Беларусь стаіць на мяжы тэхнічнага дэфолту


Савет Міністраў і Нацыянальны банк Беларусі прынялі пастанову, у якой замацавалі разлікі за крэдыты Міжнароднага і Еўрапейскага банкаў рэканструкцыі і развіцця, а таксама Паўночнага інвестыцыйнага банку ў беларускіх рублях. А рэзідэнтам краінаў, якія ажыццяўляюць «недружалюбныя дзеянні», чыноўнікі ўвогуле пастанавілі не вяртаць пазыкаў. Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка BEROC, у размове з «Белсатам» кажа, што такія захады ёсць тэхнічным дэфолтам.

Фота: Белсат

Беларускія ўрадоўцы кажуць, што ў краіне бракуе еўраў і долараў з прычыны санкцыяў. У сувязі з гэтым пастанавілі вяртаць крэдыты Міжнароднага і Еўрапейскага банкаў рэканструкцыі і развіцця, а таксама Паўночнага інвестыцыйнага банку ў беларускіх рублях. Акрамя гэтага чыноўнікі склалі спіс краінаў, якія ажыццяўляюць «недружалюбныя дзеянні» ў дачыненні Беларусі. А Лукашэнка сваім указам дазволіў не вяртаць даўгі рэзідэнтам гэтых краінаў. У спіс уключылі Аўстралію, краіны ЕЗ, Канаду, Ліхтэнштэйн, Нарвегію, Новую Зеландыю, Албанію, Ісландыю, Македонію, Вялікую Брытанію, ЗША, Чарнагорыю і Швейцарыю.

«Па сутнасці гэта і ёсць тэхнічны дэфолт. Гэта адбываецца, калі краіна не выконвае сваіх абавязкаў, хоць фінансава і магла б. Калі гавораць крэдыторам: «Вось вам пазыкі ў беларускіх рублях, бярыце». Але ў кантракце дакладна прапісана, што аплата мае быць у іншай валюце, гэта і ёсць тэхнічны дэфолт. Пакуль гэта адбываецца толькі з некаторымі крэдыторамі, цікава, што Расеі ўлады Беларусі такога не кажуць. Селектыўны такі тэхнічны дэфолт», – тлумачыць Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка BEROC.

Адметна, што тэхнічны дэфолт Лукашэнка дазволіў яшчэ ў сакавіку, калі падпісаў указ № 93 «Аб дадатковых захадах для забеспячэння стабільнага функцыянавання эканомікі». У ім прапісанае наступнае:

«У выпадку ўвядзення з боку недружалюбных краінаў абмежавальных захадаў, якія прадугледжваюць фактычнае «замарожванне» інвестыцыйных праектаў, што рэалізоўваюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, прыпыненне іх фінансавання, пазбаўленне тэхнічнай магчымасці правядзення разлікаў за дзяржаўны доўг у замежнай валюце, Міністэрству фінансаў, банкам-агентам, іншым юрыдычным асобам даецца права паводле рашэння Савету Міністраў (яго Прэзідыуму) забяспечваць выкананне абавязкаў перад такімі краінамі ў нацыянальнай валюце».

Hавiны
Самы глыбокі крызіс у гісторыі. Эканаміст Крук зрабіў прагноз аб лёсе беларускай эканомікі
2022.03.12 13:12

Насамрэч расплочвацца з вонкавымі пазыкамі Беларусі ўсё больш складана. Спадзявацца на золатавалютныя рэзервы таксама не выпадае. Паводле эканамістаў Telegram-каналу «Нашы грошы», у Нацбанку засталося ўсяго $ 2, 8 млрд «жывых» грошай. Золатавалютныя рэзервы ў сакавіку агулам знізіліся на 8,4 %. У выніку на 1 красавіка 2022 года іх агульны абʼём склаў $ 7,57 млрд.

Якім чынам імаверны дэфолт можа закрануць беларусаў?

Эканамісты кажуць, што тэхнічны дэфолт можа закрануць і беларусаў, якія захоўваюць свае валютныя ашчаджанні ў банках або набылі аблігацыі Мінфіну. Вярнуць свае сродкі ў такім выпадку людзі змогуць толькі ў беларускіх рулях.

Але гэта бадай пакуль адзінае наступства ад магчымага дэфолту краіны для грамадзянаў, мяркуе Кацярына Барнукова.

«Імгненным эфектам дэфолту ёсць тое, што дзяржава не зможа больш пазычаць на вонкавых і ўнутраных рынках. Праўда, для нас гэтае пытанне не такое і актуальнае, бо на вонкавых рынках мы не можам даўно пазычаць. Пазыкі, якія бяруцца на ўнутраным рынку, – яны адбываюцца не зусім на рынкавых падставах. Рэч у тым, што беларускія банкі проста вымушаныя набываць аблігацыі дзяржавы. І нават цяпер, калі назіраем селектыўны тэхнічны дэфолт, яны не могуць сказаць, што не жадаюць набываць новых акцыяў і хочуць вярнуць старыя. У прынцыпе такога быць не павінна», – кажа эканамістка.

Кацярына Барнукова
Кацярына Барнукова.
Фота: «Белсат»

Яшчэ адным наступствам дэфолту можа стацца патрабаванне крэдытораў аб вяртанні іх сродкаў у той жа момант. Праўда, ці атрымала раней Беларусь крэдыты з такімі патрабаваннямі, невядома, кажа Кацярына Барнукова.

«Дэфолт у доўгатэрміновай перспектыве падрывае імідж Беларусі як дзяржавы. Раней нашая краіна заўсёды намагалася выплочваць свае пазыкі своечасова. А вось цяпер нявыплаты паўплываюць на стаўленне да краіны. Нават калі Лукашэнка сыдзе, зменіцца рэжым, то ўсё роўна ад ранейшага дэфолту будзе надзвычай складана адмыцца, бо інвестары не цікавяцца палітычнымі аспектамі і цудоўна памятаюць ранейшае. Таму за гэта прыйдзецца плаціць у будучыні больш высокімі стаўкамі па крэдытах», – кажа экспертка.

Яшчэ ў сярэдзіне сакавіка агенцтва «Moodyʼs» вызначыла рэйтынг нашай краіны як «Ca». Паказнік стану эканомікі Беларусі абваліўся адразу ж на чатыры прыступкі і атрымаў адмоўнае значэнне, што кажа пра імавернасць дэфолту. Эксперты «Moodyʼs» прагназуюць, што дзяржпазыкі Беларусі сёлета дасягнуць 60 % ВУП. Золатавалютныя рэзервы будуць даволі хутка вычарпаныя.

Прыток валюты ў краіну таксама пад пытаннем. На канец 2021 года амаль 25 % беларускага экспарту паступала ў краны ЕЗ. Цяпер праз санкцыі ў адказ на падтрыманне расейскай агрэсіі ва Украіне гандаль з Захадам прыпыніўся. А спадзявацца на новыя крэдыты ў існай сітуацыі не выпадае.

Аналітыка
Дэфолт – не самае страшнае. Наколькі глыбока на дно расейская эканоміка пацягне за сабой беларускую
2022.03.10 09:00

belsat.eu

Стужка навінаў