Ні поціскаў рук, ні сумесных фотаздымкаў – як прайшла сустрэча канцлера Аўстрыі з Пуціным

Канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр 11 красавіка сустрэўся з Уладзімірам Пуціным. Перамовы працягваліся 75 хвілін. Пасля сустрэчы Нэгамэр зазначыў, што гэта была жорсткая і адкрытая размова, піша аўстрыйскае выданне Kronen Zeitung.

Канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр. Фота: BKA/Dragan TATIC

Карл Нэгамэр і Уладзімір Пуцін сустрэліся ва ўрадавай рэзідэнцыі Нова-Агарова пад Масквой, у прыватным парадку.

Галоўная думка, якую Карл Нэгамэр хацеў данесці да Пуціна – «вайна павінна спыніцца, бо ў ёй ёсць толькі тыя, хто прайграе, з абодвух бакоў». Канцлер даў зразумець Пуціну, што санкцыі супраць Расеі будуць узмацняцца, «пакуль ва Украіне будуць паміраць людзі».

У Кіеў з візітам прыбыў прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан

Таксама Нэгамэр сцвярджае, што абмяркоўваў з Пуціным вайсковыя злачынствы расейскай арміі на Кіеўшчыне і казаў пра адказнасць вінаватых.

Падчас сустрэчы па просьбе Карла Нэгамэра не было ні поціскаў рук, ні сумесных фотаздымкаў – каб «пазбегнуць іх выкарыстання Расеяй у прапагандысцкіх мэтах».

Нэгамэр ахарактарызаваў сустрэчу як «вельмі жорсткую», «вельмі адкрытую» і «вельмі прамую».

«Гэта не сяброўскі візіт», – падкрэсліў ён.

Цяпер Нэгамер праінфармуе еўрапейскіх партнёраў Аўстрыі пра перамовы і дасць свае рэкамендацыі адносна далейшых крокаў.

Карл Нэгамер стаў першым кіраўніком ураду краіны ЕЗ, які наведаў Расею пасля пачатку вайны ва Украіне. Напярэдадні на выходных аўстрыйскі канцлер наведаў Украіну, сустрэўся з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, пабываў у Бучы.

Зяленскі заявіў, што ягонай сустрэчы з Пуціным, магчыма, не будзе. Таксама ён выказаўся аб перамовах з Расеяй

ГГ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны