Вайна закончыцца, але забіваць не перастане. Інтэрв'ю з сапёрам пра размініраванне Украіны


Расейскія войскі сыходзяць з поўначы Украіны, пакідаючы за сабой разбамбаваныя і замініраваныя тэрыторыі. «Белсат» паразмаўляў з былым сапёрам Войцехам Вуйціньскім, неаднаразовым удзельнікам замежных місіяў, пра маштабы задачы расчышчэння краіны.

Мы сустрэліся з Войцехам на польска-ўкраінскай мяжы, куды ён з групай валанцёраў прывёз машыны хуткай дапамогі для ўкраінскага добраахвотніцкага медычнага батальёну «Шпітальеры».

Войцех Вуйціньскі, былы сапёр, ветэран місіяў ААН і NATO, разам з групай валанцёраў перавозіць машыны хуткай дапамогі ва Украіну для добраахвотнікаў-ратаўнікоў.
Фота: Пётр Яворскі / belsat.eu

– Ва Украіне не спыняюцца абстрэлы і бамбаванні. Абодва бакі выкарыстоўваюць артылерыю, ракеты, авіяцыю і міны. Пасля адыходу фронту многія міны застануцца ў зямлі. Як будзе выглядаць расчышчэнне Украіны пасля вайны?

– Вайна – гэта не тое, што, скончыўшыся, перастае забіваць. Перш за ўсё неабходна расставіць стандартныя прыярытэты. У першую чаргу расчышчаюцца транспартавыя шляхі, што дасць магчымасць для рэканструкцыі і перамяшчэння тых групаў, якія займаюцца размініраваннем. Затым – асяроддзе для жыцця насельніцтва: абʼекты медыцыны, адукацыі і паслуг. І толькі пры канцы пачынаецца аднаўленне краіны для эканомікі, калі правяраюцца палі, заводы і гэтак далей. Менавіта гэтым мы займаліся ў Ліване ў Цэнтры супрацьміннай дзейнасці (Mine Action Center), арганізацыі размініравання ад ААН.

– Як вы думаеце, такая арганізацыя ад ААН падтрымае Украіну або Кіеву давядзецца наводзіць парадак у краіне ўласнымі сіламі?

– Пытанне ў тым, ці зможа Украіна сабе гэта дазволіць, бо гэта жудасна дарагі працэс, вельмі стамляльны і працяглы. Згодна з усімі канвенцыямі, бакі канфлікту нясуць адказнасць за ачышчэнне тэрыторыі пасля баявых дзеянняў. Уся тэрыторыя, дзе праходзілі баі, павінна быць агледжаная. Калі Украіна не зможа даць рады сама і папросіць дапамогі ААН, то арганізацыя прафінансуе гэта з глабальных рэсурсаў. Але, вядома, не цалкам. ААН будзе спрыяць расчышчэнню інфраструктуры, неабходнай для выжывання насельніцтва (дарогі і населеныя пункты), а пра астатняе павінна будзе паклапаціцца Украіна.

Не будзем хаваць, гэта выдатны бізнес. Амерыканцы, верагодна, будуць радыя прыняць у гэтым удзел. Фірма RONCO, напрыклад, займалася размініраваннем у Афганістане, робячы выдатную працу і зарабляючы на гэтым вялізныя грошы. Было б добра, калі б у гэтым прынялі ўдзел сапёры з Цэнтральнай Еўропы, ветэраны місіяў. Бо найлепшыя сапёры ў NATO – гэта палякі, літоўцы і славакі.

Украінскія сапёры за працай.
Фота: Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацыяў Украіны / Facebook

– Ці праўда, што сапёр памыляецца толькі раз?

– Гэта вельмі далёкае ад праўды. Няшчасныя выпадкі адбываюцца ўсюды, і толькі той, хто нічога не робіць, не памыляецца.

– Вы кажаце так, быццам гэта звычайная праца.

– Ну, гэта не праца на заводзе. Па-першае, сапёра ніхто не падганяе. Па-другое, менавіта ён на сваім метры зямлі прымае ўсе рашэнні і нясе за іх адказнасць. Па-трэцяе, калі ён не можа нечага абясшкодзіць, знішчае з дапамогай узрыўчаткі. Праца сапёра рызыкоўная, як і праца любога салдата. Але ты сам кантралюеш, калі можаш памерці. І потым, гэта праца для вельмі адказных людзей. Тут нельга гнацца за колькасцю, і паміж сапёрамі ніколі не было суперніцтва: я выцягнуў дзве, ты выцягнуў пяць. Паводле нашай польскай сістэмы, самай дакладнай, сапёр на мінным полі павінен працаваць канкрэтна з мінамі тры гадзіны на дзень. Працоўны дзень складаецца з васьмі гадзінаў: адна гадзіна падрыхтоўкі перад, адна гадзіна пасля і шэсць гадзінаў працы на мінным полі ў паўгадзінных зменах. Паўгадзіны праца, паўгадзіны адпачынак.

– Гэта для фізічнага або псіхалагічнага адпачынку?

– Псіхалагічнага. Але гэтыя паўгадзіны пралятаюць імгненна. Сапёр можа папрасіць падоўжыць сваю змену, каб закончыць пачатую працу. Бо калі ты нешта раскапаў, ужо разумееш, як з гэтым паступіць, і пакуль тлумачыш усё зменшчыку, сыходзіць каштоўны час. А зменшчык можа думаць па-іншаму, можа не ўбачыць таго, што ўбачыў ты. Гэта можа прывесці да няшчаснага выпадку. Рашэнне ў гэтым выпадку наступнае. Кожны сапёр рухаецца па сваёй уласнай сцежцы. Гэта калідор шырынёй метр. На адной сцежцы змяняюцца два сапёры, але калі адзін з іх знаходзіць нешта і хоча гэта выкапаць, яго зменшчыка ставяць на іншую сцежку – каб першы, зрабіўшы перапынак, мог вярнуцца ў той пункт, дзе закончыў.

Украінскія сапёры за працай.
Фота: Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацыяў Украіны / Facebook

Выкарыстоўваецца трохэтапнае размініраванне. Спачатку зʼяўляецца мінны трал і ўзрывае частку мінаў. Затым заходзіць чалавек, каб выкапаць тое, што трал прапусціў або пашкодзіў так, што яно не выбухнула, што часам больш небяспечна за непашкоджаную міну. І нарэшце заходзіць жывёліна, якая вынюхвае рэшткі выбухоўкі. Калі тэрыторыя ачышчаная, неабходна правесці выбарачную праверку 10 яе адсоткаў, і калі нічога не будзе знойдзена, то тэрыторыя абвяшчаецца чыстай.

– Гаворка ідзе пра мінныя палі або таксама пра разбамбаваныя, абстраляныя раёны?

– У адпаведнасці з метадычкай ААН, замініраваная тэрыторыя – гэта любая тэрыторыя, якая не была абследаваная пасля баявых дзеянняў.

– На працягу якога часу пасля вайны ва Украіне міны і боепрыпасы, якія не разарваліся, будуць уяўляць небяспеку?

– Нашыя патрулі працягваюць удзельнічаць у размініраванні тэрыторыяў часу Другой сусветнай вайны, і здараецца, што людзі гінуць на мінах 80-гадовай даўніны. Выбуховыя рэчывы робяцца непрадказальнымі пасля такога працяглага часу. Калі гэта тратыл, дык яшчэ паўбяды. Але ініцыявальныя матэрыялы ў дэтанатары непрадказальныя. А сам механізм дэтанатара можа быць настолькі сапсаваным, што выбух можа адбыцца ў любы момант.

Процітанкавая міна.
Фота: Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацыяў Украіны / Facebook

– Ці можна казаць пра нейкі сярэдні час размініравання, напрыклад, гектара? І ці можна разлічыць, колькі часу спатрэбіцца, каб расчысціць Украіну?

– Гэта не паддаецца падліку. У мяне ў галаве ёсць звесткі MAC ад 2014 года, паводле якіх у сярэднім ад вытворчасці міны да яе закладкі ў зямлю праходзіць каля месяца. Але ад закладкі да абясшкоджвання міны праходзіць да 30 гадоў. Прытрымліваючыся гэтай схемы, на размініраванне Афганістану адводзіцца 3000 гадоў. І яшчэ пару словаў пра выдаткі. Міна павінна быць простай, эфектыўнай і таннай. Яна каштуе некалькі дзясяткаў долараў. Аднак кошт абясшкоджвання такой міны можа дасягаць 10 000 долараў. Ёсць мноства фактараў: здароўе і жыццё сапёра, тэхніка, лагістыка, а таксама той факт, што замініраваная тэрыторыя не прыносіць прыбытку.

Атрымліваючы гектар замініраванай зямлі, ніхто не можа сказаць, як хутка ён яго расчысціць. Варта таксама сказаць, што ні адна кампанія не прыме замову, які прадугледжвае расчышчэнне тэрыторыі глыбінёй больш за 30 сантыметраў. RONCO ў Афганістане чысціла да 15 сантыметраў.

– Гэтага дастаткова?

– Не, недастаткова. Многія снарады могуць быць глыбей, гэта залежыць ад шэрагу фактараў. Узяць базу Кандагар у Афганістане, якая была пабудаваная на сезонных рэках. Калі снег сышоў з гор, Кандагар паплыў. Міны тады перамяшчаліся, пакрываліся пластамі бруду. У пустэльні яны засыпаныя пяском. Ніколі не ведаеш, калі была закладзеная міна і колькі пластоў знаходзіцца над ёй. Тэарэтычна немагчыма праверыць глыбей за 30–50 сантыметраў. Гэта значыць, вядома, можна, але на гэта спатрэбіцца вечнасць.

Рэшткі рэактыўных снарадаў «Град».
Фота: Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацыяў Украіны / Facebook

– Дык колькі часу можа заняць расчышчэнне Украіны?

– Шчыра кажучы, каб аднавіць функцыянаванне краіны настолькі, каб людзі маглі жыць, нават не выкарыстоўваючы ўсіх палёў, спатрэбіцца 10–12 гадоў. Я не ведаю маштабаў разбурэнняў, але гледзячы на фатаграфіі, паказаныя ў медыях, можна сказаць, што ёсць рэгіёны, дзе гэта будзе нялёгка. Праблема нават не ў мінных палях, бо бакі канфлікту абавязаныя размініраваць зямлю пасля спынення баявых дзеянняў, прыбраць за сабой. Кожнае міннае поле мае дакументацыю, фармуляр усталёўкі, на якім адзначаныя арыенціры, невымальныя міны – напрыклад з індукцыйным дэтанатарам, якія рэагуюць на дэтэктар, ці супрацьтанкавыя міны. Гэта робіцца таксама для сябе, каб калі баявыя дзеянні спыняцца, можна было выйсці на такое поле і ведаць, дзе што ляжыць.

Але там таксама ўжываюцца касетныя бомбы і міны, якія раскідваюцца. Паколькі невядома, як яны сябе павядуць, яны мусяць мець элемент самаліквідацыі, гэта значыць узарвацца на працягу некалькіх гадзінаў. На жаль, не шмат якія з іх самаліквідуюцца. Звычайна пасля доўгіх гадоў захоўвання батарэі ў іх разраджаюцца. Такія міны трапляюць у розныя месцы, ляжаць там і чакаюць. Нават пасля расчышчэння будзе шмат падрываў на мінах, бо проста немагчыма знайсці іх усе.

– А колькі часу спатрэбілася, напрыклад, каб расчысціць Польшчу пасля Другой сусветнай вайны?

– Пра завяршэнне размініравання краіны было абвешчана ў 1956 годзе, а яно працягвалася з 1944 года, 12 гадоў [пры гэтым 627 салдатаў загінулі, 674 былі параненыя, і некаторыя з ахвяр былі нямецкімі сапёрамі-ваеннапалоннымі. – Заўв. рэд.]. І гэта найлепшы прыклад. Уся краіна была прачасаная ўздоўж і ўпоперак, а зямля дагэтуль час ад часу выштурхоўвае рэшткі вайны.

Ракетны снарад, які не разарваўся.
Фота: Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацыяў Украіны / Facebook

– Калі авіяцыйная бомба ўпала на будынак, разбурыўшы яго верхнія паверхі, то яго мусяць знесці. Ці будзе ў такім выпадку правярацца кожны аскепак?

– Вядома, хтосьці павінен гэта праверыць, ацаніць. На месцы будаўнічай брыгады я б не наважыўся туды ехаць, пакуль гэта не будзе зроблена. Цяжка сказаць дакладна, але на расчышчэнне гарадоў перад іх аднаўленнем спатрэбіцца не менш за 5 гадоў, бо праверка і расчышчэнне непарыўна звязаныя.

– І толькі пасля гэтага пачнецца размініраванне сельскагаспадарчых палеткаў?

– Так, бо няма такіх сілаў і рэсурсаў. Усе сапёры з Польшчы, Славакіі і Эстоніі павінны былі б адправіцца туды, каб мець магчымасць паралельна правяраць сельскагаспадарчыя палеткі. Да праверкі фермеры не павінны выходзіць на палі, дзе праходзілі ваенныя дзеянні, у тым ліку маршы войскаў. І хутчэй за ўсё, праверка гэтая будзе павярхоўнай, бо сельская гаспадарка павінна хутка аднавіцца пасля вайны. Таму, на жаль, будзе шмат няшчасных выпадкаў.

Hавiны
Урон ад уварвання расейскіх войскаў ва Украіну складзе не менш за трыльён долараў
2022.04.10 16:32

– Што сёння найбольш небяспечнае для мірнага насельніцтва і застанецца такім у будучыні?

– Калі ўлады будуць разважлівымі, яны зліквідуюць усе віды пагрозаў, перш чым пусціць людзей. Але ж вы ведаеце, як гэта бывае. Людзі будуць на радасцях вяртацца ў свае дамы, на свае палі – і гінуць там.

Усё, што засталося на зямлі пасля баявых дзеянняў, небяспечнае. Пераважна для дзяцей, бо дарослыя стрыманыя, а дзеці – цікаўныя. У Афганістане большасць дзяцей былі забітыя так званай «мінай-матыльком» PFM-1 і «шаравой мінай» BLU, бо тыя мелі цікавую форму. Снарады будуць валяцца паўсюль, дзеці будуць іх у школы прыносіць. Таму ўрад нясе адказнасць за найхутчэйшае ачышчэнне найбольш важных абʼектаў, няхай нават павярхоўную.

Ілюстрацыйны здымак. Украінскі сапёр.
Фота: Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацыяў Украіны / Facebook

– Калі б вы атрымалі прапанову папрацаваць на размініраванні ва Украіне, паехалі б?

– Мяне два разы прасіць не трэба, – смяецца Войцех.

– Чаму? Чаму сапёр гатовы ісці добраахвотнікам туды, дзе можа загінуць?

– Самае галоўнае – радасць людзей. У арабскіх краінах верх гасціннасці і падзякі – гэта калі табе робяць гарбату з цукрам. І мы пілі такую гарбату тры разы на дзень. Калі ты расчышчаеш чыйсьці дом або ферму, няхай ён яшчэ не так даўно страляў у цябе, і дастаеш з пальмавага гаю амерыканскія міны, ён плача ад шчасця. Гэта цудоўныя моманты. Ты той хлопец, які прыбірае ўвесь гэты бардак і вяртае людзям іхную зямлю.

Фота
«Людзі гарэлі жывымі». Як цяпер выглядае Чарнігаў?
2022.04.10 14:08

Пётр Яворскі belsat.eu

Стужка навінаў