твораў нацысцкага любімчыка і антысеміта. Пасля Галакосту перад габрэямі нават не стаяла пытанне адносна публічнага выканання «Палёту валькірыі», «Трыстана і Ізольды» ці «Нюрнбэргскіх майстэрзынгераў».

Hавiны
Украіна забараніла музыку і кнігі з Расеі, Малдова – навіны
2022.06.19 15:26

Пасля падзеяў Другой сусветнай прамінула 77 гадоў, аднак музыка Вагнэра так ні разу і не гучала ў канцэртных залах Ізраілю. У канцы ХХ стагоддзя некаторыя дырыжоры нацыянальнай філармоніі рабілі спробы аддзяліць творы ад творцы, аднак гэта выклікала бурную крытыку. Праўда, на габрэйскім радыё ў мінулым дзесяцігоддзі некалькі разоў гучалі фрагменты твораў Вагнэра.

Кажуць, што для таго каб нацыянальныя траўмы загаіліся, мусіць прайсці адно пакаленне, аднак прыклад трагічных падзеяў Галакосту і нават публічнага пакаяння немцаў сведчыць, што нацыянальная памяць можа даўжэй захоўваць сляды траўмаў. Пакуль невядома, ці зменіцца стаўленне да творчасці Вагнэра ў Ізраілі ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі.

Пэтар ІІ Пэтравіч-Негаш.
Фота: wikipedia.org

Міжнародныя дачыненні балканскіх краінаў дагэтуль больш нагадваюць парахавую бочку, чымся добрасуседскія адносіны. Заблытаная гісторыя ды шматлікія войны і этнічныя чысткі ўсё яшчэ моцна рэзануюць у рэгіёне.

У нашых шыротах імя Пэтара ІІ Пэтравіча-Негаша застаецца малавядомым. Тым болей, што паэма дзяржаўнага дзеяча Сербіі і Чарнагорыі забароненая для вывучэння ў школах Босніі, якая некалі ўваходзіла ў склад аб’яднанай Югаславіі.

Пэтравіч-Негаш быў уладыкам Чарнагорыі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Палітычны дзеяч выявіўся схільным да паэзіі і філасофіі ды пакінуў пасля сябе багатую спадчыну. На гады ягонага панавання прыпала знакамітая бітва ля Падгорыцы, у якой чарнагорскія войскі імкнуліся перамагчы плямёны баснійскіх і албанскіх мусульманаў. Фактычна ўся дзяржаўная дзейнасць Пэтара ІІ была засяроджаная на барацьбе з баснійцамі і албанцамі, а таксама плямёнамі чарнагорцаў, якія мелі сувязі з Атаманскай імперыяй. Вядома ж, ён быў вялікім хаўруснікам Расейскай імперыі.

У 1847 годзе Пэтравіч-Негаш апублікаваў у Вене паэму «Горны вянец» на сербскай мове. Твор быў прысвечаны маляўнічаму апісанню побыту і геаграфіі Сербіі, Чарнагорыі і Босніі на фоне фізічнага вынішчэння ў пачатку ХVIII ст. баснійцаў, сербаў ды албанцаў, якія прынялі іслам.

У Босніі твор быў забаронены толькі пасля здабыцця незалежнасці на пачатку 90-х. Былы іспанскі міністр замежных справаў Карлас Вэстэндорп заклікаў да забароны твору і творчасці чарнагорскага дзяржаўнага дзеяча праз прыкметы нацыянальнай варажнечы ў дачыненні баснійскага народу.

Чарлз Дыкенз.
Фота: wikipedia.org

Нацысты і англійская літаратура

Яшчэ адным адметным прыкладам забароны замежнай літаратуры з прычыны даўняй варажнечы служыць стаўленне нацыстаў да англійскіх пісьменнікаў.

Амаль адразу пасля прыходу да ўлады Адольфа Гітлера ў Нямеччыне трапілі ў няміласць кнігі Гэрбэрта Ўэлза, Ўолтэра Скота, Чарлза Дыкенза і шматлікіх іншых. Цікава, што брытанцаў зненавідзелі не толькі паводле нацыянальнай прыкметы і болю ад вынікаў Першай сусветнай вайны. Прычынаю сталася добрае стаўленне да габрэяў у гэтых кнігах.

Такім чынам пад асаблівую забарону трапілі «Айвэнга» Скота і «Олівэр Тўіст» Дыкенза.

Першы быў вінаваты ў тым, што недаацэньваў моц нямецкіх рыцараў і ўсхваляў дабрачыннасць габрэяў-гандляроў у Сярэднявеччы, якіх нацысты несумненна дэманізавалі. У творах Дыкенза нацысты таксама заўважылі непрыхаваную любоў да габрэяў і сіротаў.

Пытанне забароны было знятае фактычна адразу пасля заканчэння Другой сусветнай. Аднак яшчэ пэўны час у нямецкім грамадстве заставалася насцярожанае стаўленне да англійскай мастацкай літаратуры. Выглядала, што праблемы з англійскімі аўтарамі былі даволі штучнымі, хаця напружанне паміж Брытаніяй і Нямеччынай цягнулася не адно стагоддзе нават да падзеяў Першай і Другой сусветных войнаў.

Hавiны
Нацыянальная опера Украіны аднавіла працу пасля перапынку
2022.05.22 23:27

Дагэтуль невядома, якім чынам ва Украіне будзе развівацца стаўленне да расейскіх твораў мастацтва. Невядома, калі і якім чынам скончыцца вайна. Адпаведна невядома, ці загоіцца рана, нанесеная ўварваннем 24 лютага і падзеямі 2014-га.

Гісторыя падказвае, што некаторыя траўмы могуць прайсці за жыццё аднаго пакалення, а некаторыя могуць цягнуцца праз стагоддзі.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў