Матолька: «Дзейнасць беларускіх партызанаў парушыла да 80 % лагістыкі расейскага войска»


Дзякуючы дзейнасці беларускіх партызанаў, якія перашкаджалі праезду расейскіх вайсковых эшалонаў, была значна парушаная лагістыка паставак для расейскага войска праз тэрыторыю Беларусі. Блогер і стваральнік каналаў «Беларускі Гаюн» і «МотолькоПомоги!» Антон Матолька паведаміў у інтэрв’ю «Еўрарадыё», як паспяхова і ахвярна беларусы блакавалі транспартавае спалучэнне Расеі праз Беларусь з тэрыторыяй Украіны.

У Беларусь прыбыў чарговы эшалон з расейскімі вайскоўцамі для ўдзелу ў вучэннях «Саюзная рашучасць – 2022».
Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь

Матолька адзначыў, што расейцы фактычна маглі выкарыстоўваць адцінак чыгункі ад Гомля да Ельску ці Хойнікаў.

«Гэтыя людзі паўплывалі на рух вайны і паўночны фронт. Ён спыніўся, але мы пакуль не можам сказаць, што ён скончыўся, пакуль украінцы ці заходнія дзяржавы не патрабуюць вываду чужых войскаў з Беларусі», – сказаў Матолька.

Паводле Матолькі, інфармацыя аб вылетах бамбардавальнікаў, запусках ракетаў і перасоўванні тэхнікі, верагодна, паўплывала на тое, што расейскую тэхніку актыўна перакідваюць цяпер на ўсходні фронт – на Белгарад і іншыя расейскія гарады: для атакі на ўсход Украіны.

Аналітыка
Рэйкавая вайна ў Беларусі: дыверсіі, рэпрэсіі ды пагрозы забіваць партызанаў
2022.04.02 10:00

Таксама Матолька пракаментаваў брутальны арышт «рэйкавых партызанаў», якім пры затрыманні прастрэлілі калені. Падобны акт, паводле блогера нельга назваць інакш як фашысцкім. Аднак беларусы не толькі не спужаліся, але сталі актыўней дасылаць паведамленні:

«Мы імкнемся зрабіць усё магчымае, каб захаваць бяспеку людзей. Мы не даем 85 % інфармацыі, якую нам дасылаюць чытачы. Мы збіраем яе для будучых судоў і для таго, каб верыфікаваць тэхніку і людзей, якія на ёй перасоўваюцца, ці накірунак руху. Мы ведаем пра адзінкі арыштаў на дадзены момант».

Аналітыка
«Рэйкавыя партызаны». Што вядома пра затрыманых у Асіповіцкім раёне?
2022.04.07 18:18

Апроч таго Матолька адзначыў, што дзеянні і стратэгія партызанаў заслугоўваюць асобнай пахвалы. Нягледзячы на тое, што многія хочуць відовішчных дзеянняў, па Беларускай чыгунцы ездзяць і пасажырскія цягнікі, і гэта яшчэ адна прычына, чаму цягнікі не пускаюць пад адхон.

«Беларусы пралічылі, што зручней вывесці з працы панэлі, пра якія прапаганда кажа, што яны нязначныя. Іх замена складаная, і многія ўчасткі прыходзіцца аб’язджаць. Гэты граматны рух малой крывёй спыніў каля 90 % эшалонаў», – сказаў Антон Матолька.

Спаленая рэлейная шафа ў ваколіцах Асіповічаў.
Фота: МУС Беларусь

Паводле Матолькі дзейнасць беларусаў таксама дапамагла спыніць хвалю агрэсіі і расейскай прапаганды, якая дзейнічала з мэтай дыскрэдытацыі Беларусі. Матолька адзначыў, што дзякуючы інфармацыі, якую праз небяспеку беларусы дасылаюць у канал «Беларускі Гаюн», можна пабачыць, як змяняецца рыторыка Генштабу ЗСУ і Уладзіміра Зяленскага: ён падзякаваў беларусам, якія дасылаюць каштоўную інфармацыю.

Становішча Беларусі падчас вайны Матолька назваў не інакш як «двайной акупацыяй», бо адна цягнецца ўжо амаль 28 гадоў, а цяпер яшчэ і расейскія войскі ўварваліся на тэрыторыю краіны.

Hавiны
Беларусь – пад расейскай акупацыяй?
2022.03.22 21:44

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў