«Сістэма руйнуецца знутры». Размова з мужчынам, які, нягледзячы на арышты, выходзіць на маршы

Поза, у якой трэба стаяць падчас ранішняй паверкі. 12 сакавіка 2021 года. Фота: ТК / «Белсат»

Наш герой Яўген [імя змененае на просьбу героя] – звычайны фінансіст з Менску. Яго тройчы затрымлівалі на маршах, двойчы ён сядзеў на соднях. Але яму «пашанцавала» (для сучаснай Беларусі): мужчыну ўдалося даказаць незаконнасць свайго ўтрымання. Але ўсё роўна давялося правесці лішнія некалькі гадзінаў у турме. Як гэта адбывалася і чаму, ён распавёў «Белсату».

Затрымалі ў хатніх штанах

Апошні раз Яўгена затрымалі напрыканцы лютага ў менскім мікрараёне Лошыца. Там меўся адбыцца марш. Мужчына ехаў туды па сваіх справах і пастанавіў далучыцца. Але шэсце нават не паспела пачацца – сілавікі ведалі пра пачатак маршу.

«За 10 хвілінаў да пачатку маршу прыехаў бусік, адтуль выйшлі людзі ў цывільным і пачалі ўсіх забіраць без разбору. Збольшага забралі дзяўчат, са мной у бусе ехалі толькі тры хлопцы. Адзін з іх – бацька чацвярых дзяцей, які проста выйшаў з пад’езду паглядзець, што адбываецца. Ён і апрануты быў адпаведна – у хатніх штанах!

Кожную раніцу а 8:00 усю камеру выводзяць у калідор. Ставяць уздоўж сцяны, рукі трэба пакласці на сцяну далонямі ўверх. Пасля зняволеных абшукваюць. Затым трэба зняць абутак і трымаць яго ў руках за спінаю падэшвай уверх. Пасля абутак можна надзець і стаяць уздоўж сцяны, трымаючы рукі за спінай, чакаць, пакуль работнікі ЦІП агледзяць камеру. Гэтая працэдура называецца ранішняю паверкай, або шмонам па-турэмнаму. 12 сакавіка 2021 года. Фота: ТК / «Белсат»

Дарога ад РУУС да Акрэсціна была доўгая, але вясёлая. Адна з дзяўчат працавала кухарам у менскай піцэрыі ды прапаноўвала сілавікам заехаць да яе на працу падсілкавацца. Такім чынам спрабавала падтрымаць тых, хто ўпершыню апынуўся ў аўтазаку.

Некаторыя сілавікі нібыта нават былі на баку пратэстоўцаў. У нашага героя на руцэ падчас затрымання быў бел-чырвона-белы бранзалет, дык яму нават не загадалі яго зняць.

Падлога, падобная да той, што на Акрэсціна. 12 сакавіка 2021 года. Фота: ТК / «Белсат»

Лазня на Акрэсціна

Першая ноч на Акрэсціна прайшла добра.

«Там нават была бялізна!» – кажа Яўген.

Але пасля суда, на якім яму далі 25 содняў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і супраціў міліцыянту, умовы імкліва пагоршыліся.

У камеры на 4 чалавек былі 12 асобаў. Прычым батарэі вельмі моцна грэлі – так, што з камеры ажно ішла пара. Бялізны вязням не давалі, даводзілася спаць на падлозе штабялямі. Яўген сядзеў і ў Жодзіне, і ў Баранавічах, але такая «жэсць» – толькі ў Менску.

«У Баранавічах, напрыклад, колькасць спальных месцаў адпавядае колькасці асобаў. На Акрэсціна рэдка такое шчасце бывае. Прычым у дадатак батарэі грэюць так, што не дакрануцца, нібыта кіпень. Таму камера пераўтвараецца ў лазню. Ляжыш, але толькі крыху паварушышся – адразу пачынаеш аблівацца потам. У такіх умовах няма нават бялізны. Але потым былі два дні, як батарэі ўвогуле выключылі. Дарэчы, пасцельную бялізну забіраюць толькі ў палітычных. Рэшта мае».

Гэтак адміністрацыя спрабуе выклікаць канфлікт паміж крымінальнымі і палітычнымі вязнямі. Але звычайна такія спробы не маюць сэнсу: арыштанты падтрымліваць сяброўскую атмасферу.

Некалькі начэй Яўген [імя змененае на просьбу героя] спаў на падлозе, як тады, калі ў чатырохмеснай камеры былі 12 чалавек. 12 сакавіка 2021 года. Фота: ТК / «Белсат»
Дарэчы, сваякам Яўгена не сказалі, дзе ён:

«Сваякі даведаліся толькі пасля суда, дзе я. Ні праз 102, ні ў ГУУС Менгарвыканкаму не казалі. Жонцы прыйшлося падаць мяне ў вышук. Толькі так даведалася, што я ў ЦІП».

Яўген параўноўвае ўмовы з катаваннямі:

«За 11 содняў не выводзілі ані разу на вуліцу, нават памыцца. Калі так сядзець 25 содняў, то лёгка вярнуцца дадому з вошамі. І цяпер у нас пандэмія каронавіруса!»

Сяброўства з крымінальным аўтарытэтам

Разам з Яўгенам у камеры сядзеў адзін з найбольш вядомых крымінальных аўтарытэтаў Беларусі – Аляксандр Кушнер. Яму далі 15 содняў за непадпарадкаванне міліцыі падчас затрымання. Нягледзячы на крымінальны стаж (са сваіх 54 гадоў 27 Аляксандр правёў у турме), ён быў вельмі прыемным, адукаваным і адэкватным чалавекам. Асабліва ўражваў кантраст рэшты сукамернікаў з правапарушэннямі Аляксандра. Яны сядзелі содні за стужкі і бел-чырвона-белыя сцягі ў вокнах, а ён меў рэальныя крымінальныя тэрміны.

Турма на вуліцы Валадарскага, Менск. Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Уявіце: гэты чалавек палову свайго жыцця правёў у турмах. Ён вельмі шмат ад уладаў нацярпеўся. Напрыклад, ён быў прыгавораны да расстрэлу. Год прасядзеў на Валадарскага, штодня яго маглі расстраляць. Але Вярхоўны Суд адмяніў вырак і прызначыў 15 гадоў замест найвышэйшай меры. Уявіце, што мусіць пасля такога чалавек адчуваць да дзяржавы?» – распавядае Яўген.

Менавіта Аляксандр намагаўся ўсімі сіламі падтрымліваць добрую атмасферу ў камеры. Ён пільна сачыў за тым, каб паміж вязнямі не было аніякіх канфліктаў.

«Мяне натхняла, наколькі гэты чалавек прытрымліваўся сваіх прынцыпаў. Адзін з найбольш прыемных людзей, якія мне сустрэліся падчас содняў», – смяецца наш герой.

«У ЦІП такі бардак!»

Жонка разам з адвакаткаю на волі змагаліся за лёс Яўгена. Яны пісалі скаргі ўва ўсе інстанцыі і ў выніку ім удалося абскардзіць пастанову аб 25 соднях.

«Мне далі азнаёміцца з нейкаю скаргай у аўторак, праз тыдзень пасля затрымання. Далей – інфармацыйны вакуум. Пра адмену рашэння суда – аніякай інфармацыі. Я зусім не ведаў, што жонка дамагалася апеляцыі і што мяне мусілі адпусціць у чацвер. З чацвярга на пятніцу мяне не выпускалі. Абсалютна незаконна. Адвакатка казала, што гэта першы раз адбылося ў ейнай практыцы», – згадвае Яўген.

Фота: ТК / «Белсат»

Жонка нават не ведала, ці жывы ён.

«Яго мусяць выпусціць, але дзе ён, невядома. Я так перапалохалася. Думала, можа, збілі так, што ён увесь чорны. Хаваюць, пакуль не загоіцца. Таму і пісала скаргі. Магчыма, гэта спрацавала», – распавядае жанчына.

Сам Яўген нават не здзіўлены тым, што яго не выпусцілі ў час:

«У ЦІП такі бардак! Аніхто не ведае, што рабіць. Не ведаюць, колькі чалавек у камеры. Нібыта няма нават цэнтралізаванай базы».

Фота: ТК / «Белсат»

14 содняў за сцяг Англіі

Каб пацвердзіць свае словы, наш суразмоўца распавядае некалькі гісторыяў людзей, з якімі ён сядзеў на Акрэсціна:

«Са мною быў хлопец, якога ўзялі за сцяг Англіі, гэта чырвоны крыж на белым фоне. Ён фанат англійскага футболу і тлумачыў гэта на судзе. Не паверылі. Далі 14 содняў».

Сядзеў з ім у адной камеры і старэйшы следчы, які працаваў у невялікім горадзе Менскай вобласці:

«Пасля выбараў ён звольніўся з працы, мусіў выплочваць 8 тысячаў. Доўга шукаў працу, і ў выніку яго ўзялі на пасаду тэставальніка. Падчас выпрабавальнага тэрміну яго затрымалі за бел-чырвона-белы сцяг. Спадзяюся, на працы ў мужчыны ўсе будзе добра».

Мужчына зазначае, што рэпрэсіі не паўплывалі на ягоны настрой. Наадварот, ён бачыць, як сістэма руйнуецца па цэглінцы.

«Таму і на маршы я буду выходзіць далей», – кажа Яўген.

«Жывёліны, вы не ўяўляеце, куды трапілі. У пекла!» Гісторыя № 11 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Hавiны