Нягледзячы на ўмацаванне курсу беларускага рубля, інфляцыя ў краіне не спыняецца


Гадавая інфляцыя ў Беларусі па выніках красавіка 2022 стала рэкорднай за апошнія некалькі гадоў. Паводле падлікаў Белстату, рост коштаў за год на красавік дасягнула 16,8 %. З пачатку расейскага ўварвання ва Украіну курс беларускага рубля абваліўся. Але ў наступныя месяцы рубель умацаваўся і цяпер курс вярнуўся да ўзроўню пачатку года. Вось толькі кошты ў крамах не сталі змяншацца, але наадварот, надалей растуць. «Белсат» прааналізаваў сітуацыю з эканамістамі, якія перакананыя, што насамрэч паказнікі інфляцыі і дэвальвацыі могуць быць надалей рэкорднымі.

Прадукты харчавання ў Беларусі. 26 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Улады Беларусі запланавалі на бягучы год рост коштаў не больш за 6 %. Але па выніках першых чатырох месяцаў інфляцыя ў нашай краіне дасягнула 16,8 %.

Значныя зрушэнні ў лютым-сакавіку сёлета адбыліся таксама і на валютным рынку. Курс беларускага рубля абваліўся і дасягаў амаль 4 рублёў за долар ЗША.

«Трэба разумець, што падзенне курсаў рубля і рост коштаў былі звязаныя і з лагістычнымі праблемамі. З пачатку вайны ва Украіне ў лютым сакавіку была вялікая нявызначанасць, ці могуць пастаўнікі прывозіць спажывецкія тавары ў нашую краіну, не было зразумелым, як пастаўляць, якім чынам будуць адбывацца разлікі. І гэтыя ўсе рызыкі заклалі ў кошты», – распавяла «Белсату» Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка BEROC.

Але ў красавіку-траўні курс беларускага рубля ўмацаваўся і вярнуўся на даваенны ўзровень. І хоць цяпер мы назіраем нейкую станоўчую дынаміку на валютным рынку, то насамрэч рызыкі, якія ўзніклі раней, насамрэч не зніклі, кажа Кацярына Барнукова.

«Сітуацыя карэнным чынам не змянілася і адлюстроўваецца ў далейшым росце коштаў. Тыя ж праблемы з лагістыкай, разлікамі, санкцыйным ціскам. Гэта надалей будзе ўплываць на рост коштаў. Таму чакаць, што тавары стануць таннець – такога не будзе. Таксама трэба ўлічваць, што ў нашай краіне кошты ніколі не змяншаліся», – звяртае ўвагу эканаміст.

Аналітыка
Беларусь можа сутыкнуцца з абвальнай інфляцыяй. А план на год ужо правалены
2022.04.15 11:08

На валютным рынку сітуацыя з’яўляецца дзіўнай

Што да непасрэдна самога курсу беларускага рубля на валютным рынку і яго ўмацаванне, то сітуацыя выглядае для эканамістаў як няпэўная і даволі дзіўная.

«Існае ўмацаванне беларускага рубля выкліканае не нейкімі фундаментальнымі прычынамі, маўляў, у эканоміцы краіны зніклі складанасці і негатыўныя фактары, якія былі раней. Рост курса нашага рубля звязаны з ростам на расейскую валюту. А на расейскім рынку цяпер увялі даволі жорсткія валютныя абмежаванні. Увогуле на расейскім валютным рынку ніякага рынку няма. Свабодна набыць долар немагчыма, але затое абавязалі экспарцёраў прадаваць валюту. З гэтым і звязанае ўмацаванне расейскага рубля. Таксама варта нагадаць, што расейскі экспарт не патрапіў пад санкцыі, а імпарт вельмі моцна скараціўся», – кажа Кацярына Барнукова.

Фота: Белсат

Пры гэтым сітуацыя ў Беларусі ў параўнанні з расейскай выглядае зусім адваротным чынам. Нацыянальны банк нашай краіны не ўвёў ніякіх жорсткіх адміністратыўных абмежаванняў на валютным рынку. Выключэннем у некаторай ступені з’яўляецца толькі курс расейскага рубля. Нягледзячы на рост гэтай валюты падчас гандляванняў на біржы, беларускія банкі гатовыя яго набываць па даволі нізкім курсе. Кацярына Барнукова таксама звяртае ўвагу, што практычна ўвесь беларускія экспарт патрапіў пад санкцыі, чаго няма ў Расеі. У выніку нашая краіна больш пацярпела праз Заходнія абмежаванні значна болей, чым усходняя суседка. А вось імпарт скарачаецца нашмат павольней.

«У нас умацаванне рубля крочыць услед за расейскай валютай, а гэта вельмі дзіўная з’ява. Мы раней заўсёды крочылі ўслед за расейскім рублём, але цяпер аніякіх падставаў для гэтага няма. Таму ў пэўны момант можа адбыцца разрыў. Проста рынак зразумее, што прывязка да расейскага рубля не адпавядае рэчаіснасці. Таму нашая валюта пачне рухацца па іншай траекторыі. І ў пэўны момант адбудзецца гэтая карэкцыя, у тым плане, што курс абваліцца. Але калі гэта адбудзецца – адказаць даволі складана», – кажа суразмоўца «Белсату».

Пра нестабільнасць з коштамі і дэвальвацыяй беларускага рубля папярэджваюць таксама эксперты Еўразійскага банку развіцця. Эканамісты адзначаюць, што цяпер у нашай краіне кошты амаль дапасаваліся да зменаў курсаў валют. Але наладжванне лагістыкі да канца не завершанае. І гэты момант будзе спрыяць да росту выдаткаў, а адпаведна і да далейшага росту коштаў на ўнутраным рынку.

Аналітыка
Што адбываецца з цэнамі і курсамі валют? Запыталіся ў эканаміста
2022.04.26 19:30

Мікалай Каткоў, belsat.eu

Стужка навінаў