Ксёндз Вячаслаў Барок: Калі зло не называецца па імені, то настае трагедыя


Чаму Царква і Касцёл так сціпла асудзілі пачатак ваеннай агрэсіі Расеі ва Украіне?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына, які трымае крыж і праваслаўную Біблію, падчас акцыі пратэсту перад пасольствам Расеі ў Бруселі, Бельгія. 24 лютага 2022 года.
Фота: NICOLAS MAETERLINCK / Belga Press / Forum

– Ідзе вайна, гэта велізарнейшы іспыт для кожнага з нас. А таксама іспыт для нашых хрысціянскіх цэркваў. На жаль, як мы бачым, не кожны іерарх ва ўмовах крытычнай сітуацыі здольны належным чынам здаць такі іспыт. На маю асабістую думку, мы дайшлі да вайны, бо нашыя цэрквы (каталіцкія, праваслаўныя) не да канца выконвалі сваю фундаментальную Хрыстовую місію: прапаведаваць праўду і называць рэчы сваймі імёнамі.

І вось толькі тады, калі даецца маральная ацэнка падзеям, мы можам спрыяць таму, каб праз духоўнаю барацьбу перамагаць зло. А калі зло не называецца па імені, то настае трагедыя. Прыкра, што не адразу хапіла мудрасці ці касцёлу каталіцкаму, ці царкве праваслаўнай прызнаць: так, пачалася вайна! Хаця трэба заўважыць, што на мінулым тыдні было надзвычайнае пасяджэнне Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, якая прызнала відавочны факт наймення не ваеннай аперацыі, а самай сапраўднай вайны. Чаму гэта важна? Каб пераадолець гэты цяжкі час, выйсці з крызісу, трэба спачатку глыбока зразумець, у якой мы цяпер сітуацыі. І разам з тым, калі прагучала слова «вайна», то не было названае імя агрэсара, якім відавочна ёсць армія Расейскай Федэрацыі. І чаму так – гэта, канечне, пытанне. Усе святары разумеюць, што Беларусь і Украіна акупаваныя Расеяй, што свабоды слова ні ў Беларусі, ні ў самой Расеі няма. І калі чалавек толькі публічна выступіць з воклічам «Не – вайне!», то гэта ўжо будзе мець наступствы, ён будзе пакараны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Антываенныя пратэсты ў расейскіх гарадах пачаліся адразу пасля ўварвання Расеі ва Украіну 24 лютага. З самога пачатку яны душыліся ўладай. Масква, Расея. 27 лютага 2022 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Безумоўна, калі няма гэтай свабоды і існуе акупацыя сваім ці замежным рэжымам, то прапаведаваць цяжка, амаль немагчыма. Рабіць гэта трэба вельмі асцярожна. І ўвогуле: калі не маеш права штосьці казаць, то лепш проста прамаўчаць. Бо, калі святар не гаворыць праўды, ён не толькі ў гэтым грэшны, але адначасова становіцца на бок агрэсара, пачынаючы ўжываць тэрміналогію, якая ўводзіць у зман паству, грамадства, краіну. Чаму гэтак адбываецца – філасофскае пытанне. Гэта пытанне багаслоўскае, пытанне існавання зла ў свеце. У такіх умовах як ніколі актуальныя словы Хрыста, які казаў: а ці знойдзе сын чалавечы веру на зямлі, калі прыйдзе другі раз? І мы бачым, што, на жаль, шмат якія палітычныя лідары разгубленыя ў гэтай сітуацыі. І яны маюць на гэта права. Але такога права не маюць лідары царкоўныя, іерархія. Калі яны губляюцца падчас вайны, калі трэба здаць іспыт на чалавечнасць, на сваю веру менавіта цяпер, то наагул паўстае справядлівае пытанне: дык а навошта тады патрэбныя такія іерархіі, такія цэрквы, касцёл, калі яны не ёсць у стане называць рэчы сваймі імёнамі, а толькі азірацца на палітычныя ўмовы.

– Патрыярх РПЦ Кірыл пасля заканчэння літургіі ў саборы Хрыста Збаўцы ў Маскве 6 сакавіка выступіў перад вернікамі з нейкаю няўцямнаю прамоваю, падчас якой зазначыў, што Украіна 8 гадоў імкнецца знішчыць Данбас і правесці там гей-парад. І што гэты грэх, асуджаны Словам Боскім і Старым ды Новым Запаветамі, прапагандуецца з дапамогаю гэтак званых маршаў годнасці. Кірыл надаў барацьбе з такою нечысцю нават не фізічнае, а метафізічнае значэнне, калі разбураецца Закон ды сціраецца мяжа паміж святасцю і грахом. То бок у вайне ва Украіне вінаватая Украіна. Што да чаго тут?

– Калі чалавек так шчыра становіцца на баку зла я як вернік стаўлюся да гэтага спакойна. Тут няма нічога новага. Заўважце: сярод вучняў Хрыстовых былі такія, якія давалі шчырае сведчанне сваёй веры з прапаведаннем праўды і пазбаўляліся жыцця за яе. Але былі і такія, як Юда Іскарыёт, які стаяў на баку зла, хаця ведаў, хто такі Хрыстос і якая праўда. Але грошы ўзялі сваё, і дзеля трыццаці срэбранікаў здраднік быў здольны адштурхнуцца ад Хрыста. Хаця фінал той гісторыі з самагубствам Юды пасля раскаяння добра вядомы. Сёння мы бачым, што гісторыя паўтараецца, бо чалавек той самы. Патрыярх вымаўляў такое абы-што, што было бачна: ён моцна разгублены, ён проста не ведае, дзе дабро і дзе зло. Такім чынам, ён аўтаматычна робіцца суўдзельнікам вайсковых злачынстваў, здраднікам праваслаўя, здраднікам Евангелля. Бо такія прамовы не маюць анічога супольнага з хрысціянствам, якое ні ў якім разе не можа апраўдваць вайны. Іншы падыход, калі мы апраўдваем абаронцаў Украіны і народу, мэта якіх – абараніць сябе, свой край, сваю сям’ю. Але калі патрыярх чужой краіны бласлаўляе сваіх суайчыннікаў на вайну, а тым больш прыкрываецца аргументам, што гэтым бароняцца духоўныя каштоўнасці, тое ўвогуле нонсэнс. Вось так выглядае зло.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг супраць вайны ва Украіне каля расейскай амбасады ў Варшаве, Польшча. 27 лютага 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Перад пачаткам вайны ўсё часцей паказвалі ў тэлевізары Пуціна, які ў адзіноце хадзіў у дамавую царкву прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў Нова-Агарова. Калі ўлічыць, што пакаяння там не праглядалася, то што ён мог прасіць у Бога?

Такая праява рэлігійнага жыцця не мае анічога супольнага з хрысціянствам. Чалавек можа збудаваць сабе храм фізічна, выдумаць сабе штучнага Бога і хадзіць на малітву, просячы Збаўцу нешта зрабіць. Але калі не ўзвесці храму ў душы, то такая паказальнасць абсалютна марная. І я як багаслоў проста не ведаю, пра што ён мог думаць у тую хвіліну, калі здаўна напланаваў сабе вайну, падчас якой будзе пагражаць не толькі ўсяму свету, але і нішчыць сваю краіну. Гэта сутнасць сатанізму. У гэткім выпадку з такім пытаннем трэба звяртацца да псіхіятраў.

– Ва Украіне страляюць па цэрквах. Прычым, як падаецца, мэтава. Хто ў сённяшніх рэаліях можа паліць цэрквы, якія людзі ці нелюдзі? Можа, гэта іншаверцы?

Калі чалавек пакланяецца Богу, а не прапагандзе, не ідалу, то не важна, пры дапамозе якой рэлігіі ён робіць гэта: хрысціянства, ісламу, юдаізму. Калі ты прызнаеш усёю душою існаванне Бога, то ніколі не возьмеш удзелу ў нападніцкай руйнавальнай вайне. Найлепшае выйсце для хрысціяніна, для сумленнага чалавека падчас такіх захопніцкіх войнаў – стаць дэзерцірам. Калі веры няма, то чалавек траціць сумленне, магчымасць адрозніваць дабро і зло. І перад ім ужо няма жалю да бліжняга, ён сам перастае быць чалавекам. Яны ахвяры прапаганды і не ведаюць, што робяць. Але самі вінаватыя, што спакусіліся на гэта. І адказнасць, канечне ж, зазнаюць. Мы бачым, як жаляцца праз тэлефон палонныя. Мы бачым, як яны пераконваюць бацькоў, жонак у тым, што ва Украіне няма і не было ніякай агрэсіі, што ставяцца да палонных добра, ніхто і не збіраецца іх забіваць. Але тая маці, хутчэй, будзе верыць прапагандзе з тэлебачання, чымся сваім сынам, якія трапілі ў палон і перажылі асаблівыя пачуцці, калі на свае вочы пабачылі рэальнасць і зразумелі, што іх проста ашукалі, паслаўшы на гэтую вайну. Бачыце, наколькі душа расейца знішчаная, наколькі гэтая душа сапсаваная. І калі ён ажно так замбаваны, то яму не важна: ці там царква праваслаўная, ці там касцёл каталіцкі, ці мячэць – ён будзе без разважанняў і прамаруджвання, без душэўных пакутаў выконваць загад, скідваючы бомбы на святыні і жылыя кварталы. І нічога пры гэтым не адчуваць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг супраць вайны ва Украіне каля расейскай амбасады ў Варшаве, Польшча. 27 лютага 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Як гаворыцца ў Пісанні, перад канцом свету здарацца розныя жахлівыя прыродныя з’явы, людзі будуць хварэць, сын пойдзе на бацьку, брат пойдзе на брата. Ці не гэта мы бачым у цяперашняй вайне?

Канечне, ёсць пэўны знак у трагедыі гэтай вайны, каб мы задумаліся, апамяталіся, каб асадзілі назад свае плоцкія памкненні, спыніліся, пачалі думаць, аналізаваць. У такім сэнсе гэта вельмі спрыяльны час. І мы бачым розныя праявы чалавечай натуры: калі чалавек пераўтвараецца ў звера з аднаго боку, а з другога, калі квітнеюць міласэрнасць, ахвярнасць, дабрачыннасць. Шмат валанцёраў, шмат людзей з усяго свету, у тым ліку і беларусаў, едуць дапамагаць вызваляць Украіну, тым самым баронячы будучыню і Беларусі, і Расеі ад зла ды нянавісці. І гэтыя людзі паспяхова вытрымліваюць у самых сябе іспыт на чалавечнасць. Гасподзь цярплівы: дае людзям магчымасць уратавацца, узняцца і запэўнівае, што непазбежна адбудзецца перамога любові, праўды і дабра. Як непазбежна, на колькі ні адцягвалася б, надыдзе пакаранне і для злачынцы. І не трэба правакаваць Госпада, спакушаць і выпрабоўваць ягоную цярплівасць. Але варта спяшацца задумацца над сваім жыццём і рабіць адпаведныя высновы. На гэта часу сапраўды можа не хапіць.

Аляксандр Пуціла, belsat.eu

Стужка навінаў