«Сексізм, абясцэньванне ды ілюзія лягчэйшай працы». Доктар – пра ўспрыманне прафесіі медсястры ў Беларусі


У Міжнародны дзень медсястры «Белсат» пагутарыў з Паўлам, які ў студэнцтве працаваў медычным братам і вывучыўся на псіхіятра. Паводле яго, гэта быў нядоўгі перыяд, але вельмі насычаны ў плане досведу. Мужчына навучыўся рабіць рэчы, якіх не паказвалі ва ўніверсітэце. Цяпер Павел з калегамі працуе над праектам дзеля павышэння прэстыжу працы медычнай сястры. Медыкі намагаюцца развеяць міфы пра лёгкую замяняльнасць, малазначнасць гэтай працы, а таксама падтрымаць медсясцёр пры парушэнні іхных правоў працадаўцамі.

Медыкі сталі ў ланцуг салідарнасці. 13 жніўня 2020 г.
Фота: «Белсат»

Як, паводле вас, успрымаюць у Беларусі прафесію медсястры? Ці можна сказаць, што яна абясцэньваецца?

Медсястра ў Беларусі – супярэчлівая прафесія. Гадамі яе прэстыж – свядома ці не – прыніжаўся ў нашай краіне. Медсясцёр заўсёды ўспрымалі выключна як дапаможны персанал, нейкае пераходнае звяно ў медыцыне.

Іх успрымаюць як дактароў, якія недавучыліся. Але сястрынская справа – гэта не ступень адукацыі, а самастойны, вельмі аб’ёмны і значны напрамак у медыцыне. Чыноўнікамі, а ў выніку і грамадствам, ігнаруецца іхная самастойнасць і незаменнасць, ствараецца ілюзія больш лёгкай, менш значнай і меншай паводле аб’ёму працы.Часта працадаўца ставіцца да медсясцёр як да лёгказамяняльнага рэсурсу. Кіраўніцтва не разумее, што іхная праца спецыфічная і складаная. Як вынік – цякучка кадраў і нізкі ўзровень надавання дапамогі.

Дасведчаную медсястру не так лёгка замяніць. Нярэдка медсёстры падказваюць у практыцы маладым дактарам тое, чаму не вучаць ва ўніверсітэце. Часта ў нас медсясцёр успрымаюць менавіта як недавучаных дактароў, але сястрынская справа – асобны і вельмі вялікі кірунак медыцыны.

Інтэрв’ю
Запалохваюць, судзяць, звальняюць… Гісторыі медсясцёр, якім у Беларусі не лягчэй, чым лекарам
2021.05.12 08:30

Вядома, што ў гэтую прафесію ідуць не дзеля грошай, але ці можна сказаць, што праца медсястры аплачваецца не годна?

Аплата працы медычнай сястры – яшчэ адзін з аспектаў неадэкватнай ацэнкі гэтай працы. У медыцыне і не толькі пануе стэрэатып малазначнасці і нізкай кваліфікацыі сястрынскай справы. Насамрэч на іх ляжыць шмат складаных, адказных, фізічна і эмацыйна цяжкіх абавязкаў. Але людзі за медсястрою бачаць толькі асобу, якая робіць укол і выдае таблеткі. Гэтак іх успрымаюць і чыноўнікі. І атрымліваюць яны заробак, зыходзячы, хутчэй, з гэтага стэрэатыпу, чым з рэальна выкананай працы.

Ёсць такая надбаўка – за інтэнсіўную працу, але з ёю цікавая сітуацыя. Гэтая надбаўка можа складаць значную частку заробку. Яна можа памяншацца і павялічвацца выключна на меркаванне працадаўцы. Вядома, ніякі працадаўца не агучыць, што зменшыў яе, напрыклад, праз палітычныя матывы. Але з маіх назіранняў складаецца ўражанне, што медыкі з актыўнаю грамадскаю пазіцыяй не надта «інтэнсіўна» працуюць. Адразу папярэджу неабгрунтаваныя высновы: гэтыя работнікі якраз значна часцей адрозніваюцца сумленным стаўленнем да працы.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Ці ёсць сексізм у медыцыне, у асяроддзі медычных сёстраў, успрыманні іх грамадствам і чыноўнікамі?

Так. Пераважная большасць работнікаў сестрынскай справы ў нашай краіне – жанчыны. Таму значнасць іхнай працы часта абясцэньваецца за кошт зрушэння акцэнту на гендарную прыналежнасць і стэрэатып сексуальнасці. Гэта можна пабачыць у фармальных віншаваннях і ўшанаваннях: на першы план вылучаецца прывабнасць, прыгажосць, а не прафесіяналізм. Хоць нам і здаецца, што мы робім прыемнае, падкрэсліваючы жаноцкасць, мы тым самым абясцэньваем прафесіяналізм.

Паводле статыстыкі, 80 % апекі за хворымі прыпадае на медсясцёр. Ці дастаткова іх у Беларусі? Паводле звестак Белстату, вакантных месцаў медсясцёр каля 2,5 тысячы.

Нашыя медсёстры пастаянна чуюць пра чаргу на іхныя месцы. У нашых чыноўнікаў ад аховы здароўя ўжо стала добраю традыцыяй і правілам добрага тону пераконваць іх з першых рабочых дзён, што яны расходны матэрыял, пешкі, якіх замяніць прасцей, чым прабітае кола. Шмат хто верыць у гэта і ўвесь свой працоўны шлях праводзіць у страху страціць працу. Ёсць тыя, у асноўным моладзь, хто праз грэблівае стаўленне, высокія нагрузкі за нізкую аплату сыходзіць з медыцыны. У выніку мы маем пастаянны дэфіцыт у людзях. Кампенсуюць нястачу медсясцёр гэтак жа, як і дактароў: павышэннем нагрузкі для рэшты работнікаў.

Hавiны
«Дзень сурка» ў медсясцёр: 4 гадзіны на вахце, 4 – на адпачынку, і гэтак цэлыя содні
2020.04.27 20:05

Ці адчуваеце вы, што ўлады ўдзячныя за тое, што вы робіце для беларусаў?

Удзячнасць ад уладаў? Нам доўгі час даводзілі, што адсутнасць пакарання – самая высокая ўдзячнасць у нашай дзяржаўнай сістэме. Цяпер наўрад ці даводзіцца чакаць і такой «удзячнасці». А ўсе ўрачыстыя ўзнагароды, граматы, дыпломы ды іншае ў прафесійным асяроддзі выклікаюць у найлепшым выпадку смех.

Вельмі важна зразумець, як мінулы год адбіўся на нашых медыках і медсёстрах у прыватнасці.

У 2020 годзе мы, як і ўвесь свет, сутыкнуліся з новым захворваннем, але ў нас барацьба адбывалася са сваім каларытам. Нам прапанавалі лячыцца трактарам, гарэлкаю, хакеем, козачкамі. Гэтае трызненне дасюль у медычных колах выклікае раздражненне і абурэнне, радзей смех. Не меншае абурэнне выклікае і афіцыйная статыстыка. Нам жа відавочная рэальная карціна. Навошта нас трымаць за дурняў гэтаю нязменліваю колькасцю памерлых?

Рэальнай статыстыкі, на жаль, ніхто дакладна не ведае: яе старанна прыхоўваюць ад усіх. Тыя афіцыйныя лічбы, што мы бачым, выглядаюць, хутчэй, здзекам. Але відавочна, што перахварэла абсалютная большасць медыкаў – як дактароў, так і медсясцёр, фельчараў, санітарак і санітараў. На жаль, не ўсе акрыялі. Медычныя сёстры – у зоне максімальнай рызыкі. Ці шмат мы чулі з афіцыйных крыніцаў пра іх? Калі дактароў яшчэ неяк згадвалі, то пра загінулых медсёстраў я не чуў у дзяржаўных медыях.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Ці закранулі медсясцёр падзеі і водгукі лета 2020-га? Ці ёсць статыстыка, колькі медсясцёр трапіла пад рэпрэсіі? Вам не жахліва ад таго, што ў краіне – эпідэмія, а медыкаў садзяць на содні?

Не толькі на содні. Мы ведаем і пра палітычна матываваныя крымінальныя справы. А хваля звальненняў, калі рук у медыцыне і так катастрафічна не стае… Сёння для Міністэрства аховы здароўя паказаць сваю лаяльнасць да ўлады – значна важней за жыццё беларусаў. Дакладных лічбаў рэпрэсаваных медсясцёр няма, людзі не заўсёды звяртаюцца па дапамогу і афішуюць такія выпадкі, бо баяцца большых праблемаў. Як і большасць беларусаў, яны выказвалі сваю нязгоду з фальсіфікацыяй выбараў. Выходзілі на маршы, пікеты. Вельмі шмат з іх былі сярод валанцёраў, якія дапамагалі пацярпелым на вуліцах і каля турэмных брамаў. Ясна, што іх працягваюць пераследаваць і ўлады, і кіраўніцтва паводле месца працы.

Пасля пратэстаў і масавых звальненняў медыкаў шмат пісалі пра эміграцыю дактароў. Ці шмат медсясцёр пакідаюць Беларусь?

Адказаць на гэта пытанне пэўнымі лічбамі цяжка: ніхто дакладна не фіксуе, куды паехала медсястра, якая звольнілася. Але ўскосна, зыходзячы з росту нястачы медычнага персаналу, асабліва ў сталіцы, і павелічэння міграцыі за мяжу, можна зрабіць высновы, што праблема адтоку спецыялістаў закранула і гэтую сферу. Мы пастаянна чуем ад знаёмцаў, што хтосьці кудысьці зʼязджае, не вытрываўшы ўмоваў і стаўлення.

На сёння пагрозаў звольніць пакуль больш, чым уласна звальненняў. Я не сумняюся, што кіраўніцтва з лёгкасцю іх рэалізуе. Таму колькасць тых, хто выязджае ці збіраецца, расце. Абсалютна відавочна, што для кіраўніцтва лаяльнасць работніка нашмат важнейшая за жыццё пацыентаў. Я магу запэўніць, што не існуе добрай сістэмы аховы здароўя без медсясцёр.

Акцыя салідарнасці. Менск.
Фота: belsat.eu

Якія праблемы цяпер самыя важныя для вас?

Верагодна, такія ж, як і для ўсіх беларусаў: татальны прававы дэфолт, беззаконне, хлусня, тэрор і ператварэнне краіны ў канцэнтрацыйны лагер. Безумоўна, ёсць шмат актуальных прафесійных праблемаў. Але развязаць іх проста немагчыма, пакуль у краіне пануе хаос, адсутнічае адэкватная сістэма кіравання, а агульначалавечыя каштоўнасці не маюць для дзяржавы ніякага значэння.

Медсёстры ўсе ж і ў гэтых умовах адчуваюць, што робяць вельмі патрэбную справу. Пачуццё патрэбы людзям – верагодна, гэта адзін з нешматлікіх фактараў, які яшчэ заахвочвае нашых медсясцёр рабіць сваю справу.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў