14 траўня ў Менску стартуе суд у «справе студэнтаў». Што важна ведаць пра фігурантаў і працэс


Марш студэнтаў. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

У Менску стартуе чарговы палітычны працэс. Гэтым разам – у «справе студэнтаў», у якой праходзяць 12 асобаў. Нагадваем, каго і за што збіраюцца судзіць.

Агулам у Беларусі пад крымінальным пераследам за грамадскую актыўнасць і ўдзел у мірных акцыях застаюцца больш за чатыры дзясяткі студэнтаў. 12 чалавек фігуранты адмысловай справы.

У чым вінавацяць

ВІДЭА
Марш пенсіянераў, медыкаў і студэнтаў
2020.10.26 14:04

26 і 27 кастрычніка, у дні Народнага ўльтыматуму Святланы Ціханоўскай, у беларускіх ВНУ прайшлі самыя масавыя акцыі пратэсту студэнцтва.

А 12 лістапада пачаліся затрыманні, у кватэрах сябраў Задзіночання беларускіх студэнтаў (ЗБС) і ў офісе арганізацыі адбыліся ператрусы. Затрымалі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Ксенію Сырамалот, Ягора Канецкага ды Іллю Трахтэнберга, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту Касю Будзько і Яну Арабейку, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту Вікторыю Гранкоўскую і Настассю Булыбенку, студэнтку Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва Марыю Каленік і студэнта Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту Глеба Фіцнера.

Hавiны
Сілавікі пачалі рэйд па ўніверсітэцкіх актывістах. Затрымліваюць студэнтаў і выкладчыкаў
2020.11.12 15:23

Таксама сілавікі затрымалі выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву і выпускніцу БДМУ, сяброўку Каардынацыйнай рады і прадстаўніцу Святланы Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў Алану Гебрэмарыям. Праз два тыдні, 26 лістапада, супрацоўнікі КДБ затрымалі Таццяну Якельчык, студэнтку мехмату БДУ.

Пасля ператрусаў у пакоях інтэрнатаў і кватэрах бацькоў у студэнтаў забралі камп’ютары, тэхніку, нататнікі ды іншыя ўласныя рэчы. Іх змясцілі ў СІЗА КДБ і пэўны час не дапускалі адвакатаў. Праз 10 дзён маладзёнаў перавялі ў СІЗА на Валадарскага і двойчы працягвалі ўтрыманне пад вартаю.

Следства вінаваціць затрыманых у тым, што яны нібыта каардынавалі пратэсты на месцах, вялі тэматычныя тэлеграм-каналы, асабіста заклікалі да ўдзелу ў акцыях пратэсту, выраблялі і распаўсюджвалі ўлёткі з заклікамі, кіравалі ўдзельнікамі, займаліся іхным рыхтаваннем і матэрыяльным забеспячэннем, паведамлялі пра перасоўванне супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Паводле следчых, пратэставыя акцыі зрывалі адукацыйны працэс і нармальную працу ВНУ, бо моладзь блакавала калідоры, ускладняла праход студэнтаў, выкладчыкаў і наведнікаў, гучна крычала, свістала, скандавала лозунгі, спявала.

Hавiны
«Арганізоўвалі маршы студэнтаў». Следчы камітэт назваў імёны тых, хто праходзіць у «студэнцкай справе»
2021.03.16 12:58

Фігурантам выставілі абвінавачанні паводле ч. 2 арт. 17 і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

Пагром студэнцкага руху

Усіх абвінавачваных беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі.

«Вылучанае ў якасці падставы для затрымання і следчых дзеянняў у дачыненні сябраў ЗБС падазрэнне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), відавочна беспадстаўнае і ставіць гэтую справу ў адзін шэраг з сотнямі палітычна матываваных крымінальных справаў, што вядуцца цяпер уладамі Беларусі супраць апанентаў дзейнага аўтарытарнага рэжыму», – гаворыцца ў заяве.

Hавiны
Затрыманых актывістаў Задзіночання беларускіх студэнтаў прызналі палітвязнямі
2020.11.18 18:16

На думку праваабаронцаў, у сітуацыі, калі «беларускае грамадства абудзілася», пагром студэнцкага руху наўпрост звязаны з яго палітычнай актыўнасцю. Таму яны выказваюць «рашучы пратэст супраць крымінальнага пераследу ды іншых формаў рэпрэсіяў» супраць студэнцтва. Падкрэсліваюць, што дзейнасць ЗБС, Каардынацыйнай рады ды іншых грамадскіх фармаванняў абараняецца артыкулам 36 Канстытуцыі Беларусі і артыкулам 22 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У заяве адзначаюць, што пераслед фігурантаў «справы студэнтаў» – праява палітычных рэпрэсіяў, а зняволеныя – палітычныя вязні.

Судовы працэс у «справе студэнтаў» мае пачацца 14 траўня а 10:00 у судзе Кастрычніцкага раёну Менску. Суддзёю прызначаная Марына Фёдарава, якая яшчэ да 2020 года актыўна брала ўдзел у палітычных справах.

Усім фігурантам справы пагражае да трох гадоў калоніі. Пазнаёмімся з імі бліжэй.

Дарадца Ціханоўскай

Алана Гебрэмарыям.
Фота: Belsat.eu

Сяброўцы рады Задзіночання беларускіх студэнтаў і актывістцы Моладзевага блоку Алане Гебрэмарыям 24 гады. Яны скончыла Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт па спецыяльнасці «стаматалогія». Брала актыўны ўдзел у студэнцкім і грамадскім жыцці, у 2019 годзе – у парламенцкіх выбарах.

«Мы былі ў ініцыятыўнай групе, хадзілі па дамах, грукаліся ў кватэры, але сутыкнуліся з тым, што ўсе ведалі яшчэ падчас мінулай кампаніі: ты стаіш, і табе не адчыняюць дзвярэй. Ці праз адны, другія дзверы на цябе пачынаюць крычаць, гаварыць, што зараз заб’юць, што гэта не цікава, каб не прыходзілі больш», – дзялілася Алана ўражаннямі ў размове з «Белсатам».

Размова
Крычалі ды пагражалі забіць. З чым сутыкнулася кандыдатка ў дэпутаты
2019.10.29 21:20

З пачаткам беларускай рэвалюцыі далучылася да асноўнага складу Каардынацыйнай рады і ў кастрычніку 2020 года была прызначаная памочніцаю Святланы Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў.

Актывістку затрымалі 12 лістапада. У кватэры, дзе яна жыла, учынілі ператрус. Дзяўчыну змясцілі ў СІЗА КДБ. Першы час да затрыманай не пускалі адваката, у СІЗА блакавалі карэспандэнцыю нават ад бацькоў.

Вольная выкладчыца

Вольга Філатчанкава.
Фота: prisoners.spring96.org

Вользе 42 гады, яна працавала асістэнткаю кафедры праграмнага забеспячэння інфармацыйных тэхналогіяў у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. У яе двое дзяцей: малая дачка і сын-студэнт.

На прэзідэнцкіх выбарах Вольга была назіральніцаю. 13 жніўня яна падпісала зварот беларускіх навукоўцаў да ўладаў з патрабаваннем неадкладна спыніць любы гвалт над мірнымі грамадзянамі і вызваліць усіх затрыманых дэманстрантаў ды палітычных вязняў. А 26 кастрычніка далучылася да агульнанацыянальнай забастоўкі і заявіла пра сваю грамадзянскую пазіцыю ў супольным відэазвароце выкладчыкаў БДУІР супраць гвалту. 12 лістапада яе затрымалі.

Яна Арабейка і Кася Будзько з БДПУ

Затрыманым студэнткам педагагічнага ўніверсітэту Яне Арабейцы ды Касі Будзько 21 і 19 гадоў адпаведна. Абедзве –прыхільніцы Задзіночання беларускіх студэнтаў.

Яна Арабейка. Фота з сямейнага архіву

Яна, унучка беларускага паэта Івана Арабейкі, навучаецца на факультэце эстэтычнай адукацыі. Менавіта дзякуючы ейным зваротам адрамантавалі дарогу ад метро да БДПУ. З пачаткам пратэстаў хадзіла ў суды падтрымліваць затрыманых, стала актывісткаю Майстэрні паштовак салідарнасці.

«Яна вельмі працавітая, добрая дзяўчына, заўсёды выдатна вучылася, хадзіла ў наш моладзевы цэнтр творчасці, малявала, займалася журналістыкаю. У гародзе нам заўсёды дапамагала, ніколі без працы не сядзела», – кажа пра актывістку бацька.

Кася Будзько. Фота з сацыяльных сетак

Кася Будзько была ўдзельніцаю разнастайных мастацкіх выставаў, прасоўвала экалагічныя тэмы: велапаркоўкі, асобны збор смецця. Спачатку вучылася ў Гарадзенскім універсітэце імя Янкі Купалы на факультэце дызайну, але там ёй не ставала актыўнасці аднагрупнікаў, таму пасля першага курсу яна дамаглася пераводу ў Менск.

Гісторыі
Бацька палітзняволенай гарадзенкі: Магчыма, мая дачка трапіла ў закладнікі
2020.12.05 08:00

Дзяўчат затрымалі 12 лістапада, Яну – проста ў інтэрнаце. 7 красавіка 2021 года Яну на 5 содняў змясцілі ў карцар у Валадарцы.

Старасты групаў з БНТУ

З БНТУ затрымалі дзвюх старастаў груп – Настассю Булыбенку і Вікторыю Гранкоўскую.

Вікторыя Гранкоўская.
Фота: prisoners.spring96.org

24-гадовая Вікторыя вучылася на чацвёртым курсе архітэктурнага факультэту. Яна сірата, яе з братам выхоўвала бабуля. Перад універсітэтам навучалася ў каледжы і год адпрацоўвала размеркаванне ў Дзятлаўскай дзіцячай школе мастацтваў. З пачаткам пандэміі каронавіруса прыносіла аднагрупнікам пашытыя маскі, камунікавала з дэканатам, каб увесці дыстанцыйную адукацыю. З пачаткам пратэстаў выходзіла з кветкамі на мірныя акцыі.

1 верасня Вікторыю затрымалі падчас збору подпісаў пад петыцыяй да рэктара і змясцілі пад арышт. Настассю за ўдзел у мірных пратэстах арыштавалі на 10 содняў.

Настасся Булыбенка.
Фота: prisoners.spring96.org

«Амапаўцы пазначылі лоб Асі фарбай. Але для мяне было незразумела, як яна магла там апынуцца: яна выглядала незабудкаю, зусім крыштальная, быццам не з нашага часу. Па дарозе на Акрэсціна мы шэптам спявалі «Грай», каб не было так страшна. А ў камеры ляпілі шашкі з хлеба. Ася старалася звяртаць увагу на ўсіх, браць пад сваю абарону слабых і смяяцца, каб было лягчэй», – распавядала сукамерніца.

Пасля арыштаў абедзвюх студэнтак адлічылі з БНТУ, а 12 лістапада іх затрымалі супрацоўнікі КДБ.

МДЛУ і Акадэмія мастацтваў

Глеб Фіцнер.
Фота: prisoners.spring96.org

22-гадовы Глеб Фіцнер быў студэнтам чацвёртага курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту, адзіным хлопцам у групе. Браў удзел у мірных акцыях пратэсту ва ўніверсітэце з 1 верасня.

Ягоная аднагодка Марыя Каленік вывучала экспазіцыйны дызайн у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

«Яна, як і многія, супраць фальсіфікацыі выбараў і супраць гвалту, супраць дыктатуры, і гэтую пазіцыю яна адкрыта выказвала. Мы атрымалі ад яе тры лісты. Бабулі яна піша, што ні пра што не шкадуе, што верная сваім прынцыпам і каштоўнасцям, што не падае духам. Піша, што вельмі сумуе», – распавядала сястра Марыі.

Марыя Каленік.
Фота: prisoners.spring96.org

ФФСН, біяфак і мехмат БДУ

Найбольшая колькасць фігурантаў «справы студэнтаў» паходзіць з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Ксенія Сырамалот.
Фота: prisoners.spring96.org

21-гадовая прэс-сакратарка Задзіночання беларускіх студэнтаў і валанцёрка праваабарончага цэнтру «Вясна» Ксенія Сырамалот навучалася на факультэце філасофіі і сацыяльных навук. Да таго яна вучылася ў беларускамоўнай 23-й гімназіі ў Менску і ў Ліцэі БДУ, двойчы набрала 100 балаў на ЦТ. Публікавалася ў часопісе «Маладосць», у 2019 годзе ладзіла Тыдзень студэнцтва. Увесь час утрымання пад вартаю былі поўныя ці частковыя блакады карэспандэнцыі, у тым ліку ад бацькоў і блізкіх сяброў.

Ягор Канецкі.
Фота: prisoners.spring96.org

Студэнт пятага курсу біялагічнага факультэту Ягор Канецкі быў сябрам Задзіночання беларускіх студэнтаў і актывістам Вольнага прафсаюзу. Яму 21 год. Паводле сяброў, «з першага курсу стаў займацца ў НІЛ біяхіміі абмену рэчываў кафедры біяхіміі ды многія гадзіны прысвячаў займальнай працы ў лабараторыі».

Ілля Трахтэнберг.
Фота: prisoners.spring96.org

На мехмаце навучаўся Ілля Трахтэнберг, 20-гадовы праўнук Навума Трахтэнберга, аўтара першага генплану аднаўлення і развіцця Менску, які ў 1968 годзе атрымаў дзяржаўную прэмію за праект праспекту Незалежнасці. На рахунку архітэктара і генпланы Бабруйску, Магілёва, Мазыра, Маладзечна, Пінску, Віцебску, зоны адпачынку Заслаўскага вадасховішча.

Маладзён гуляў у «Што? Дзе? Калі?». Браў удзел у забастоўках і сустрэчах з адміністрацыяй БДУ. У кастрычніку 2020 года яго, атрымальніка павышанай стыпендыі, адлічылі нібыта за пропускі.

Таццяна Якельчык.
Фота: prisoners.spring96.org

Навучалася на мехмаце і апошняя з затрыманых у межах справы, 20-гадовая Таццяна Якельчык. Яе ўзялі пад варту 26 лістапада. Пры гэтым чэкісты выламалі дзверы. Да таго Таццяну за ўдзел у акцыях шматразова прымушалі пісаць тлумачальныя, давалі заўвагу і вымову, тэлефанавалі бацькам.

«Падставаў для крымінальнага пераследу няма»

У Задзіночанні беларускіх студэнтаў перакананыя, што няма ніякіх падставаў для крымінальнага пераследу і ўтрымання пад вартай усіх, хто праходзіць у гэтай справе.

«Нават з агучанага ў афіцыйных прэс-рэлізах пракуратуры і Следчага камітэту відаць, што ў любы іншы час, акрамя часу цяперашняга палітычнага крызісу, па інкрымінаваных ім дзеяннях ім свяціла б максімум адміністратыўная справа паводле артыкулу за арганізацыю несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Мірныя студэнцкія пратэсты ў Беларусі ніколі не суправаджаліся, да прыкладу, знішчэннем маёмасці, перашкодамі руху грамадскага транспарту ці рэальнай перашкодай працы ўстановаў адукацыі. ЗБС не згодны з пазіцыяй абвінавачання ды інкрымінацыяй іхных дзеянняў як злачынства паводле артыкулаў 17 і 342, бо ў іхных дзеяннях не было фактычнага складу злачынства», – паведамілі ў арганізацыі ў каментары «Белсату».

Hавiны
Акцыя салідарнасці студэнтаў мехмату БДУ
2020.11.28 15:00

У ЗБС лічаць гэтую справу палітычна матываванай, а пераслед яе фігурантаў – незаконным. У арганізацыю падкрэслілі, што «справядлівым рашэннем суда можа быць толькі поўнае апраўданне ўсіх фігурантаў справы і фінансавая кампенсацыя за больш як паўгода несправядлівага пазбаўлення волі».

«У цяперашніх варунках такі прысуд, на жаль, немагчымы, таму мы спадзяёмся прынамсі на «хатнюю хімію» для большасці фігурантаў», – адзначылі ў арганізацыі, дадаўшы, што «няма надзеі на бесстаронні і справядлівы разгляд, бо цяпер, як кажуць «не да законаў».

У ЗБС паведамілі таксама, што адвакаты фігурантаў «справы студэнтаў» застаюцца пад падпіскай пра неразгалашэнне.

«Але з лістоў відаць, што прынамсі большасць фігурантаў і фігурантак трымаюцца добра, вельмі спадзяюцца, што гэта некалі скончыцца (пажадана, каб хутчэй), і цяпер актыўна рыхтуюцца да суда, найперш маральна», – падкрэслілі ў арганізацыі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў