Кіраваць Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі будзе былы памочнік міністра абароны


Дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі прызначаны генерал-маёр Алег Воінаў. На сваю новую пасаду ён заступіў 10 траўня. Да гэтага Воінаў быў памочнікам міністра абароны Беларусі ў пытаннях міжнароднай вайсковай супрацы, паведамляе «Наша Ніва».

Алег Воінаў.
Фота: ВоенТВ

Алегу Воінаву 55 гадоў, ён нарадзіўся ва ўкраінскім горадзе Днепрапятроўску (цяпер Дняпро). Ягоныя сваякі і цяпер жывуць там, а пасля нападу Расеі на Украіну запісалі відэазварот да Воінава, заклікаючы яго не ваяваць супраць радзімы самому і паўплываць на сваё камандаванне.

Воінаў унесены ў адзін з санкцыйных спісаў Еўразвязу.

Папярэдняга дырэктара гістарычнага архіву Дзмітрыя Яцэвіча звольнілі на пачатку красавіка – з ім не працягнулі кантракту. Яцэвіч узначальваў архіў на працягу 10 гадоў. Разам з ім звольніўся ягоны намеснік Дзяніс Лісейчыкаў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў