Асуджаны на 3 гады «хіміі» студэнт-палітвязень Вінакураў уцёк у Літву

Арцём Вінакураў перайшоў мяжу месяц таму – у дзень разгляду апеляцыі ў яго крымінальнай справе.

Студэнцкая супольнасць «Мірны БДУІР» паведаміла 11 траўня, што прызнаны палітычным зняволеным студэнт БДУІР Арцём Вінакураў пакінуў Беларусь. У інтэрв’ю супольнасці ён расказаў, што зрабіў гэта яшчэ месяц таму. Цяпер ён у бяспецы.

Тры гады абмежавання волі Вінакураву прысудзілі за зрыў лекцыі. Падставаю для крымінальнай пераследу Арцёма стаўся той факт, што 26 кастрычніка 2020 году ён зайшоў у аўдыторыю, дзе вёў заняткі дэкан Леанід Шылін, і заклікаў студэнтаў далучыцца да агульнанацыянальнага страйку. За гэта 28 кастрычніка Вінакурава затрымалі, Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. На судзе студэнта прызналі вінаватым у паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Беларускія праваабаронцы назвалі прысуд палітычна матываваным, прызналі Вінакурава палітвязнем.

Вінакураў кажа: ведаў, што калі паедзе адбываць пакаранне на «хімію», то яму могуць хутка выставіць тры «парушэнні» і адправіць у больш жорсткія ўмовы. За час, адведзены на абскарджанне прысуду, ён здолеў выехаць у Вільню, перасякаў мяжу «па палях, па лясах». Літоўскія памежнікі, кажа ён, сустрэлі яго з разуменнем, бо ён быў не першым такім уцекачом.

У беларускіх турмах, калоніях і ізалятарах на момант публікацыі застаюцца 370 чалавек, прызнаных палітычнымі зняволенымі. Праваабаронцы працягваюць разгляд шматлікіх іншых справаў на прадмет палітычнага пераследу.

АА belsat.eu

Hавiны