Чаму Еўразвяз марудзіць з санкцыямі супраць Лукашэнкі? Тлумачыць Франак Вячорка, дарадца Ціханоўскай


Першы пакет санкцыяў Еўразвязу супраць атачэння Лукашэнкі прынялі 2 кастрычніка 2020 году, другі – 6 лістапада, трэці – 17 снежня. З таго часу чакаецца прыняцце і чацвёртага пакету. Аднак мінула пяць месяцаў, а новых санкцыяў Еўразвязу няма. Чаму?

Франак Вячорка – дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных пытаннях – у эфіры «Белсату» патлумачыў: ёсць краіны, у якіх Беларусь стаіць першай у парадку дня, а ёсць тыя, у якіх іншыя прыярытэты, як то пандэмія каронавірусу, мір на Балканах ці бяспека ў Паўночнай Афрыцы.

Частка краінаў, асабліва ў паўднёва-заходняй Еўропе, кажа ён, «лічыць, што беларускае пытанне супакоілася: крызіс не вырашыўся, але і няма эскалацыі». Таму пытанні аб Беларусі рашаюцца павольней.

«Безумоўна, для замежнікаў, для Еўразвязу важна бачыць карцінку, – тлумачыць Франак Вячорка. – Калі ёсць пратэсты, гэта значыць, што народ не змірыўся, народ змагаецца. Гэта сімптом, што краіна ў крызісе. Калі пратэстаў няма, тады ўзнікае пытанне: ці насамрэч сітуацыя кепская, ці сітуацыя, можа быць, нармалізавалася?»

Hавiны
У ЕЗ заявілі, што чацвёрты пакет санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі прымуць «найбліжэйшымі тыднямі»
2021.05.11 09:38

Ён дадае, што офіс Ціханоўскай у адказ на гэта тлумачыць, што «ва ўмовах фашыстоўскай дыктатуры пратэсты немагчыма арганізаваць». Людзі, кажа ён, цяпер будуюць структуры, камунікуюць, але не выходзяць на вуліцы, бо гэта вядзе да арыштаў. Вячорка дадае, што «падстаўляць людзей мы не хочам – самае каштоўнае, што ў нас ёсць, гэта людзі».

Пры тым такі «незаўважны» пратэст – таксама пратэст, заяўляе Франак Вячорка, і не сведчыць, што «народ змірыўся». Ён дадае: Ціханоўская заклікае будаваць палітыку адносна Беларусі «не на аснове фотак і карцінак, а на аснове каштоўнасцей», бо беларусы «ўжо ўсяму свету паказалі, што яны за новыя выбары і за свабоду».

АА belsat.eu

Стужка навінаў