Лукашэнка заявіў, што Украіна нібыта планавала напасці на Беларусь і прынёс Пуціну мапу


Падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Маскве Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Украіна нібыта планавала напасці на Беларусь, а Расея іх проста апярэдзіла. Такім чынам Лукашэнка імкнецца апраўдаць расейскую агрэсію супраць Украіны.

Лукашэнка сказаў, што прынёс на сустрэчу з Пуціным мапу, якая нібыта раскрывае планы нападу на Беларусь.

«Не мы на іх напалі. Не мы! Прэвентыўна УСУ пачалі страляць, калі яшчэ мы з вамі за два дні былі ў вас удома. Мы гэта з вамі сядзелі ў верталёце. Дакладвалі пастаянна. Яны пачалі. А я вам зараз пакажу, адкуль на Беларусь рыхтавалася напад. І калі б за шэсць гадзінаў да аперацыі не быў нанесены прэвентыўны ўдар па пазіцыях (4 пазіцыі, я зараз пакажу – мапу прывёз), яны б атакавалі нашыя войскі – Беларусі і Расеі, якія былі на вучэннях», – цытуе Лукашэнку БелТА.

Таксама Лукашэнка заявіў, што «замежныя найміты ідуць уздоўж мяжы Беларусі да Чарнобыльскай станцыі», каб перарэзаць шляхі руху расейскіх войскаў і ўдарыць па іхных пазіцыях у Беларусі. «Яны не страчваюць надзею нас уцягнуць у гэтую бойню беспасярэдне, каб мы агалілі заходні ўчастак», – дадаў ён.

  • Заява Лукашэнкі не адпавядае рэчаіснасці. Расея пры дапамозе Беларусі развязала агрэсіўную вайну супраць Украіны без усялякіх падставаў.
Аналітыка
Крах бліцкрыгу, бамбаванне гарадоў і беспрэцэдэнтныя санкцыі. Што адбылося за першыя 10 дзён вайны
2022.03.05 18:08

РР belsat.eu

Стужка навінаў