Страляніна ў школе ў Казані: загінулі мінімум 9 чалавек


У Казані адбыўся ўзброены напад на школу № 175. Стралок затрыманы. Дагэтуль незразумела, ці дзейнічаў ён адзін. Пра гэта паведамляюць расейскія медыі.

РИА «Новости» са спасылкай на экстранныя службы паведамляе, што ў выніку страляніны 11 чалавек загінулі. Аднак прэс-служба прэзідэнта Татарстану сцвярджае, што загінулі 9 чалавек.

Відавочцы публікуюць відэа таго, як дзеці ратаваліся ад нападу – яны выскоквалі з вокнаў. Паводле СМІ, двое школьнікаў разбіліся.

Спачатку медыі давалі вельмі супярэчлівую інфармацыю аб нападніках. Як паведамляла «Медуза», у школу зайшоў узброены 17-гадовы падлетак і адкрыў агонь па навучэнцах, яго аператыўна затрымалі. Аднак паводле іншых звестак нападнікаў было двое, адзін з іх застаўся ў школе і ўтрымліваў у закладніках 6–7 чалавек. «Татмедиа» сцвярджае, што ў выніку штурму школы другі нападнік быў забіты. Аднак МУС Татарстану абвегла інфармацыю, што на школу напалі двое.

Паводле тэлеграм-канал Baza, затрыманым стралком аказаўся не 17-гадовы, а 19-гадовы хлопец. Нібыта падчас затрымання ён паведаміў, што заклаў бомбу ў месцы сваёй прапіскі. Некалькі дзён таму хлопец завёў телеграм-канал, у якім называў сябе «Богам», а раніцай перад стралянінай заявіў, што «заб’е велізарная колькасць біясмецця», пасля чаго зробіць самагубства.

Кіраўнік Татарстану пацвердзіў, што пачаў страляніну 19-гадовы хлопец, на якога была афіцыйна зарэгістраваная зброя, паведамляе РИА «Новости». Ён таксама распавёў, што сярод забітых былі тры дзяўчынкі і чатыры хлопчыкі. 20 чалавек цяпер шпіталізаваныя.

Пасля страляніны ў казанскай школе МУС абвесціла рэжым контртэрарыстычнай аперацыі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў