«Калі ў вас няма палітычных амбіцыяў – падпісвайце і выходзьце». Што былыя палітвязні раяць пра памілаванне тым, хто зараз за кратамі


Усё больш навінаў прыходзяць з калоніяў і СІЗА пра тое, што палітвязням прапануюць напісаць прашэнні пра памілаванне. Абяцаюць выхад на волю паводле амністыі з нагоды афіцыйнага дня Незалежнасці 3 ліпеня. Мы прасачылі, што на гэты конт кажуць былыя палітвязні.

«На волі дагайдаеце»

Павал Вінаградаў. Менск, Беларусь. 12 траўня 2021.
Фота: Белсат

Былы актывіст «Гавары праўду» Павел Вінаградаў быў затрыманы пасля Плошчы 2010 года і асуджаны ў траўні 2011 года на 4 гады зняволення. Але ўжо 14 верасня ён выйшаў на волю паводле загаду пра памілаванне. Вось што піша ён у Facebook адносна просьбаў пра памілаванне, хоць сам такое прашэнне і не падпісваў:

«Мая пазіцыя не змянілася за дзесяць гадоў. Калі ў вас няма палітычных амбіцыяў і ваша мэта гайдаць крывавы рэжым – падпісвайце і выходзьце. Усё норм. На волі дагайдаеце.

А калі вы плануеце застацца палітычным лідарам, то падпісваць не варта. Па-чалавечы ўсе вас зразумеюць і зло захаваюць толькі злюкі. Але вось застацца лідарам больш не атрымаецца».

Hавiны
Палітвязням прапануюць напісаць ліст пакаяння ў абмен на вызваленне
2021.06.05 16:19

Важна разлічваць сілы

Гісторыка і ўдзельніка каманды Андрэя Саннікава Змітра Дразда таксама затрымалі пасля снежаньскіх пратэстаў 2010 года і таксама асудзілі ў траўні 2011 года. Але на волю ён выйшаў ужо 11 жніўня замест трох галоў зняволення. Актывіст быў сярод тых, хто прашэнне пра памілаванне падпісаў. Але, кажа Зміцер Дрозд, ён «не надаваў гэтай паперы ніякага значэння».

«Ёсць рэчы прынцыповыя: папера аб супрацы – бо табе прыйдзецца здаваць таварышаў і гэта сапраўды пляма. Але нават у сталінскія часы былі людзі, якіх пад пагрозамі і прымусам прымусілі падпісваць такую паперу, але яны потым цалкам ігнаравалі свае абавязкі і раскрываліся перад таварышамі – і тады гэтая папера губляла ўсякі сэнс. Што называлася на чэкісцкай мове «двурушніцтва». І ў такіх «агентах» адпадаў сэнс», – заявіў Дрозд у Facebook.

Зміцер Дрозд.
Фота: Зьміцер Дрозд / Facebook

Для яго прынцыповыя «допыты, паказанні ў судзе – калі ты можаш сваім словам камусьці нашкодзіць».

«А гэтая папера – я нават не разумею, чаму хтосьці робіць з яе нейкую трагедыю. Напэўна, для палітыкаў гэта нешта важнае. Але я ў прэзідэнты не збіраюцца і цяпер не збіраюся.

Напэўна, калі б пры напісанні паперы на памілаванні ставілі б нейкія ўмовы: раскаянне, прызнанне віны, ад’езд з краіны, сыход з «палітыкі» (хоць я ёй і так не займаюся) ці яшчэ штосьці, то я б падумаў. Але не трэба з гэтага рабіць нешта сурʼёзнае – ёсць шанец выйсці з канцлагера без сурʼёзных саступак – неразумна не скарыстацца гэтай магчымасцю. Няма закона, няма следства, няма суду, няма памілавання. Як пры судзе яны парушалі працэдуры, так і пры памілаванні», – падкрэсліў былы палітвязень.

Hавiны
Вязням у СІЗА прапаноўвалі напісаць просьбу пра памілаванне. Чырвоны Крыж зняпраўдзіў свой удзел
2021.06.09 11:58

На яго думку, прымаючы рашэнне пісаць ці не просьбу пра памілаванне, варта «каб кожны дакладна разлічыў свае сілы і менш за ўсё думаў, што ён ім нехта скажа на волі». Агулам, дадаў ён, «на зоне няма нічога добрага, гэта проста тупая трата часу, здароўя, а то і жыцця ў самай абрыдлівай кампаніі, ва ўмовах калі любы 18-гадовы наглядчык мае над табой уладу».

Пры гэтым Зміцер Дрозд прызнае, што «калі яны паставілі такую задачу – то выпусцяць і без прашэння аб памілаванні. Можна рызыкнуць».

Рэцэпту няма

Кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага асудзілі 24 кастрычніка 2011 году нібыта за няплату падаткаў. Яму далі 4,5 гады ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Былы палітвязень прызнае, што яму таксама прапаноўвалі пісаць прашэнне пра памілаванне.

«Я ўвесь час адмаўляўся, для мяне гэта было прынцыпова, бо я быў перакананы, што асуджаны несправядліва. А любая просьба аб памілаванні – гэтым самым ты прызнаеш сваю віну, што ты зрабіў «злачынства», – кажа ён у інтэрв’ю радыё «Свабода».

Нягледзячы на адсутнасць прашэння аб памілаванні, Алеся Бяляцкага вызвалі па амністыі ў чэрвені 2014 году.

Алесь Бяляцкі. Скрыншот

«Гэта маральна-палітычны выбар, кожны палітзняволены павінен вырашаць гэта сам. Тут комплекс рэчаў, які чалавек мусіць улічваць – стан здароўя, ці хопіць у цябе сілаў, ці падтрымліваюць цябе сябры і знаёмыя», – падкрэсліў былы палітвязень.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» пры гэтым дадаў, што «рэцэпту» ў яго ў пытанні напісання прашэння няма.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў