«Дзякуй Богу, што ён даў Украіне такіх хлопцаў». Разам з байцамі «Дзікай роты» даставілі гуманітарную дапамогу


Вайна ва Украіне працягваецца ўжо другі месяц, але Збройныя сілы Украіны акрамя сваёй асноўнай задачы – вызвалення краіны – дапамагаюць і тым, хто ў выніку ваенных дзеянняў аказаўся ў цяжкім становішчы. Гэтак, рота Браварскога раёну батальёну «Патрыёт» разам з валанцёрамі і добраахвотнікамі развозіць гуманітарную дапамогу па аддаленых паселішчах Кіеўскай вобласці. Здымачная група «Белсату» разам з удзельнікамі батальёну наведала сяло Пэрэмога.

Рота Браварскога раёну батальёну «Патрыёт» дастаўляе гуманітарную дапамогу жыхарам Кіеўшчыны. 10 красавіка 2022 г.
Фота: Белсат

У першую чаргу рота Браварскога раёну батальёну «Патрыёт» дастаўляе харчы, сродкі гігіены і адзенне тым, каму гэта найбольш неабходна. Паводле камандзіра з пазыўным Танк, рота едзе туды, дзе мясцовыя жыхары просяць дапамогі.

«Гэта сарафаннае радыё: дзе разумеем, што патрэбная ежа, туды і едзем. Прыехалі сюды. Былі ў Барышаўцы, былі яшчэ ў розных сёлах, у Дымэрцы. Хто пазваніў, хто папрасіў – мы едзем туды».

Фота: Белсат

Група ездзіць нават па тых паселішчах, дзе яшчэ не праводзілася размініраванне наваколля, а ў лясах дагэтуль хаваюцца варожыя салдаты. Менавіта такое сяло Пэрэмога, якое за час акупацыі амаль цалкам абрабавалі расейцы.

«Мы прыехалі сюды і прывезлі гуманітарную дапамогу людзям, бо тут даволі складаная сітуацыя і гуманітарны крызіс літаральна, тут анічога не было. Людзі даядалі па паграбах апошнюю бульбу, калі іх выцягвалі. Адну бабку выцягнулі – яна сырую бульбу ела. У людзей няма сродкаў для мыцця, у іх нічога няма. І таму мы стараемся давозіць да самых аддаленых сёлаў, дзе яшчэ толкам не было размініравання, дзе яшчэ ёсць сляды прысутнасці «оркаў». Іх перыядычна ловяць, але яны зноў аднекуль бяруцца. Вось у такіх месцах мы хочам дапамагчы», – распавядае валанцёрка Таццяна, якая разам з батальёнам прыехала ў Пэрэмогу.

Фота: Белсат

Жанчына робіць добрую справу, але разам з тым стараецца не вылучаць сябе сярод іншых грамадзянаў. Паводле яе, цяпер усе ўкраінцы занятыя нечым карысным дзеля агульнай перамогі над ворагам.

«У нас сур’ёзнае братэрства: у нас паўкраіны – валанцёры, яшчэ паўкраіны – ваюе. Няма ніводнага чалавека сярод маіх сяброў і знаёмых, хто не робіць чагосьці для перамогі. Нехта робіць сеткі, нехта здабывае ежу, прывозіць яе з фермерскіх гаспадарак. Людзі аддаюць сваё апошняе, бабулі аддаюць кансервы і гэтак далей. Валанцёрам у гэтай краіне можна назваць любога чалавека, нават дзяцей, якія пералічваюць нейкія свае кішэнныя грошы на ЗСУ, каб у нашага войска было падтрыманне».

Фота: Белсат

Удалося журналістам «Белсату» паразмаўляць і з мясцовымі жыхарамі, якія распавялі пра жыццё пад акупацыяй.

Гэтак, Тамара расказала пра асноўны занятак расейскіх салдатаў – рабаванне мірных жыхароў і знішчэнне маёмасці.

«Гэтых расейскіх воінаў нельга назваць другой арміяй у свеце – гэта першая армія марадзёраў у свеце. Гэта нікчэмныя людзі, гэта не войска, гэта нейкія базарныя мужыкі. Ёсць базарныя бабы, а мужыкоў я раней не бачыла, але гэта яны. Яны ў кожную хату заходзілі, білі шыбы і ўсё забіралі з тых хацінаў, што чалавек нажыў. Выехаў чалавек і цяпер тут не жыве, а яны білі шыбы туды залазілі, вырывалі ламамі дзверы, усё ламалі, трушчылі, забіралі матацыклы, ровары, машыны ў людзей забіралі. Яны сябе паводзілі, як у сябе ўдома, а мы баяліся выходзіць».

Фота: Белсат

У такой сітуацыі мясцовым жыхарам даводзілася літаральна галадаць і спадзявацца на вызваленне, што ў выніку і адбылося. Тамара, як і астатнія жыхары сяла, вельмі ўдзячная роце Браварскога раёну за гуманітарную дапамогу. «Мы дзякуем ураду, што толькі выйшлі тыя акупанты, выгналі іх нашы, і нам адразу пачалі завозіць гуманітарку. Мы вельмі ўдзячныя, усе людзі ўдзячныя, што нас не кінулі ў бядзе, бо мы былі месяц у акупацыі і не бачылі хлеба, мы на агні варылі есці, бо ў нас няма ні святла, ні газу. А як прыйшлі ўжо нашы, яны нас не кінулі ні на адзін дзень адных, яны нас вельмі падтрымліваюць, а мы ім вельмі ўдзячныя».

У гэты ж дзень байцы «Дзікай роты», а менавіта так яны называюць сваё падраздзяленне, прывезлі ежу, адзенне і цацкі ў дзіцячы дом сямейнага тыпу, які размяшчаецца недалёка ад Пэрэмогі. Цяпер у ім выхоўваюць 9 дзяцей, сярод якіх некалькі немаўлятаў. Аляксандр – бацька-выхавальнік дзіцячага дому – гаворыць, што ўжо на другі дзень вайны сам пайшоў у ваенкамат, каб далучыцца да абароны Украіны, аднак там палічылі, што ён больш патрэбны выхаванцам. «Праблемы былі, як і ва ўсіх сем’ях – з харчамі, з бензінам. Але самая вялікая праблема – гэта страх за дзяцей. Хлопцы, вялікі вам паклон. Дзякуй Богу, што ён даў Украіне такіх хлопцаў, як вы. Такое пакаленне цяпер, што я проста кожны дзень Богу дзякую, што вы ёсць у нас».

Фота: Белсат

Літаральна за дзень да вайны ў дзіцячы дом прыехала адная з дачок Аляксандра, якая цяпер працуе ў Кіеве. Свае ўражанні ад акупацыі дзяўчына перадае наступным чынам: «Было вельмі страшна, дзеці пачыналі панікаваць, мы іх супакойвалі, мы куплялі хоць якія таблеткі для дзяцей ад трох гадоў, каб ім было лягчэй крыху. Старэйшыя лепш трымаліся, але ўсё адно не верылася. І чым далей было – тым страшней. Было рэальна страшна, але я не так за сябе перажывала, як за сваіх пляменніц і пляменнікаў».

Акрамя неабходнай дапамогі байцы «Дзікай роты» перадалі ў дзіцячы дом украінскі сцяг, які літаральна за паўгадзіны да прыезду байцы ўпрыгожылі сваймі пазыўнымі.

Пры канцы дня рота наведала і мясцовы дом састарэлых, якому таксама прывезлі дапамогу.

Фота: Белсат

У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвесціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй») з мэтай «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны. 27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасці, у тым ліку за скажэнне паняцця «генацыд» дзеля апраўдання агрэсіі супраць Украіны. З пачатку вайны Украіну пакінулі больш за 4,5 млн асобаў.

Масавыя забойствы мірных жыхароў у прадмесцях Кіева заходнія медыі і палітыкі ўжо назвалі генацыдам. Расейскі бок афіцыйна абвяргае сваю датычнасць да забойстваў цывільнага насельніцтва.

Інтэрв’ю
Вайна закончыцца, але забіваць не перастане. Інтэрв’ю з сапёрам пра размініраванне Украіны
2022.04.11 15:21

ВК belsat.eu

Стужка навінаў