Узгадваем тых, чые смерці звязваюць з пратэстамі 2020 года. Што сёння кажуць следчыя і сваякі?


Развітанне з загінулым падчас пратэстаў Аляксандрам Тарайкоўскім на станцыі метро «Пушкінская». Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Прызнаныя тры забойствы, асуджаны толькі адзін забойца.

Агулам 12 смерцяў у той ці іншай ступені трапілі ў кантэкст пратэстаў 2020 года. У некаторых выпадках забойствы прызнаныя ўладамі, у некаторых улады кажуць пра самагубства, аднак знаёмыя з памерлымі ставяць гэтую версію пад сумнеў. Два самагубствы маглі быць выкліканыя паслявыбарчымі падзеямі, адно дарожнае здарэнне сілавікі звязваюць з пратэстамі, аднак сваякі не даюць веры афіцыйным тлумачэнням.

Офіс Святланы Ціханоўскай заяўляе пра 8 забойстваў: тры несумнеўныя забойствы (Раман Бандарэнка, Генадзь Шутаў і Аляксандр Тарайкоўскі), дзве смерці «ў руках праваахоўнікаў» (Аляксандр Віхор і Дзяніс Кузняцоў) і тры смерці, «абставіны якіх даюць падставы меркаваць, што яны выкліканыя актамі процістаяння рэжыму, у чым упэўненыя родныя памерлых, а рэжым не прадставіў пераканаўчых доказаў недатычнасці да іх гібелі» (Мікіта Крыўцоў, Канстанцін Шышмакоў, Аляксандр Будніцкі).

«Загінулых за рэвалюцыю шмат, – кажа «Белсату» прэс-сакратарка офісу Ціханоўскай Ганна Красуліна. – Гэта і тыя, хто наклаў на сябе рукі пад ціскам органаў і адміністрацыі прадпрыемстваў, якія страцілі працу, якія падвергліся судам, знявагам, збіванню, непадʼёмным штрафам, высылцы і дэпартацыі. І тыя, чыё здароўе не вытрымала катаванняў, было падарванае, і яны памерлі неўзабаве пасля выхаду з месцаў абмежавання волі. І тыя, хто памёр ад абвастрэння захворванняў або каронавіруса, якім заражалі мэтанакіравана ў ЦІП і ІЧУ. Гэта маці, якія ня перанеслі здзекаў са сваіх дзяцей. І тыя, чыё сэрца не вытрымала жаху таго, што адбываецца».

«Белсат» згадвае, што вядома пра тых, чые смерці наўпрост звязваюць з леташнімі акцыямі пратэсту.

Аляксандр Тарайкоўскі, 34 гады

Як памёр

10 жніўня 2020 каля станцыі метро «Пушкінская» ў Менску застрэлены невядомым байцом у вайсковай форме, калі падыходзіў да групы сілавікоў з паднятымі рукамі.

Што вядома цяпер

Хоць старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч прызнаў, што Аляксандр Тарайкоўскі быў забіты сілавікамі, крымінальную справу адмовіліся заводзіць «праз адсутнасць складу злачынства і грамадска небяспечнага дзеяння». Сваякам Тарайкоўскага ў лютым адмовілі ў праве азнаёміцца з матэрыяламі праверкі ягонай гібелі. Бацька забітага Валер распавёў «Белсату», што з таго часу ніякіх навінаў не было: «Следчы камітэт маўчыць, усяляк спрабуе закрыць справу».

Спачатку прэс-служба Міністэрства ўнутраных справаў заяўляла, што Тарайкоўскі загінуў ад выбуху прылады, якую сам спрабаваў кінуць у сілавікоў, аднак пасля публікацыі шэрагу відэазапісаў з месца падзеяў, дзе выразна бачны стрэл байца ў чалавека з паднятымі рукамі, афіцыйная версія змянілася. Паводле цяперашняй версіі ўладаў, Тарайкоўскі «сваймі дзеяннямі правакаваў праваахоўнікаў: яны не ведалі сапраўдных матываў і мэтаў ягоных дзеянняў», а працаўнікі праваахоўных органаў у гэткіх умовах маюць права выкарыстоўваць несмяротную зброю для перадухілення больш цяжкіх наступстваў (хоць вядома, што гумовая куля можа забіць пры стрэле з блізкай адлегласці).

Магіла Аляксандра Тарайкоўскага. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021.
Фота: ТК / Белсат

На месцы забойства ў жніўні ўтварыўся стыхійны мемарыял, які раз за разам разбуралі камунальнікі. За надпіс «Не забудзем» на асфальце каля месца забойства за краты адправілі чатырох чалавек, яшчэ адну жанчыну – на «хатнюю хімію». Людзей затрымліваюць нават за ўскладанне кветак ля «Пушкінскай».

Аляксандр Віхор, 25 гадоў

Як памёр

9 жніўня 2020 года быў затрыманы АМАПам у Гомлі, 12 жніўня быў дастаўлены з СІЗА спачатку ў псіханеўралагічны дыспансер, адтуль у тубдыспансер, куды трапіў у стане клінічнай смерці і з ацёкам галаўнога мозгу, рэанімаваць яго не змаглі.

Што вядома цяпер

Паводле версіі Следчага камітэту, пры затрыманні Аляксандр Віхор «спрабаваў вырвацца» (на відэа затрымання бачна, што гэта не так), таму супраць яго ўжылі фізічную сілу, але ў РАУС, ізалятары і на судзе ён нібыта не скардзіўся на стан здароўя. Сцвярджаецца, што ў час агляду ў СІЗА фельчар выявіў у яго «прыкметы псіхічнага разладу», таму накіраваў на абследаванне ў псіхіятрычную лякарню, а ўжо там у яго «пагоршылася самаадчуванне». Смерць, паводле афіцыйнай версіі, надышла ў выніку вострай недастатковасці кровазвароту, выкліканага захворваннямі сэрцава-судзіннай сістэмы. Пераломы рэбраў і грудзіны, як сцвярджаецца, з’явіліся ў выніку рэанімацыйных дзеянняў.

Следчыя не выявілі складу злачынства ў смерці Віхора. 16 лютага Следчы камітэт закрыў праверку па факце смерці, а ў распачынанні крымінальнай справы сваякам адмовілі. Маці накіравала скаргу ў абласную пракуратуру. У той жа дзень Следчы камітэт паведаміў, што «ў асобнае вядзенне вылучылі» справу жанчыны 1970 году нараджэння, якая бачыла затрыманне Віхора і 15 жніўня ля будынку Гомельскага аблвыканкаму казала праз мегафон, што пры затрыманні яго білі дручкамі. Сілавікі сцвярджаюць, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Вынікаў гэтай праверкі не паведамлялі.

Маці памерлага Святлана Віхор расказвала радыё «Свабода», што ёй далі азнаёміцца з матэрыяламі справы, хоць не далі іх скапіяваць ці сфатаграфаваць. У праверцы СК зафіксавана, што баец АМАП пры затрыманні паваліў Віхора на зямлю, націснуў нагой на шыю. У ізалятары часовага ўтрымання Віхору стала блага, уначы яго ванітавала, але яму не надавалі дапамогі, нягледзячы на просьбы яго і іншых затрыманых. У РАУС ён трызніў, клікаў на дапамогу, але яго за гэта пабілі. Паводле сведак, калі яго вывелі ва ўнутраны дворык РАУС, каб адправіць у СІЗА, ён стаў задыхацца, вырываўся – яго адвялі ў пустую машыну і збівалі. Па дарозе ў СІЗА, казалі сведкі, у яго пырснулі з пярцовага балончыка.

Пахаванне Аляксандра Віхора. На здымку — Святлана Віхор, маці загінулага на акцыі пратэсту. Гомель, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Першай версіяй, якую бацькам агучвалі следчыя, было тое, што «ён быў пад наркотыкамі» – з матэрыялаў выявілася, што тое самае міліцыянты казалі лекарам, калі прывозілі затрыманага ў ізалятар і ў псіхіятрычны шпіталь, а таксама калі перадавалі ў хуткую дапамогу. Маці лічыць, што ў тым ліку праз гэта медыкі не змаглі надаць своечасовую дапамогу.

Генадзь Кісель, 50 гадоў

Як памёр

12 жніўня 2020 года быў забіты вартаўніком салігорскага КДБ Леанідам Штайдам ударам нажніцамі ў шыю. Пацярпелага спрабавалі выратаваць і нападнік, і мінакі, і медыкі, але ён памёр у рэанімацыі.

Што вядома цяпер

Гэта адзіны выпадак, калі за смерць падчас пратэстаў 2020 года забойца быў пакараны. На судзе ў лістападзе стала вядома, што Леанід Штайда і Генадзь Кісель перапісваліся ў сацыяльных сетках і спрачаліся аб палітычнай сітуацыі ў краіне. Штайда называў Кіселя «згубленым». Да трагедыі яны асабіста не сустракаліся. Пабачыліся выпадкова, пачалі спрачацца пра палітыку – забойца падтрымліваў дзейную ўладу, забіты меў іншае меркаванне. Штайду прысудзілі 10 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму і выплату 153,8 тысячы рублёў на карысць жонкі і дзяцей забітага.

Канстанцін Шышмакоў, 29 гадоў

Як памёр

15 жніўня 2020 года знік у Ваўкавыску дарогаю дадому з працы, 18 жніўня знойдзены павешаным.

Што вядома цяпер

Канстанцін Шышмакоў працаваў дырэктарам Ваўкавыскага вайскова-гістарычнага музею. Падчас выбараў ён быў сябрам выбарчай камісіі – расказваў маці, што адмовіўся ўкідваць «левыя» бюлетэні і падпісваць выніковы пратакол. Праз шэсць дзён пасля выбараў ён знік, а яшчэ праз тры дні быў знойдзены павешаным. Паводле версіі, якую агучылі бацькам следчыя, гэта быў суіцыд – пасмяротная псіхіятрычная экспертыза заключыла, што прычынай стаў «назапашвальны эфект разыходжання грамадзянскай пазіцыі і пазіцыі дзяржаўнай улады». Аднак маці загінулага адзначае: цела знайшлі на такой вышыні, што ногі краналіся зямлі, а на целе былі драпіны і гематомы, на якія следства не звярнула ўвагі.

Святлана Шышмакова, маці 29-гадовага Канстанціна Шышмакова, паказвае фота сына на сваім тэлефоне. Баранавічы, Беларусь. 27 лютага 2021 года. Фота АВ / Белсат

Бацька забітага Андрэй Шышмакоў з восені не мае ніякай інфармацыі пра хаду справы. Калі завершылася праверка ў Следчым камітэце гораду Масты, матэрыялы адправілі ў Гарадзенскую абласную пракуратуру, адкуль мусілі перадаць у Генеральную. Цяпер ён збіраецца пісаць звароты ва ўсе тры пракуратуры.

«Больш ніякай – ні афіцыйнай, ні неафіцыйнай – інфармацыі ў мяне няма, – кажа ён «Белсату». – Не тое што я не хачу казаць, а я сам не ведаю. Збіраюся пасля святаў пісаць у пракуратуру заяву, чаму нічога няма, чаму мне афіцыйна нічога не паведаміла ніводнае ведамства. На словах мне расказалі, чым скончылася праверка восенню, але афіцыйных папераў у мяне на руках няма. Я тэлефанаваў следчаму чарговы раз у красавіку – ён сказаў, што закрыў праверку і перадаў у абласную пракуратуру, а больш, маўляў, яго не датычыць».

Генадзь Шутаў, 44 гады

Як памёр

11 жніўня 2020 года ў час канфлікту ў скверы на вуліцы Маскоўскай у Берасці вайсковец у цывільным Раман Гаўрылаў стрэліў яму ў патыліцу з пісталета Макарава, Шутаў памёр у шпіталі 19 жніўня.

Што вядома цяпер

25 лютага 2021 г. суд Берасцейскай вобласці прызнаў забітага Генадзя Шутава вінаватым у супраціве сілавікам «без прызначэння пакарання». Сведку забойства Шутава Аляксандра Кардзюкова пасадзілі на 10 гадоў у калонію ўзмоцненага рэжыму. Дачка забітага не пагадзілася з такім выракам, абскарджвае яго ў Вярхоўным Судзе, але не спадзяецца на справядлівасць і рыхтуецца звяртацца ў міжнародны суд, калі «пройдзе ўсе прыступкі» ў Беларусі. Паседжанне Вярхоўнага Суда мае адбыцца ў Менску 14 траўня.

Канфлікт, які прывёў да забойства Шутава, трапіў на некалькі вулічных камераў назірання. Відэа з іх і разбор пабачанага публікавала «Медиазона»: хоць сам момант забойства не відаць ні на адным запісе, бачна, што, насуперак афіцыйнай версіі, Шутаў і Кардзюкоў не нападалі на вайскоўцаў і не мелі ў руках арматуры ці металічных трубаў.

На судзе назвалі імя забойцы – і капітан Раман Гаўрылаў прызнаў, што страляў у Шутава. Аднак абодва вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў забойстве, былі прызнаныя пацярпелымі.

Таксама на судзе было прызнана, што супраць мірных грамадзянаў падчас пратэстаў выкарыстоўвалі ўзброеныя сілы, што вайскоўцаў выпраўлялі ў горад у цывільным адзенні і з агнястрэльнай зброяй. Загад выкарыстаць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў аддаў камандуючы войскамі Сілаў спецыяльных аперацыяў генерал-маёр Вадзім Дзенісенка, а ён тлумачыў, што падпарадкоўваўся міністру абароны. «Беларускі народны трыбунал» апублікаваў дакумент, з якога вынікае: Аляксандр Лукашэнка дазволіў выкарыстоўваць вайскоўцаў для разгону дэманстрацыяў сакрэтным указам у 2012 годзе.

Развітанне з Генадзем Шутавым. Жабінка, Беларусь. 24 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Мікіта Крыўцоў, 28 гадоў

Як памёр

11 жніўня 2020 года знік у Менску дарогаю на працу, 22 жніўня знойдзены павешаным.

Што вядома цяпер

Вядома, што Мікіта Крыўцоў удзельнічаў у пратэстах у Маладзечне 9 жніўня, падыходзіў з бел-чырвона-белым сцягам да шыхту сілавікоў. Следчыя прызналі, што ён удзельнічаў у пратэстах, аднак заявілі, што не затрымлівалі яго. 11 жніўня ён прыехаў дамоў у Жодзіна, сабраў рэчы і з’ехаў, сказаўшы, што збіраецца хавацца ад праваахоўнікаў. У той жа дзень, сцвярджаюць следчыя, ён сустракаўся з нявызначанымі людзьмі ў менскім бары, затым паехаў да аднаго з тых, пераначаваў у яго і раніцай 12 жніўня выправіўся ў невядомым кірунку.

Каля 7 раніцы ён ішоў у напрамку лесу, дзе потым знайшлі яго цела. Апошні раз мабільны тэлефон Крыўцова зафіксавала базавай станцыяй, што месціцца на тэрыторыі РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі ў Менску, што недалёка ад месца, дзе знайшлі цела Крыўцова. Гэта значыць, ён мог быць у РНПЦ або ў УУС Менскага райвыканкаму блізу РНПЦ.

17 сакавіка Следчы камітэт завершыў праверку: крымінальную справу не сталі распачынаць, бо прыйшлі да высновы аб самагубстве – нібыта праз канфлікт з жонкай. Следчыя прызналі, што на целе выявілі кровазліццё ў мяккіх тканках галёнак, патлумачыўшы, што пашкоджанні былі атрыманыя ў часе самагубства.

Пахаванне Мікіты Краўцова
Пахаваньне Мікіты Крыўцова, якога не маглі знайсці дзесяць дзён. 25 жніўня 2020 года. Маладзечна, Беларусь.
Фота: АВ / Белсат

Сябры Мікіты кажуць, што не вераць у самагубства, і дадаюць, што ён вельмі моцна любіў дачку і сваю сям’ю. Удава, якая таксама не верыць у самагубства Крыўцова, патлумачыла радыё «Свабода», што развод яны абмяркоўвалі спакойна, «гэта не было для яго стрэсам», пра самагубства ён не думаў і «жыў паўнавартасным жыццём».

Аляксандр Будніцкі, 53 гады

Як памёр

11 жніўня 2020 года знікнуў у Менску, пра смерць стала вядома 31 жніўня. Паводле афіцыйнай версіі, памёр нібыта ад атручвання этылавым спіртам. Афіцыйная дата смерці – 12 жніўня.

Што вядома цяпер

Апошні раз Аляксандра Будніцкага бачылі суседзі з інтэрнату раніцай 11 жніўня – у той дзень ён не выйшаў на працу, больш яго не бачылі. Суседзі па інтэрнаце праз тыдзень напісалі заяву аб знікненні.

31 жніўня міліцыя паведаміла сваякам пра тое, што цела Будніцкага знайшлі 12 жніўня – казалі, ён памёр недалёка ад гандлёвага цэнтру «Рыга» нібыта праз праблемы з сэрцам. Аднак пазней Следчы камітэт апублікаваў іншую версію: позна ўвечары 11 жніўня мужчыну стала блага праз «вострае атручванне этылавым спіртам» у скверы на вуліцы Берасцянскай, што за 2 км ад «Рыгі», памерлы меў пры сабе дакументы – «асоба адразу была высветленая».

Невядома, чаму ў такім разе сваякам паведамілі пра смерць толькі праз 19 дзён, хоць у міліцыі была заява аб знікненні. Сваякі атрымалі цела памерлага толькі 3 верасня – праз столькі часу пасля смерці выявіць, ці былі нейкія цялесныя пашкоджанні, вельмі складана.

Пахаванне Аляксандра Будніцкага. Мужчына знік каля ГЦ «Рыга» 11 жніўня. Менск, Беларусь. 3 верасня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Брат памерлага сказаў «Белсату», што верыць у тое, што праблемы са здароўем маглі стаць прычынай смерці, але не падтрымлівае версіі следчых: маўляў, «ад алкаголю ён бы не памёр – ён быў праспіртаваны», і «нават калі б бутэльку ён выпіў, то проста б заснуў ды ўсё». Калегі і суседзі з інтэрнату мяркуюць, што смерць Аляксандра Будніцкага звязаная з разгонам пратэстаў: наўрад ці ён удзельнічаў у акцыях, але мог «трапіць пад замес», сказаў «Белсату» сусед Аляксандра. Што мог рабіць Будніцкі ўначы на вуліцы Берасцянскай, ніхто не ведае.

Арцём Парукаў, 19 гадоў

Як памёр

16 жніўня 2020 года быў збіты аўтамабілем на Партызанскім праспекце ў Менску.

Што вядома цяпер

Паводле МУС, памерлы быў удзельнікам мітынгаў, перад наездам машыны стаяў на праезнай частцы, не адрэагаваў на папярэджанне аб небяспецы кіроўцы «Volkswagen’а» і ў выніку трапіў пад колы «Renault», памёр на месцы здарэння. Пра вынікі праверкі ў гэтай справе МУС не паведамляла.

Сваякі памерлага сказалі «Еўрарадыё», што не вераць у такую версію: лічаць, што «Арцём дакладна ні ў чым не ўдзельнічаў, а проста ішоў дадому», а чаму ён вырашыў перабегчы з таго боку вуліцы, дзе стаіць ягоны дом, на іншы бок, і не па пешаходным пераходзе, што быў зусім побач, невядома. Стрыечная сястра мяркуе, што ён мог ад кагосьці ўцякаць.

Сяргей Радчэня, 36 гадоў

Як памёр

18 верасня 2020 года абліўся гаручай вадкасцю і падпаліў сябе на ганку будынку смалявіцкай міліцыі, атрымаў апёкі 95 % цела, у тым ліку дыхальных шляхоў, памёр 25 верасня ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 13 лістапада.
Фота: ТК / Белсат

Што вядома цяпер

Дакладныя матывы ўчынку Сяргея Радчэні невядомыя, запіскі ці допісу ў сацыяльных сетках ён не пакінуў.

Сваякі вінавацяць у смерці міліцыю, аднак не з прычыны пратэстаў. Сястра памерлага расказала «Нашай ніве», што Сяргей меў праблемы з алкаголем, за некалькі дзён да здарэння тэлефанаваў у міліцыю і казаў, што збіраецца павесіцца на могілках, але тады яго ўратавалі. Ноч пасля таго ён правёў у міліцыі, але раніцай яго проста адпусцілі дамоў і не накіравалі да спецыялістаў.

Станіслаў Чур, 31 год

Як памёр

19 жніўня павесіўся на тэрыторыі Менскага электратэхнічнага заводу імя Казлова, дзе працаваў.

Што вядома цяпер

Прычыны самагубства Станіслава Чура застаюцца невядомымі. Аднак калегі памерлага сказалі «Еўрарадыё», што на яго маглі ціснуць праз палітычную пазіцыю: «Ён хадзіў увесь час на ўсе мітынгі і забастоўкі». Адзін з яго супрацоўнікаў казаў, што Чур «палаяўся з начальствам, потым здаў інструменты і хадзіў шукаў месца, дзе пакончыць з сабой».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 года.
Фота: TК / Белсат

Дзяніс Кузняцоў, 41 год

Як памёр

29 верасня з ізалятару на Акрэсціна ў Менску паступіў у Больніцу хуткай медычнай дапамогі са шматлікімі траўмамі цела і адкрытай чэрапна-мазгавой траўмай, памёр 3 кастрычніка ў лякарні.

Што вядома цяпер

Следчы камітэт паведаміў, што Дзяніса Кузняцова затрымалі за «дробнае хуліганства» і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе ён «упаў з другога ярусу ложка».

Як ён трапіў на Акрэсціна, сваякі не ведаюць, але яны казалі «Белсату», што мужчына «жыў сваім жыццём» і наўрад ці выходзіў на акцыі пратэсту. У лякарні зафіксавалі: дактарам ён паспеў распавесці, што яго збівалі міліцыянты.

Следчыя прызначалі судова-медычную экспертызу для выяўлення прычынаў смерці, але пра яе вынікі не паведамлялі.

Раман Бандарэнка, 31 год

Як памёр

11 лістапада 2020 года ў Менску на плошчы Пераменаў быў збіты і затрыманы «людзьмі ў цывільным», якія зразалі бел-чырвона-белыя стужкі ў двары; дастаўлены ў РУУС, затым у непрытомным стане ў лякарню з ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай і гематомамі. 12 лістапада памёр, нягледзячы на праведзеную аперацыю.

Людзі збіраюцца на плошчы Пераменаў пасля паведамлення аб смерці Рамана Бандарэнкі. Менск, Беларусь. 12 лістапада 2020 года.
Фота: ЕА / Белсат

Што вядома цяпер

Канфлікт «людзей у цывільным» з жыхарамі плошчы Пераменаў (двор у Менску на скрыжаванні вуліцаў Чарвякова, Кахоўскай і Сморгаўскага тракту) добра задакументаваны, момант затрымання Рамана Бандарэнкі зняты з некалькіх ракурсаў. Неафіцыйна названыя і меркаваныя нападнікі. Аднак крымінальную справу распачалі толькі праз тры месяцы і паводле артыкулу аб «наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, якое праз неасцярожнасць пацягнула смерць». З 18 лютага, калі прадстаўнік Генпракуратуры паведаміў сваякам аб пачатку справы, навінаў пра расследаванне не было.

Ініцыятыва былых сілавікоў ByPol правяла ўласную дэтальную праверку і 27 студеня назвала меркаваных нападнікаў, у ліку якіх байцы АМАП і СОБР, старшыня Федэрацыі хакею Дзмітры Баскаў, тайбаксёр Дзмітрый Шакута і прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант. Удзельнікаў канфлікту апазналі па фота і відэа, а затым пацвердзілі здагадкі праз білінг мабільных тэлефонаў і ўцечкі запісаў тэлефанаванняў.

Першапачаткова сілавікі і Лукашэнка апраўдвалі забойства тым, што Бандарэнка быў п’яны. Аднак медыкі выявілі ў яго крыві нуль праміле алкаголю. За тое, што дакументы пра «нуль праміле» былі апублікаваная ў прэсе, лекара Арцёма Сарокіна асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на год і забавязалі выплаціць 1450 рублёў (да выраку ён правёў тры з паловай месяцы за кратамі), а журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч – на 6 месяцаў калоніі ды штраф 2900 рублёў. Нават цяпер пракуратура працягвае настойваць, што Бандарэнка нібыта быў п’яны.

Забойства Бандарэнкі выклікала новую хвалю пратэстаў. Акцыя 15 лістапада была жорстка разагнаная. За трансляцыю гэтай акцыі журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму – яны нібыта кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак».

Жанчыны ля магілы Рамана Бандарэнкі на Паўночных могілках. Менск, Беларусь, 6 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У час акцыі пратэсту затрымалі і моцна збілі архітэктара Вадзіма Дзмітранка. Яго таксама абвінавацілі ў «арганізацыі» і прысудзілі яму 3 гады «хіміі». На столькі ж і паводле таго ж абвінавачання асудзілі актывістку «Краіны для жыцця» Вольгу Паўлаву, якая прыйшла на акцыю, каб паставіць зніч, але трапіла пад «хапун».

Апошнія словы, якія Раман Бандарэнка перад смерцю напісаў у дваровы чат, былі такія: «Я выхожу». Гэтая фраза сталася адным з лозунгаў беларускіх пратэстаў.

Інтэрв’ю
З лёгкага мянчука лекары дасталі кулю, сілавікі стралялі ва ўпор
2020.08.27 17:58
Інтэрв’ю
Засталася толькі пятка. Затрыманыя распавядаюць пра траўмы і бесчалавечнасць сілавікоў. Фота 18+
2020.08.20 20:30

АА belsat.eu

Стужка навінаў