Прэзідэнт Літвы: Лідары ЕЗ сказалі так украінскай еўраінтэграцыі


Лідары краінаў ЕЗ у ноч на пятніцу прынялі заяву, у якой гаворыцца, што Еўразвяз, не чакаючы вынікаў разгляду Еўракамісіяй афіцыйнай заяўкі Украіны пра ўступленне ў ЕЗ, будзе хутка ўмацоўваць сувязі Еўразвязу і Украіны. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

«28 лютага 2022 года, рэалізуючы права Украіны на выбар свайго лёсу, прэзідэнт Украіны падаў заяўку краіны на ўступленне ў Еўрапейскі Звяз. Рада дзеяла хутка і прапанавала Камісіі выявіць сваё меркаванне аб гэтай заяве, згодна з палажэннямі дамовы.

Без прамаруджвання мы будзем далей умацоўваць нашыя сувязі і паглыбляць нашае партнёрства, каб падтрымаць Украіну на яе еўрапейскім шляху», – падкрэсліваецца ў заяве лідараў ЕЗ.

На гэтым пункце акцэнтаваў увагу старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа кажа, што такім чынам лідары ЕЗ фактычна ўхвалілі еўраінтэграцыю Украіны.

«Гістарычная ноч у Вэрсалі, – напісаў у Twitter Гітанас Наўседа. – Пасля пяці гадзінаў гарачых дыскусіяў лідары ЕЗ сказалі так украінскай еўраінтэграцыі. Працэс пачаўся. Цяпер мы і ўкраінцы павінны зрабіць гэта хутка. Гераічная ўкраінская нацыя заслугоўвае ведаць, што яе вітаюць у ЕЗ».

ЕЗ таксама абяцае палітычнае, фінансавае, матэрыяльнае і гуманітарнае падтрыманне Украіне, запэўнівае, што ўсімі сіламі дапаможа аднавіць дэмакратычную дзяржаву пасля вайны.

У дакуменце падкрэсліваюць: «Расея і яе суўдзельніца Беларусь нясуць усю паўнату адказнасці за гэтую агрэсію, вінаватыя адкажуць за злачынствы». Лідары ЕЗ гатовыя «нарошчваць ціск на Расею і Беларусь» ды ўводзіць новыя санкцыі.

РР belsat.eu

Стужка навінаў