Куды паехаць адпачыць? Асноўныя маршруты ў беларусаў гэтым летам


Гэтым летам свет адкрыўся для турыстаў пасля працяглых каронавірусных абмежаванняў. Але не для беларусаў. Дзеянні ўладаў прывялі да таго, што ў нашую краіну амаль не лятаюць самалёты, а грамадзянам цяжка атрымаць візы. Кошт адпачынку вырас, выбар краінаў, у якія можна паехаць, паменшыўся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Паляцець з краіны ў адпачынак усё ж можна, пераплаціўшы і правёўшы ў палёце ўдвая болей часу, чымся гэта было раней. Расказваем, якія цяпер напрамкі для адпачынку папулярныя ў беларусаў, колькі гэта каштуе і якія ёсць асаблівасці.

Турцыя

Турцыя – адзін з самых папулярных напрамкаў для адпачынку і самы наведвальны ў беларускіх турыстаў. У гэтую краіну не патрэбная віза, да яе не так складана дабрацца з Менску, а ў час эпідэміі Турцыя прымала турыстаў без тэстаў і каранціну.

Сезон у Турцыі доўжыцца з красавіка да кастрычніка, на моры можна адпачываць усё лета. Можна абраць міжземнаморскае ўзбярэжжа – Анталья, Аланья, Сідэ, Кемэр, або Эгейскае ўзбярэжжа – Бадрум, Кушадасы, Мармарыс, Фэтхіе, Даламан, дзе будзе не так горача, а мора там халаднейшае на некалькі градусаў. Самыя спякотныя месяцы ў Турцыі – ліпень і жнівень.

Трэба адзначыць, што час палёту ў Турцыю з Менску павялічыўся ў два разы праз аблёт тэрыторыяў. Калі раней шлях наўпрост займаў менш за тры гадзіны, то цяпер выходзіць гэта каля шасці. Да таго ж ёсць верагоднасць трапіць на рэйс з перасядкай у Стамбуле, што выльецца ў дадатковыя гадзіны. Што павялічвае і кошт квіткоў на самалёт. Так, напрыклад, квіткі ад «Белавіі» ў Анталью на пачатак жніўня каштуюць 400–700 еўраў на аднаго чалавека ў адзін бок. Прычым квіткоў эканом-класу практычна не засталося. Да таго ж квіткі прапаноўваюцца з перасядкай у Стамбуле, а ўсяго рэйс займае ад 9 да 14 гадзінаў.

Скрыншот: belavia.by

Самалёт Менск – Стамбул каштуе 330 еўраў у адзін бок на аднаго чалавека.

Турфірмы прапануюць гатовыя туры ў Турцыю з вылетам з Менску, аднак кошты на іх у параўнанні з мінулым годам моцна падняліся. Напрыклад, у пачатку жніўня туры на дваіх у Антальі на дзесяць начэй стартуюць ад 1500 еўраў за трохзоркавы гатэль і вышэй.

«Цяпер цэннік у Турцыю стаў вельмі дарагі. Калі летась тур у добры гатэль на 10 дзён на дваіх каштаваў 2100 еўраў, то цяпер выходзіць больш за 3500 еўраў. Магчыма гэта праз інфляцыю ў краіне. Плюс варта ўлічваць даплаты, якія ўвялі за аблёт тэрыторыяў», – кажа работніца менскага турыстычнага агенцтва.

Аднак адпачынак у Турцыі з Менску папулярны не толькі ў беларусаў. Пасля пачатку вайны ва Украіне некаторыя авіякампаніі на час прыпынілі палёты ў Расею праз аперацыйныя рызыкі, звязаных са страхаваннем і лізінгам. Частка тураў ад беларускіх тураператараў у Турцыю была выкупленая расяянамі, расказвае работніца агенцтва.

Егіпет

Адпачынак у Егіпце таксама карыстаецца папулярнасцю сярод беларусаў. Улетку там вельмі горача, але суха. Паветра ўдзень у ліпені – жніўні награваецца да 32 да 35 градусаў цяпла. Два асноўныя турыстычныя напрамкі ў Егіпце – Шарм-эш-Шэйх і Хургада.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Егіпет. Крыніца: turvopros.com

Егіпецкая віза на тэрмін 30 дзён афармляецца ў аэрапорце па прылёце. Таксама для адпачынку ў Егіпце трэба зрабіць адзін тэст за 72 гадзіны да заезду, даведка з адмоўным вынікам павінна быць па-англійску і з QR-кодам. Аднак вакцынаваныя і дзеці да 12 гадоў ад тэсту вызваленыя.

Пералёт з Менску ў Егіпет з усімі аблётамі цяпер складае да 10 гадзінаў замест 4-5 гадзін. Прычым самалёт з турыстамі ляціць праз Казахстан, дзе дазапраўляецца ў Актаў.

«У Егіпет з Менску ляцяць з перасядкай у Казахстане, там дазапраўляюць самалёт, і палёт праз гэта атрымліваецца каля 10-11 гадзінаў. А раней было 4-5 гадзінаў. Калі самалёт прыбывае дазапраўляцца, з яго ніхто не выходзіць, ніхто не мае права нават устаць з фатэляў праз бяспеку. І гэтая запраўка можа быць гадзіну, паўтары, дзве. З дзецьмі гэта вельмі складана», – зазначае работніца фірмы.

Цэны на адпачынак у Егіпце практычна такія ж, як і на адпачынак у Турцыі: самалёт будзе каштаваць даражэй праз большую адлегласць, а вось гатэлі таннейшыя. У сярэднім кошт туру на пачатку жніўня ў Хугардзе на 10 начэй на дваіх складае 1500–2000 еўраў.

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты

Трэцяе паводле папулярнасці месца для адпачынку ў беларусаў – Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Улетку ў ААЭ вельмі горача і душна, сярэдняя тэмпература паветра ўдзень складае 40 градусаў цяпла, але можа даходзіць і да 45, таму для адпачынку лепш дачакацца восені. Аднак апошнім часам у шмат якіх установах і грамадскім транспарце ўстанавілі кандыцыянеры, спякоту можна знесці. Да таго ж у Арабскіх Эміратах добры шопінг і сэрвіс.

Беларускім турыстам віза не патрэбная, а быць у краіне магчыма да 90 дзён.

Калі вы не прышчэпленыя, за 48 гадзінаў да прылёту трэба здаць ПЛР-тэст на каронавірус (дзеці да 12 гадоў тэсту не здаюць). Па прылёце ў аэрапорт могуць выбарачна папрасіць бясплатна здаць тэст.

Кошт туру ў ААЭ ніжэйшы, чымся ў Турцыі ды Егіпце. Тур у пачатку жніўня на 10 начэй на дваіх можна знайсці за 1000 еўраў і вышэй.

Так, напрыклад, рэйс Менск – Дубаі каштуе 300 еўраў, палёт займае больш за 6 гадзінаў.

Скрыншот: belavia.by

Грузія

Грузія за апошнія некалькі гадоў таксама спадабалася беларусам для адпачынку, а для некаторых сталася новым домам – там цяпер вялікая беларуская дыяспара, якая ўтварылася пасля беларускіх пратэстаў у 2020 годзе. Аднак трэба ўлічваць, што спачатку вайны ва Украіне стаўленне да беларусаў і расейцаў пагоршылася, а цэны праз хвалю новых эмігрантаў павялічыліся.

Адна з галоўных пераваг Грузіі – тое, што ў Беларусі з краінай ёсць беспасярэднія авіязлучэнні: «Белавія» лётае ў Батумі, Кутаісі і Тбілісі. Аднак квіткі на гэтыя напрамкі знікаюць даволі хутка. Кошты на квіток Менск – Батумі ў адзін бок вар’ююцца ад 250 да 350 еўраў, палёт займае 4,5 гадзіны.

Агенцтвы прапаноўваюць туры ў Батумі, пачынаючы ад 1300 еўраў. Гэта кошт за дзвюх асобаў на пачатак жніўня за 10 начэй. У Тбілісі туры каштуюць прыкладна столькі ж.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Белсат

Іспанія і краіны Еўропы

Іспанія некалькі гадоў запар заставалася запатрабаваным варыянтам адпачынку ў беларусаў. Аднак праз складанасць атрымання шэнгенскай візы ў 2022 годзе такі варыянт могуць дазволіць не ўсе.

Аналітыка
Куды турыстам ісці па візу? Падсумавалі магчымасці атрымання шэнгену катэгорыі С
2022.06.09 12:50

Найчасцей пасля зняцця абмежаванняў на выезд з Беларусі тыя, хто ўжо мае візу, самастойна прыязджаюць у Польшчу ці Літву і ўжо адтуль едуць на еўрапейскія курорты. Таксама ў 2022 годзе актывізаваліся аўтобусныя падарожжы па Еўропе, у тым ліку з адпачынкам на моры. У гэтым выпадку турфірма дапамагае аформіць візу. Сярэдні кошт такога туру – каля 500 еўраў за чалавека.

Артыкулы
Беларусы не змогуць атрымаць візаў у Чэхію? Не зусім і не ўсе (тлумачым на пальцах)
2022.06.08 11:30

Таксама некаторыя беларусы, нават пасля пачатку вайны ва Украіне разглядаюць варыянт адпачыць у Расеі. Асноўныя напрамкі – Крым, да якога з Менску аўтобусам ехаць каля 36 гадзінаў, і Лазараўскае ў Сочы, дзеліцца работніца турыстычнага агенцтва. Аднак нагадаем, што заезд у Крым праз тэрыторыю Расеі вядзе да таго, што Украіна можа забараніць заезд на сваю тэрыторыю на некалькі гадоў, бо гэта парушэнне ўкраінскага заканадаўства.

Калі хочацца заашчадзіць ці не праводзіць у пералётах цэлы дзень, можна заўсёды адпачыць у Беларусі, напрыклад, пазнаёміцца з беларускім агратурызмам, які актыўна пачаў развівацца з пачаткам эпідэміі, ці правесці выходныя на азёрах.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў