Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі 10 і 11 сакавіка


«Белсат» падводзіць вынікі двух апошніх дзён поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі 10 і 11 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Ва Украіне

Паводле ААН, на 11 сакавіка Украіну з моманту пачатку расейскага ўварвання пакінулі больш за 2,5 мільёна чалавек. Паводле UNICEF, 1 мільён з іх складаюць дзеці. Яшчэ два мільёны ў выніку вайны перамясціліся ўнутры краіны.

У гэты ж час упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны ў правах чалавека Людміла Дэнісава паведаміла, што па стане на раніцу 10 сакавіка ва Украіне загінула 71 дзіця і больш за 100 дзяцей атрымалі раненні.

З пачатку вайны ва Украіну вярнуліся больш за 215 тысяч грамадзянаў, 80% з якіх – мужчыны.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон аб прымусовай канфіскацыі аб’ектаў уласнасці РФ і яе рэзідэнтаў.

Дарадца прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага па эканамічных пытаннях Алег Устэнка паведаміў, што ў выніку ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну разбураныя інфраструктура, будынкі і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці на суму не меншую за 100 мільярдаў долараў. Вайна пацягнула за сабой поўнае спыненне 50% украінскіх прадпрыемстваў, а другая палова працуе на мяжы сваіх магчымасцяў.

Hавiны
Колькасць уцекачоў з Украіны дасягнула 2,5 мільёна чалавек
2022.03.11 13:22

Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны паведамляе, што Пуцін аддаў загад пра падрыхтоўку тэракту на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Паводле крыніцы, адказнасць за тэракт плануюць ускласці на Украіну. На дадзены момант ЧАЭС цалкам адключаная ад сістэм маніторынгу Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі МАГАТЭ.

Мэр Кіеву Віталь Клічко паведаміў, што горад пакінулі 50% жыхароў.

Мэр Харкава Ігар Тэрэхаў заявіў, што расейцы знішчылі ў горадзе 400 шматпавярховых жылых дамоў. Таксама ў Харкаве часова спыняць пастаўкі гарачай вады – усе рэсурсы зараз будуць накіраваны на захаванне цяпла ў кватэрах.

Мэр Марыупалю Вадзім Бойчанка заявіў аб катастрафічнай сітуацыі ў горадзе – расейскія войскі абстрэльваюць жылыя масівы і не дазваляюць даставіць гуманітарную дапамогу. Паводле яго, акупанты «цынічна трымаюць у палоне 400 тысяч марыупальцаў, якія з надзеяй кожны дзень чакаюць гуманітарны калідор», сцвярджаючы, што ён нібыта ёсць.

10 сакавіка расейскія вайскоўцы захапілі Запарожскую АЭС і замініравалі ўзбярэжжа Кахоўскага вадасховішча, якое мяжуе з атамнай станцыяй.

Цалкам разбураны будынак ліцэю ў выніку расейскага ракетнага абстрэлу (27 лютага). Васількова, Украіна. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

У гэты ж дзень беларускія дальнабойнікі Дзмітрый Шылец і Іван Рогаў патрапілі пад расейскі авіяўдар ва ўкраінскім горадзе Корасцень Жытомірскай вобласці. Абодва мужчыны загінулі.

Па горадзе Дняпро было нанесена тры авіяўдары, а менавіта: па дзіцячым садку і шматкватэрным доме, а таксама па двухпавярховай абутковай фабрыцы.

Перад журналістамі 11 сакавіка выступілі тры мужчыны, якія назвалі сябе пілотамі расейскіх паветрана-касмічных сілаў. Вайскоўцы прызналі, што выконвалі злачынныя загады, знішчаючы мірныя гарады Украіны. Таксама пілоты распавялі, што расейская авіяцыя бамбіла ўкраінскія гарады фугаснымі авіябомбамі вагою ад 250 да 500 кілаграмаў. Радыус паражэння такіх бомбаў – 60 метраў.

Сілы супраціву ў Чарнігаўскай вобласці вызвалілі5 населеных пунктаў ад расейскіх акупантаў, пра гэта паведаміла аператыўнае камандаванне «Поўнач».

Дарадца МУС Украіны Антон Герашчанка паведаміў, што група расейцаў выкрала мэра Мэлітопалю Івана Фэдарава, які адмовіўся ад супрацы з ворагам.

У Расеі

11 сакавіка ў Маскве адбылася чарговая сустрэча Пуціна з Лукашэнкам. Апошні заявіў, што прынёс мапу з планамі нападзення на Беларусь Украінай. Паводле Лукашэнкі, гэтага не адбылося, бо Расея ўдарыла першай. Пуцін у сваю чаргу назваў цяперашнюю сітуацыю часам магчымасцяў для таго, каб рухацца ў бок умацавання свайго тэхналагічнага і эканамічнага суверэнітэту.

Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу прапанаваў перадаць «ДНР» і «ЛНР» зброю, у тым ліку сродкі супрацьпаветранай абароны. Таксама ён заявіў, што з Блізкага Усходу паступіла каля 16 тысяч заявак на добраахвотны ўдзел у спецаперацыі ў «ДНР» і «ЛНР».

Хакеры з Anonymous узламалі і злілі базу дадзеных Раскамнагляду, які адказвае за маніторынг, кантроль і цэнзуру расейскіх СМІ. У выніку абнародавана больш за 360 000 файлаў агульным абʼёмам 820 гігабайт.

Hавiны
Лукашэнка заявіў, што Украіна нібыта планавала напасці на Беларусь і прынёс Пуціну мапу
2022.03.11 15:16

У Беларусі

Пасля пачатку вайны ва Украіне затрымалі мінімум восем беларусаў па падазрэнні ў спробе зрыву графіку руху расейскіх цягнікоў са зброяй і датычных да пашкоджання інфраструктуры чыгункі ў Беларусі. «Рэйкавым партызанам» інкрымінуюць падрыхтоўку да акту тэрарызму, ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Аляксандр Лукашэнка 10 сакавіка папярэдзіў Мінабароны пра магчымае вайсковае абвастрэнне. У сувязі з гэтым ён даручыў узмацніць ахову дзяржаўнай мяжы, каб не дапусціць удару ў спіну расейскім войскам.

Паведамляецца, што ўвечары 10 сакавіка каля Лунінца ўпаў расейскі самалёт, падбіты ва Украіне. Пілоты катапультаваліся і засталіся жывыя.

Hавiны
У Лунінецкім раёне пасля крушэння расейскага самалёта праходзіць пошукавая аперацыя
2022.03.11 12:45

У свеце

10 сакавіка адбылася сустрэча кіраўнікоў МЗС Расеі і Украіны ў Турэччыне. Паводле кіраўніка МЗС Украіны Дмытра Кулэбы, бакі пакуль не змаглі дамовіцца пра спыненне агню, паколькі прадстаўнік Расеі не быў упаўнаважаны абмяркоўваць гэтае пытанне.

Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў у сваю чаргу заявіў, што Расея не нападала на Украіну ды не плануе нападаць на іншыя краіны. Акрамя гэтага ён пацвердзіў, што расейскія войскі наўмысна разбамбілі радзільны дом у Марыупалі. Паводле Лаўрова, гэтае месца з’яўлялася ваеннай мэтай, бо там размяшчаўся батальён «Азоў».

Расейскія войскі нанеслі авіяўдар па дзіцячай больніцы ў Марыупалі. 9 сакавіка 2022 г.
Фота: AP Photo / Evgeniy Maloletka

Кангрэс ЗША канчаткова ўхваліў экстраную дапамогу Украіне ў памеры 13,6 мільярда долараў. Законапраект аб выдзяленні экстранай дапамогі Украіне быў прыняты 9 сакавіка ў Палаце Прадстаўнікоў, а ўжо 10 сакавіка яго пераважнай большасцю галасоў ухваліў і Сенат. Цяпер дакумент паступае на подпіс прэзідэнту Джо Байдэну.

Віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Гэрыс заявіла, што краіна выдзеліць 50 мільярдаў долараў на гуманітарную дапамогу ўкраінцам, якія пацярпелі ад расейскай агрэсіі.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што лічыць нерэальным весці перамовы аб уступленні Украіны ў ЕЗ, пакуль краіна знаходзіцца ў стане вайны.

Міністр замежных справаў Кітая Ўан І ўпершыню назваў вайной уварванне Расеі ва Украіну. Ён спадзяецца, што вайна хутка скончыцца.

Кіраўніца МЗС Эстоніі Эва-Марыя Ліймэтс заявіла, што краіна перастае выдаваць шэнгенскія візы расейцам і беларусам. Прычына – незаконнае ўварваннем расейскіх войскаў на тэрыторыю Украіны, а таксама з наступствы санкцыяў, у выніку якіх грамадзяне Расеі не змогуць заплаціць візавы збор. Выключэнне будзе зробленае толькі для тых, у каго ў Эстоніі жывуць родныя, і для тых, хто будзе прасіць візу па гуманітарных прычынах.

Hавiны
Пелетныя заводы ў Беларусі чакае закрыццё
2022.03.11 20:11

ВК belsat.eu

Стужка навінаў