Дзвюх жанчын затрымалі за лампадкі і падпіску на канал «Белыя халаты», але не асудзілі з першага разу


Міліцыянт заявіў ім, што канал нібыта прызнаны экстрэмісцкім, але судзілі іх за «несанкцыянаванае пікетаванне», справу адправілі на дапрацоўку.

Telegram-канал валанцёраў «Вясна назірае» расказаў пра затрыманне і суд над дзвюма жанчынамі-медыкамі: 42-гадовай Алесяй Лебедзь і 54-гадрвай Яўгеніяй Жукоўскай.

Паводле валанцёраў, 26 красавіка (у гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС на гэты раз не было акцыяў пратэсту, але ў Менск сцягнулі сілавікоў і спецтэхніку) жанчыны сядзелі на аўтобусным прыпынку ў Менску, побач з імі стаяў хлопец. Да прыпынку пад’ехаў мікрааўтобус, з якога выбеглі невядомыя і пагналіся за хлопцам, затым выйшаў супрацоўнік міліцыі і запатрабаваў у жанчын паказаць торбы. У Алесі знайшлі лампадкі, праз гэта Яўгенію папрасілі паказаць тэлефон.

Міліцыянт пабачыў у тэлефоне падпіску на Telegram-канал беларускіх медыкаў «Белыя халаты» і заявіў жанчыне, што канал нібыта прызнаны «экстрэмісцкім». На момант публікацыі каналу няма ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, пра прызнанне яго «экстрэмісцкім» праз рашэнне суду не паведамлялася.

Hавiны
На могілкі пад Менскам прыгналі аўтазакі
2021.05.11 16:21

Жанчын пасадзілі ў мікрааўтобус, прывялі хлопца, за якім гналіся – жанчыны кажуць, у яго быў разбіты твар. Іх адвезлі ў Фрунзенскі РУУС, на ўсіх склалі пратаколы за «несанкцыянаванае пікетаванне». Жанчын, у якіх ёсць непаўналетнія дзеці, пратрымалі ў РУУС 5 гадзінаў замест прадугледжаных законам трох, але адпусцілі.

7 траўня іх справы разглядзела суддзя Ганна Буйноўская. У матэрыялах справы выявілі шмат памылак, адвакат пры допыце «сведак»-міліцыянтаў выявіў супярэчнасці ў паказаннях. Суддзя не апраўдала жанчын, але і не асудзіла – адправіла справу на дапрацоўку.

АА belsat.eu

Стужка навінаў