У Віцебску развітаюцца з паэтам і перакладчыкам Уладзімірам Папковічам


Уладзімір Антонавіч Папковіч.
Фота: Народныя навіны Віцебска

На 87-м годзе жыцця пайшоў з жыцця Уладзімір Папковіч – настаўнік, паэт, перакладчык, паведамляюць «Народныя навіны Віцебска».

Не адзін дзясятак гадоў вакол яго фарміравалася культурнае асяроддзе Віцебшчыны. Уладзімір Антонавіч быў увасабленнем інтэлігентнай разважлівасці і непадробнай цікаўнасці да жыцця і творчасці сяброў, калег і вучняў.

Уладзімір Антонавіч нарадзіўся 25 сакавіка 1935 года ў вёсцы Дварэц на Вілейшчыне, пасля сканчэння факультэту нямецкай мовы МДПІ, працаваў выкладчыкам нямецкай мовы, інжынерам-перакладчыкам, быў загадчыкам кафедты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.

Першы зборнік вершаў Уладзіміра Папковіча «На досвітку» выйшаў у 1978 годзе. Аўтар больш як 10 кніг паэзіі, шматлікіх перакладаў вершаў і прозы з нямецкай мовы на беларускую. Пераклаў на нямецкую мову паэму «Тарас на Парнасе», вершы Давіда Сімановіча.

Быў сябрам Саюза пісьменнікаў СССР з 1981 года і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Лаўрэат прэміі «Сузор’е муз» імя Уладзіміра Караткевіча.

Выдатны знаўца літаратуры і выяўленчага мастацтва, Уладзімір Антонавіч быў жаданым госцем на выставах, прэзентацыях і творчых сустрэчахдля кожнага знаходзіў трапныя і добразычлівыя пажаданні. У апошнія гады, калі здароўе падводзіла, дасылаў сябрам і знаёмым цёплыя словы праз электронную пошту, з дапамогай блізкіх рэгулярна выкладаў старыя і новыя вершы і пераклады на фэйсбуку.

Развітанне адбудзецца ў панядзелак, 12 красавіка, ў рытуальнай зале «Свеча» па вуліцы Петруся Броўкі, 50/4 з 18:00 да 20:00. Родныя просяць не прыносіць вянкоў у сувязі з тым, што нябожчыка збіраюцца крэміраваць, а пахаванне адбудзецца пазней.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў