Беларусы вераць, што хутка адбудуюць свой нацыянальны Нотр-Дам


У Будславе загарэўся нацыянальны санктуарый, галоўная каталіцкая святыня Беларусі. Будслаў, Беларусь. 11 траўня 2020 года.
Фота: АК / Белсат

Навіна пра пажар Будслаўскага касцёлу стала для многіх каталіцкіх вернікаў сапраўдным шокам. Цяпер, калі стыхія ўтаймаваная, вядома, што пацярпеў толькі дах. Асноўныя святыні агонь не закрануў. А ў інтэрнэце гучаць заклікі як мага хутчэй аднавіць пашкоджаны будынак і сабрацца тут на традыцыйны Будслаўскі фэст.

Каталіцкія вернікі не хаваюць эмоцыяў і са слязьмі на вачах распавядаюць пра тое, як даведаліся пра пажар у Будслаўскім касцёле.

«Сочым за сітуацыяй і плачам. Страшна. Вы не ўяўляеце, якая гэтая страшная навіна, калі сябры тэлефануюць і кажуць, каб кідалі ўсё і беглі ратаваць касцёл. Такое адчуванне, што ідзе вайна на вынішчэнне, або мы, або нас… Цяжка вельмі даведацца, што гарыць нашая святыня. Мы з мужам на каленях і молімся», – распавядае «Белсату» Тэрэза Глушакова, каталіцкая верніца.

Жанчына кажа, што наведвае святыню з 1998 году. Штогод прымае ўдзел у пілігрымках.

«Гэта неверагоднае ўзрушэнне і перажыванні, калі прыходзіш туды. Ведаю, што шмат людзей у складаных сітуацыях ездзяць туды, моляцца каля іконы Маці Божай. І ведаю выпадкі, калі здараліся цуды», – кажа жанчына.

Чым адметны касцёл у Будславе

Будслаўскі касцёл сапраўды для каталікоў мае важнае значэнне. Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай лічыцца не толькі цэнтрам духоўнага жыцця, але і ўнікальным помнікам сакральнай архітэктуры і мастацтва. Тут знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай ХVI стагоддзя. Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай («Будслаўскі фэст») была ўнесеная ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКО. Таксама ў будынку знаходзіцца найвялікшы ў Беларусі барочны арган, створаны ў 1781-1783 гадах. Каштоўнасцямі з’яўляюцца галоўны алтар-балдахін. Касцёл у Будславе зʼяўляецца адным з трох храмаў Беларусі, якія носяць тытул малая базіліка.

У Будславе загарэўся нацыянальны санктуарый, галоўная каталіцкая святыня Беларусі.
Фота: АК / Белсат

«Касцёл галоўным чынам асацыюецца з абразам Маці Божай. Абраз перанеслі сюды ў 1613 годзе, ужо больш за 400 гадоў таму. Гэта сапраўды важная для беларусаў святыня. Прычым людзі збіраліся тут і пры саветах, і пры немцах. Касцёл першапачаткова быў драўляным. Пасля ў 1643 годзе стварылі невялікую мураваную святыню, якая захавалася да нашых часоў. Яна цяпер убудаваная ў вялікі касцёл, які паўстаў у 1783 годзе», – распавядае грамадскі актывіст Кастусь Шыталь.

Цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай, які вынеслі з касцёлу падчас пажару.
Фота: Фота Віталь Палінеўскі / catholic.by

Кастусь выказвае меркаванне, што Будслаў для беларускіх католікаў сапраўды галоўная святыня. Таму яго можна і параўноўваць з парыжскім саборам Нотр-Дам. Адметна, што Будслаўскі касцёл ніколі з моманту стварэння не зачыняўся. У савецкія часы тут не было парафіі і ксёндз даязджаў на службы. Але тады ўлады не пераўтварылі касцёл у сховішча зерня, ці ўгнаенняў як гэта было ў іншых месцах.

«Асабіста для мяне і для майго пакалення, каторыя нарадзіліся ў 90-х, ці ў 80-х і якія раслі як вернікі, хрысціяне, гэты касцёл сапраўды Нотр-Дам. Я прайшоў у Будслаў тысячы кіламетраў у пілігрымках. І гэта было з году ў год. Канечне, Будслаў для нас можа сказаць штосьці вельмі трапяткое і месца спатканняў, малітвы за народ. Месца народнага, публічнага пакланення Богу. І тое, што адбылося сёння – гэта не проста пажар у касцёле, гэта тое, што закранае бадай увесь беларускі народ. Так я адчуваю», – кажа Арцём Ткачук, каталіцкі актывіст.

Hавiны
Пілігрымка ў цені рэпрэсіяў і пандэміі. Побач – аўтазак
2020.07.03 18:39

Святыні касцёлу агонь не закрануў

Арцём кажа, што заходзіў у касцёл пасля таго, як патушылі пажар. Паводле яго словаў, скляпенні чорныя ад полымя, але яны не пацярпелі. Арган выратавалі, шмат што паспелі вынесці з касцёлу. Усе мураваныя рэчы не пашкоджаныя. Цалкам згарэў толькі дах. Пакуль невядома, што стала прычынаю пажару.

«Я лічу, што Гасподзь так часам робіць: сур’ёзнай шкоды няма. Усе святыні вынесеныя, сцены і вежы на месцы. Згарэў толькі дах. Канечне, трэба будзе яго рамантаваць. Але насамрэч размова ідзе толькі пра грошы. Можа яно і страшна выглядае, але верагодна, што Гасподзь хоча, каб мы аб’ядналіся ў гэтай справе. Для няверючых гэта ж проста прыгожы касцёл, але магчыма, гэта знак, каб мы распачалі супольна аднаўляць будынак? Такі імпульс для сумеснай працы. З усіх куткоў Беларусі будуць збіраць грошы і мы пачнем больш цаніць Будслаў, такое месцы, дзе збіраюцца людзі», – кажа Арцём.

Вернікі каля Будслаўскага касцёлу падчас фэсту.
Фота: Белсат

Каталіцкія вернікі выказваюць меркаванне, што ў сувязі з пажарам сёлета Будслаўскі фэст усё ж адбудзецца. У мінулым годзе, у сувязі з каронавірусам, афіцыйнага мерапрыемства не было, людзі маглі збірацца паводле свайго жадання. Але звычайна фэст збірае каля 25-30 тысячаў асобаў.

«Сёлета людзі паедуць у Будслаў дзеля таго, каб дапамагчы. Гучаць заклікі адбудаваць касцёл нават да фэсту, але мы разумеем, што гэта больш такія заклікі эмацыйныя. Мы каля 20 гадоў збіралі на новы дах і толькі ў пазамінулым годзе перарабілі яго», – распавядае Тэрэза Глушакова.

Усе ахвотныя могуць пералічыць ахвяраванні на адбудову будслаўскай святыні на разліковы рахунак парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе:

Рэлігійная грамада «Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі» аг. Будслаў Мядзельскага раёну, р/с BY12BAPB30153404200100000000 у ААТ «Белаграпромбанк», г. Мінск, код банку BAPBBY2X, УНП 600195666

Таксама збор сродкаў адбываецца на сайце парафіі праз сістэму webpay.

Абноўлена
Пажар у Будславе патушаны: гарэў нацыянальны санктуарый, галоўная каталіцкая святыня Беларусі
2021.05.11 10:31

СК belsat.eu

Стужка навінаў