Вынікі пошуку для:

Адвакат Бабарыкі: Удалося далучыць да справы выключна важныя новыя доказы

Адвакат Дзмітрый Лаеўскі. Другі дзень працэсу ў справе Віктара Бабарыкі і работнікаў «Белгазпрамбанку». Фота: Белсат

Адвакат Дзмітрый Лаеўскі ў Facebook распавёў, што адбываецца са справаю банкіра і палітычнага вязня перад спрэчкамі ў судзе.

Лаеўскі адзначыў, што 9 чэрвеня 2021 года скончылася стадыя судовага следства ў крымінальнай справе супраць топ-менеджараў «Белгазпрамбанку» і яго экс-старшыні Віктара Бабарыкі. Абвешчаны перапынак для рыхтавання бакоў да выступу ў судовых спрэчках, прызначаных на 21 чэрвеня.

Дзмітрый Лаеўскі адзначыў тры галоўныя моманты:

«Суд адмовіўся далучыць да справы матэрыялы, якія даказваюць агучаныя Віктарам Бабарыкам довады пра тое, што крымінальны пераслед у дачыненні яго не меў мэты раскрыць рэальнае злачынства, а быў накіраваны на перашкоду выражэння палітычнага меркавання і ўдзелу ў выбарах прэзідэнта».

На паседжанні 6 красавіка пра гэта казаў і сам Віктар Бабарыка. Паводле яго, пачатак і поспехі ягонай выбарчай кампаніі ў часе супадаюць з рэакцыяй службовых асобаў і праваахоўных органаў, што прывяла да завядзення крымінальнай справы і ўзяцця яго пад варту. «Але доказы гэтых фактаў суд у справе бачыць не захацеў.

Хоць ёсць прамая норма, якая абавязвае суд далучаць да справы матэрыялы, сабраныя абаронаю. Тым не менш вытрымкі з адхіленых судом матэрыялаў і спасылкі на крыніцы іх размяшчэння мы прывялі ў пісьмовым хадайніцтве, якое ў справу ўсё ж такі трапіла», – падкрэсліў адвакат.

Акрамя адмовы далучаць доказы да справы, суд таксама адмовіўся выклікаць на пасяджэнне двух грамадзянаў Латвіі. Яны неаднаразова згадваюцца ў абвінавачанні як асобы, праз якіх нібыта Віктар Бабарыка здзяйсняў дзеянні, у якіх яго вінавацяць.

«У хадзе папярэдняга следства гэтыя грамадзяне дапытаныя не былі. Іхных паказанняў у справе няма. Раней адмова выклікаць іх матывавалася тым, што нібыта адсутнічаюць звесткі пра іхныя адрасы, а таксама што нібыта рабіліся захады для іхнага допыту шляхам накіравання просьбы пра міжнародна-прававую дапамогу. Цяпер мы ўжо трэці раз хадайнічалі пра выклік гэтых людзей: мы знайшлі ў нетрах 122 тамоў справы пашпартавыя звесткі і адрасы гэтых грамадзянаў, а таксама прывялі норму міжнароднай дамовы пра магчымасць выкліку іх беспасярэдне судом.

І галоўнае – мы паказалі, што просьбы пра міжнародную дапамогу накіроўваліся наагул не ў гэтай справе, што гэтыя просьбы накіроўваліся не судом і што ў іх пытанне пра выклік грамадзянаў у суд або пра ўручэнне ім позвы нават не ставілася. Але выклікаць іх суд адмовіўся.

Добра, што закон дазваляе нам у гэтай сітуацыі заявіць пра недаказанасці абставінаў, указаных у абвінавачанні ў сувязі з імёнамі гэтых грамадзянаў», – адзначыў Лаеўскі.

Але, паводле паведамлення адваката, ёсць і пазітыўныя звесткі:

«Удалося далучыць да справы выключна важныя новыя доказы, сабраныя намі за межамі Беларусі. Гэтыя дакументы зняпраўджваюць ключавыя довады абвінавачвання… Мы паказалі, што заснавальнікам латышскай кампаніі ды чальцамі органаў яе кіравання былі суб’екты, не проста ніяк не звязаныя з Віктарам Бабарыкам, але нават ні разу не згаданыя нікім у гэтым крымінальным працэсе. І паказалі, што дывідэнды, якія паступаюць у латышскую кампанію, ніякага дачынення да Віктара Бабарыкі не мелі.

Але гэта зусім не ўсе, ёсць яшчэ шэраг годных увагі фактаў на карысць невінаватасці».

Спрэчкі ў «справе «Белгазпрамбанку» пачнуцца 21 чэрвеня ў 10:00. Спачатку выступяць з прамовамі пракуроры, потым – адвакаты.

МГМ, belsat.eu

Hавiны