«Беларусаў і ўкраінцаў у гісторыі шмат што аб'ядноўвае». Гісторык Цімох Акудовіч прадставіў новы тэлепраект


Пасля немінучай паразы рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі абноўленая Беларусь пачне будаваць новыя стасункі з Украінаю. Падмуркам можа служыць агульная гістарычная спадчына. Якія з’явы, падзеі ды асобы мінуўшчыны лучаць беларусаў і ўкраінцаў? Распавядзе новы адмысловы праект «Вольныя людзі Украіны».

У сакавіку на нашым тэлеканале мусіла з’явіцца новая гістарычна-забаўляльная праграма «Вусы Скарыны» – пра нечаканыя павароты ў беларускай гісторыі. Але 24 лютага адбыўся яшчэ больш нечаканы паварот: Расея распачала ўварванне ва Украіну.

Аўтар і вядоўца праграмы Цімох Акудовіч пастанавіў, што цяпер вельмі важна пазнаёміць беларусаў з асноўнымі падзеямі ды асобамі ўкраінскай гісторыі. Гэтак паўстаў цыкл праграмаў «Вольныя людзі Украіны».

Цімох Акудовіч. Кадр з праграмы «Вусы Скарыны»

Распачынае цыкл выданне, прысвечанае Запарожскае Сечы, бо казацтва – першае, што прыходзіць у галаву, калі кажаш пра Украіну. Але спецпраект не проста знаёміць з гісторыяй. Ён спрабуе навязаць «масточкі з сучаснасцю», зразумець, як мінулае звязнае з сучасным.

«Падаецца, казацтва – гэта тое, што вяртаецца ва Украіну ў поўнамаштабнай з’яве, – лічыць Цімох і дадае: – На жаль, гэтая ваяўнічасць народу зноўку вымушаная праяўляць сябе ў ХХІ стагоддзі. Натуральнае ўменне ўкраінцаў зліцца, злавацца на несправядлівасць вярнулася. І захацелася гэта абазначыць».

Да таго ж праект спрабуе казаць пра рэчы, што звязваюць Украіну з Беларуссю. А казацтва звязвае, хоць і вельмі па-рознаму. Са станоўчага можна адзначыць, што сярод казакоў быў вялікі адсотак нарадзінцаў Беларусі.

На жаль, казакі паняволі спрычыніліся да знікнення агульнае дзяржавы палякаў, літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў – Рэчы Паспалітае.

«Вялікая трагедыя XVII стагоддзя – у тым, што гэтая казаччына абярнулася супраць дзяржавы, у якой яна была. І, па сутнасці, гэты вялікі канфлікт Русі з Рэччу Паспалітаю шмат у чым і разбіў нас усіх. Мы праз гэты канфлікт усе страцілі дзяржаўнасць: палякі, беларусы, літоўцы, украінцы. І, напэўна, гэта той набор фактаў і памылак, які нам трэба пераасэнсаваць, каб рухацца наперад», – кажа Цімох.

Натуральна, не толькі казацтва лучыць Беларусь і Украіну.

«Нас жа ў гісторыі, калі шчыра, ніколі нічога не раздзяляла, – кажа Цімох пра беларусаў і ўкраінцаў. – У тым сэнсе, што гэтыя вялізныя землі Русі з самых старых часоў – гэта нешта такое, што заўсёды аб’ядноўвалася нечым супольным. І мы толькі ў ХХ стагоддзі фармальна падзяліліся на дзве дзяржавы».

Даведка
Гетманшчына – украінская казацкая дзяржава, якая бярэ свой пачатак у 1648 годзе з паўстання Багдана Хмяльніцкага. Зліквідаваная Кацярынаю ІІ у 1764 годзе.

Прыкладаў станоўчае супрацы ўкраінцаў і беларусаў нямала. Напрыклад, другое выданне будзе прысвечанае Піліпу Орліку (1672–1742), аднаму з самых знакамітых гетманаў Гетманшчыны. А нарадзіўся ён у Касуце каля Ашмянаў.

«Я дазваляю сабе такія пэўныя разважанні, што, магчыма, ён і характарам быў беларусам, бо змагаўся не столькі шабляю, колькі пяром. Але пры гэтым застаўся ў гісторыі Украіны як адзін з найважнейшых персанажаў, – кажа Цімох. – Вось гэта, напэўна, адная з тых асобаў, якая нас аб’ядноўвае».

Не дзіўна, што беларускія добраахвотнікі, якія далучыліся да ўкраінскага войска, кажуць пра агульны лёс, агульную гісторыю ды агульную бяду Украіны і Беларусі.

«Нашыя лёсы паяднаныя не толькі вайной і агульным ворагам, мы яшчэ паяднаныя нашаю гісторыяй. І нашая гісторыя гаворыць, што толькі тады, калі мы былі разам, мы маглі перамагчы ворага. Так пад Грунвальдам было, так і пад Воршаю было, і ў іншых бітвах, дзе мы перамагалі нашых ворагаў», – лічыць беларускі добраахвотнік Альгерд, які родам са Старых Дарог.

Артыкулы
«Калі не выстаіць Украіна, Беларусі не будзе». Беларусы распавядаюць пра свой удзел у абароне Украіны
2022.03.06 12:17

Пра гэта і распавядзе праграма «Вусы Скарыны» ў адмысловым праекце «Вольныя людзі Украіны».

Праграма «Вусы Скарыны» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 19:10. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Стужка навінаў