БелАЭС запусцілі, а куды дзяваць электрычнасць, яшчэ не вырашылі


З 10 чэрвеня афіцыйна першы энергаблок прынялі ў эксплуатацыю. Раней планавалі, што акт прыняцця блоку БелАЭС чыноўнікі з удзелам Лукашэнкі падпішуць 3 чэрвеня. Але ў гэты дзень адбылася нарада, на якой Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі неабходна пабудаваць яшчэ адну атамную электрастанцыю. Аднак перад уладамі цяпер праблема ў тым, што выпрацаваную электрычнасць з першага блоку БелАЭС дзяваць няма куды.

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі раён, Беларусь.
Фота: ВК / Белсат

Прыёмная камісія пад кіраўніцтвам намесніка прэм’ер-міністра Юрыя Назарава падпісала акты прыёму ў эксплуатацыю пускавога комплексу першага энергаблоку Беларускай АЭС. Ліцэнзію на эксплуатацыю першы блок атрымаў яшчэ 2 чэрвеня. Паміж Беларуссю і Расеяй існуюць дамовы, паводле якіх вызначана, калі павінна быць запушчаная ў эксплуатацыю Беларуская атамная электрастанцыя. Яшчэ падчас сустрэчы ў Сочы ў траўні сёлета Уладзімір Пуцін заявіў, што ў чэрвені электрастанцыя распачне сваю працу. Беларускі бок павінен выконваць гэтыя дамовы, бо з імі звязаныя ўмовы крэдыту.

«Акт прыняцця энергаблоку на АЭС падпісаны, але электрастанцыя ўжо працуе з лістапада і выпрацавала за гэты час каля 3 мільярдаў кілават-гадзінаў электраэнергіі. А вось што рабіць з ёю, калі першы блок запрацуе на 100 % і будзе выпрацоўваць каля 7 мільярдаў кілават-гадзінаў электрычнасці за год – зусім іншае пытанне», – адзначае Таццяна Манёнак, эканамічная аглядальніца.

Рэпартаж
«На гэтым тыдні адбудзецца канчатковы запуск станцыі». Як цяпер выглядае АЭС і Астравец
2021.04.26 12:21

Экспертка таксама заўважае: яшчэ калі пачалі будаваць АЭС у Астраўцы, галоўным чынам меркавалі, што электраэнергія пойдзе на экспарт у Еўропу. Але пазней, калі пачалі ўзнікаць пытанні да празрыстасці будаўніцтва і адпаведнасці міжнародным дамоўленасцям, Літва заявіла, што будзе блакаваць электраэнергію з Беларусі. Але ў сувязі з тым, што літоўская і беларуская электрасістэмы звязаныя ў сістэме БРЭЛЛ (энергасістэмы Літвы, Латвіі ды Эстоніі яшчэ з савецкага часу працуюць у сінхронным рэжыме з Расеяй і Беларуссю), то пранікаць беларуская электрычнасць у Еўропу можа.

Іншая рэч, што афіцыйная беларуская статыстыка не паказвае, колькі сёлета экспартавалі электрычнасці ў Літву. У гэтым годзе быў экспарт толькі ва Украіну. Зімою Кіеў атрымаў каля 0,5 мільярда кілават-гадзінаў электраэнергіі. Але цяпер і гэты рынак Беларусь страціла. У сувязі з гэтым улады краіны распрацоўваюць праграмныя дакументы, скіраваныя на стымуляванне ўнутранага попыту на электраэнергію.

«Летась наагул росту попыту на ўнутраным рынку не было, сёлета ёсць пэўны рост, але звязана гэта з тым, што была больш халодная зіма, таксама некаторае ажыўленне эканомікі адбылося. Тым не менш праглынуць гэты аб’ём электраэнергіі беларускай эканоміцы будзе вельмі складана. У любым выпадку рост спажывання ўнутры краіны не зможа скарыстаць дадатковай электраэнергіі ў самой Беларусі», – кажа Таццяна Манёнак.

Аб’ектыў
Маўчанне забівае: што агульнага ў Чарнобыльскай і Беларускай АЭС
2021.04.26 22:39

Электрычнасць таннаю не будзе

Цяпер беларусы спажываюць за год каля 38 мільярдаў кілават-гадзінаў. Плануецца, што праз пяць гадоў попыт вырасце да 44 мільярдаў. Нашая краіна цалкам сябе забяспечвае электраэнергіяй і адмовілася ад імпартавання. Пасля поўнага ўвядзення двух энергаблокаў БелАЭС здолее вырабляць яшчэ дадаткова каля 18,5 мільярда кілават-гадзінаў за год. І тут паўстае яшчэ адна праблема. Не толькі слаба расце ўнутраны попыт, але і беларускія электрасеткі маюць недастатковую прапускную здольнасць, каб выкарыстоўваць электрычнасць з БелАЭС.

Першы намеснік гендырэктара «Белэнерга» Уладзімір Баброў заявіў, што для гэтага неабходна рэканструяваць каля 2,7 тысячы кіламетраў электрасетак. На гэтыя патрэбы неабходна каля 1,5 мільярда рублёў. Урад пастанавіў, што рэканструкцыя адбудзецца да 2025 года і весці яе будуць энергетычныя кампаніі фактычна за свой кошт, з бюджэту на гэтыя мэты вылучаць каля 0,5 мільярда рублёў.

У выніку электрычнасць для карыстальнікаў не будзе танная. Паколькі да выдаткаў на рэканструяванне электрасетак дадаюцца выплаты за крэдыт за самую АЭС, Расея вылучыла Беларусі на гэтыя мэты 10 мільярдаў долараў. Выплочваць запазычанасць нашая краіна пачне з 1 красавіка 2023 года. Але ў сувязі з кааперацыяй з Расеяй магчыма, што бакі будуць шукаць шляхі, каб беларуская электрычнасць паступала ў Еўропу праз Расею.

«Магчыма, нейкая расейская кампанія зможа пастаўляць электраэнергію з Беларусі на Захад. Расея экспартуе ў Еўропу, і даволі значныя аб’ёмы. Таму бакі, магчыма, тут будуць шукаць нейкія шляхі для супрацы. Раней расейскія кампаніі заяўлялі, што змогуць Беларусі дапамагчы ў пастаўках электраэнергіі ў Еўропу. Але, магчыма, гэтыя пытанні будуць вырашацца ў кулуарах», – кажа Таццяна Манёнак.

Hавiны
Майніць будуць сябры Лукашэнкі: эканамісты каментуюць ідэю здабываць біткойны з БелАЭС
2021.01.13 11:07

Недавер да АЭС

Не толькі на Захадзе, але і ў Беларусі расце колькасць праціўнікаў атамнай энергетыкі. Раней Лукашэнка заяўляў, што ў нашай краіне варта пабудаваць яшчэ адну АЭС. Але падчас будоўлі ў Астраўцы ды фізічнага пуску першага энергаблоку яго некалькі разоў адключалі.

Першапачаткова пра адключэнні паведамлялі тэлеграм-каналы. Гэтак, 13 студзеня першы энергаблок увялі на 100 % магутнасці. Але ўжо 16 студзеня «пасля спрацавання сістэмы абароны генератара» энергаблок адключылі ад сеткі. Выправіць памылкі ўдалося толькі 21 студзеня. 5 лютага тэлеграм-каналы паведамілі пра надзвычайнае здарэнне, звязанае з праблемамі працы цыркуляцыйнай помпы, нібыта Мінэнерга вырашыла не адключаць энергаблоку, але пазней ведамства зняпраўдзіла гэтую інфармацыю. 19 лютага міністэрства паведаміла пра планавае адключэнне, наступнае таксама «планавае» адключэнне адбылося 9 сакавіка. 15 сакавіка энергаблок падключылі, але 25-га зноў адключылі. 7 красавіка адбылося чарговае адключэнне энергаблоку, 30 красавіка Міністэрства энергіі паведаміла пра адключэнне энергаблоку ад сеткі.

Аналітыка
«Невядома дзе і невядома што»: галоўныя пытанні пра ядравы магільнік БелАЭС
2021.04.20 08:30

СК belsat.eu

Стужка навінаў