«Даўно рыхтаваў нас да такога выраку». Жонка журналіста Андрэя Кузнечыка сустрэлася з мужам пасля прысуду


Жонка палітзняволенага журналіста Андрэя Кузнечыка, якому 8 чэрвеня прысудзілі 6 гадоў калоніі за стварэнне экстрэмісцкага фармавання, сустрэлася з мужам на спатканні пасля прысуду. Жанчына распавяла пра сустрэчу «Радыё Свабода».

Журналіст-фралансер Андрэй Кузнечык.
Фота: svaboda.org

Спатканне прайшло ў магілёўскай турме. Як распавяла жонка асуджанага журналіста Алеся, Андрэй Кузнечык так ацаніў крымінальную справу і судовы працэс над ім: тыя, хто «даследаваў» ягоную справу і хто судзіў, «можа, і не самыя дрэнныя людзі, якія маглі яму трапіцца ў цяперашніх абставінах, бо адчувалася, што «працу» сваю яны робяць без вялікай ахвоты, – але гэта не значыць, што ён павінен іх любіць – выбар свой яны зрабілі».

Пра прысуд Андрэй Кузнечык сказаў, што не прызнае сваёй віны, бо «не разумее, што яму прызнаваць».

«Кіраўніцтва «экстрэмісцкім фармаваннем» ён не можа прызнаць, бо спіс «кіраўнікоў» не сакрэт, ён размешчаны нават на сайце «Свабоды». А пра арганізацыю – увогуле смешна», – кажа Алеся.

Абскардзіць прысуд на наступным тыдні

Па словах жонкі палітвязня, Андрэй будзе абскарджваць прысуд, на наступным тыдні да яго паедзе адвакат. Алеся кажа, што вялікі тэрмін пакарання не стаў для яго нечаканасцю: «Андрэй даўно маральна рыхтаваў нас да прыкладна такога выраку, пры гэтым казаў, што наўрад ці давядзецца яго адбываць цалкам», – адзначае Алеся.

«Я як жонка свайго мужа, з якім у мяне ёсць нейкая нават метафізічная сувязь, і за гэты час нават назбіралася гэтаму дастаткова пісьмовых доказаў, адчуваю сваю задачу трымаць эмацыйную раўнавагу, напаўняць наша агульнае псіхаэмацыйнае поле станоўчымі эмоцыямі», – кажа жонка палітвязня.

Андрэй Кузнечык і ягоная жонка Алеся Рак.
Фота: асабісты архіў Алесі Рак

У Алесі з Андрэем двое дзетак – васьмігадовая Яніна і двухгадовы Мацвей – якія, паводле Алесі, цяпер «не даюць ні часу, ні магчымасці занурацца ў нейкія сумныя думкі».

«Сонца ёсць і птушак чуваць»

Па словах жонкі, Андрэй рыхтуецца зараз да калоніі. Пачуваецца для сваёй сітуацыі нядрэнна. Паводле яго расповедаў, у Магілёве камеры і двары большыя, «сонца ёсць і птушак чуваць».

«Выглядае Андрэй нармальна, і ўвогуле як і не было гэтага паўгадавога расстання па адчуваннях. Вельмі непасрэдна пагаварылі, як раней», – расказала жонка палітзняволенага журналіста Андрэя Кузнечыка.

Андрэй Кузнечык супрацоўнічаў у якасці фрылансера з радыё «Свабода». Яго затрымалі 25 лістапада 2021 году, у кватэры ўчынілі ператрус, забраўшы тэхніку ды іншыя рэчы. Першапачаткова журналіста арыштавалі на 10 содняў, потым далі яшчэ 10. Пазней у дачыненні Кузнечыка распачалі крымінальную справу за стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім (ч. 1 арт. 361-1 КК). Андрэй Кузнечык быў прызнаны палітвязнем. 8 чэрвеня Магілёўскі абласны суд прызнаў яго вінаватым і асудзіў на 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Артыкулы
Прынцыпова не хацеў з’язджаць. Палітзняволенага журналіста Кузнечыка судзяць за «экстрэмісцкае фармаванне»
2022.06.08 08:00

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў