«Была падарвана наша стабільнасць»: Святлана Ціханоўская выказалася аб трагедыі ў менскім метро


Святлана Ціханоўская выказалася пра гадавіну трагедыі беларускага народа – выбуху ў менскім метро 11 красавіка 2011 года. Тады загінулі 15 чалавек і па неафіцыйнай версіі было больш за 400 пацярпелых. Вінаватых у тэракце: 25-гадовых хлопцаў Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва знайшлі праз пару дзён і прысудзілі да вышэйшай меры пакарання – смяротнай кары шляхам расстрэлу.

Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале сказала, што ў той дзень была падарваная нашая бяспека, давер да суду і тая самая стабільнасць, а таксама заклікала прыйсці сёння да помніка на станцыі метро Кастрычніцкая і ўшанаваць хвілінай маўчання ўсіх загінулых у гэтай трагедыі:

«11 красавіка 2011 года была падарваная наша бяспека. Ад выбуху ў метро загінулі 15 чалавек і пацярпелі больш за 400. Гэтыя сухія лічбы з зводкі навін не здольныя апісаць той жах, які зведалі сотні сем’яў і ўся Беларусь.

11 красавіка 2011 года быў падарваны наш давер суду. Падазраваных знайшлі за лічаныя дні. Іх судзілі, нягледзячы на мноства несутыкненняў, а смяротны прысуд прывялі ў выкананне так хутка, што многія не паверылі ў сумленнасць правасуддзя.

11 красавіка 2011 года была падарваная тая самая стабільнасць. Увесь Менск быў напалоханы, мабільная сувязь не працавала ад перагрузак, людзі шукалі родных па лякарнях і не разумелі, што адбываецца, таму што замест навін чулі жудасныя чуткі.

Hавiны
10 гадоў таму адбыўся выбух у метро. Ключавыя пытанні аб справе Канавалава і Кавалёва
2021.04.11 07:00

З таго дня мы яшчэ вельмі доўга не адчувалі сябе ў бяспецы. Прайшло 10 гадоў – і рэжым зрабіў усё, каб беларусы зноў баяліся хадзіць па вуліцах сваіх гарадоў, не мелі ўпэўненасці ў тым, што будзе заўтра, і былі пазбаўленыя абароны законам.

Пры гэтым самі беларусы дапамагаюць адзін аднаму, як і тады – 10 гадоў таму. Памятаеце, усё падвозілі пацярпелых, аказвалі медыцынскую, юрыдычную і любую іншую дапамогу. Нават у самыя цяжкія дні беларусы паказваюць, што мы – нацыя, якой хочацца ганарыцца. І нацыя, якая змагаецца – за новую Беларусь, дзе ўсе зняволеныя па палітычных матывах на волі і рэабілітаваны, дзе мы адчуваем сябе бяспечна і можам планаваць сваю будучыню, дзе закон не проста выконваецца, але і роўны абсалютна для ўсіх.

А сёння кожны можа прыйсці да помніка на станцыі метро Кастрычніцкая, ускласці кветкі, паставіць свечкі і ўшанаваць хвілінай маўчання ўсіх загінулых у гэтай трагедыі, якой ніколі не павінна паўтарыцца».

Hавiны
Каля ўваходу на станцыі Кастрычніцкая і Купалаўская сёння ганаровая варта
2021.04.11 15:46

АД, belsat.eu

Стужка навінаў