У старшыні Менгарвыканкаму запатрабавалі адказаць, чаму хадзіў да ветэрана без маскі


Чыноўніка «здаў» афіцыйны Telegram-канал Менгарвыканкаму. Аднак наўпроставай забароны хадзіць да пенсіянераў у госці без маскі ў час пандэміі ў Беларусі няма.

Cтаршыня Менгарвыканкаму Ўладзімір Кухараў віншуе ўдзельніка Другой сусветнай вайны, 6 траўня 2021 году.
Фота: Минск. Официально / Telegram

Старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімір Кухараў 6 траўня наведаў ветэрана Другой сусветнай вайны Віктара Костку, каб павіншаваць з надыходзячым Днём Перамогі. Фота візіту апублікаваў афіцыйны Telegram-канал Менгарвыканкаму – і на здымках бачна, што чыноўнік быў без маскі і не вытрымліваў належную дыстанцыю, нягледзячы на пандэмію і асаблівую пагрозу каронавірусу пажылым людзям.

На сайце Petitions.by ідзе збор подпісаў пад зваротам у Менгарвыканкам з патрабаваннем тлумачэнняў і ў Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі з патрабаваннем правесці праверку і выставіць патрабаванне чыноўніку ў сувязі з невыкананнем масачнага рэжыму і сацыяльнага дыстанцыявання. На момант публікацыі зварот падпісалі звыш 1600 чалавек. Выслаць зварот збіраюцца 13 траўня.

У звароце згадваюць, што прыняты Менгарвыканкамам план прафілактыкі COVID-19 утрымлівае такія пункты, як недапушчэнне наведвання староннімі ўстаноў для пажылых людзей і забеспячэнне масачнага рэжыму ў крамах, установах харчавання, установах адукацыі і аховы здароўя. Наўпроставай забароны хадзіць у госці да пажылых людзей без маскі ў плане няма, але аўтар петыцыі ўпэўнены: Кухараў стварыў пагрозу жыццю і здароўю ветэрана, праявіў службовую нядбаласць і неразуменне небяспекі COVID-19.

Аднак Кухараў – не адзіны, хто так рабіў. Чытачы «Белсату» паведамлялі з розных канцоў Беларусі, што да ветэранаў у тыя дні вадзілі школьныя экскурсіі і пры тым не выконвалі масачны рэжым.

Абноўлена
Да беларускіх ветэранаў у час пандэміі вадзілі школьнікаў без масак
2021.05.06 13:03

АА belsat.eu

Стужка навінаў