«Метады НКВД нікуды не сышлі з Беларусі». Бацькі палітвязня Арцёма Саўчука – пра сына і прысуд


30-гадовы праграміст Арцём Саўчук з 2011 года жыў у Польшчы, куды з’ехаў паводле праграмы Каліноўскага пасля выключэння з універсітэту за ўдзел у Плошчы-2010. У жніўні 2020 года прыехаў у Беларусь на вяселле былога аднакласніка. Праз тыдзень пасля выбараў дапамог кіроўцу адбуксаваць аўтамабіль, які стаў проста на праезнай частцы. Давёз у суправаджэнні ДАІ да запраўкі. А там узніклі пытанні да польскіх нумароў аўта Арцёма. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых закалотах і прысудзілі чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Арцём Саўчук. Фота з сямейнага архіву

Арцём Саўчук са жніўня застаецца ў СІЗА на Валадарскага. У канцы студзеня быў суд. На 16 красавіка прызначылі разгляд апеляцыйнай скаргі. Беларускія праваабаронцы прызналі маладзёна палітычным вязнем. «Белсат» паразмаўляў з бацькамі Арцёма пра сына, акалічнасці затрымання, умовы ў СІЗА.

З беларускага ўніверсітэту выключылі – стаў праграмістам у Польшчы

Арцём Саўчук нарадзіўся 23 ліпеня 1990 года ў Менску. Летась, незадоўга да выбараў, адзначыў сваё трыццацігоддзе.

Пасля школы Арцём паступіў у БНТУ. У 2010 годзе за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах быў асуджаны на 12 содняў арышту, якія правёў на Акрэсціна. Неўзабаве хлопца выключылі з універсітэту. Тады Арцём паступіў у Кракаўскі навукова-тэхнічны ўніверсітэт паводле Праграмы Каліноўскага. Атрымаўшы дыплом праграміста, адразу ўладкаваўся на працу ў Кракаве, дзе і жыў да мінулага лета. Як распавёў Андрэй Саўчук, бацька маладзёна, нядаўна сын аформіў індывідуальнае прадпрымальніцтва, супрацоўнічае з фірмамі. Уладкаваў беларус і асабістае жыццё: сустракаецца з полькаю.

У Беларусь Арцём прыязджаў раз ці два на год. Час для паездак выбіраў такі, каб можна было дапамагчы бабулі і дзядулю на лецішчы: вельмі іх любіць і заўсёды перажываў, як яны без ягонай дапамогі. Нават набываў машыну, каб было зручней дапамагаць бабулі і дзядулю, кажа бацька Арцёма.

Арцём Саўчук. Фота з сямейнага архіву

Сэлфі як доказ удзелу ў масавых закалотах

Летась былы аднакласнік запрасіў Арцёма на вяселле, якое павінна было адбыцца 28 жніўня. Маладзён пастанавіў ехаць са сваёй дзяўчынай Ізабэлай: яна планавала прыляцець 22 жніўня, сам жа Арцём паехаў крыху раней аўтамабілем. Выехаў з Кракава 8 жніўня.

У Варшаве Арцём разам з сябрам заязджалі ў амбасаду прагаласаваць, але была вялізная чарга, якая вельмі павольна рухалася. Зразумеўшы, што не паспеюць, яны паехалі. У Менску былі 8 жніўня ўвечары.

9 жніўня Арцём разам з бацькамі хадзіў на выбарчы ўчастак. Увечары яны таксама ўсе разам прыйшлі чакаць вынікаў. Нягледзячы на тое, што адбывалася ў горадзе, сям’і тады ўдалося спакойна вярнуцца дамоў.

Гісторыі
«Для нас больш няма чорнага і белага – толькі чорнае». Бацька дырэктара Прэс-клубу возіць яму перадачы за 150 км
2021.02.10 07:36

Падзеі ж, за якія потым судзілі Арцёма і ягонага сябра, таксама Арцёма – Хвашчэўскага, адбываліся ўвечары 10 жніўня.

«У той панядзелак Арцём з сябрамі катаўся ў горадзе. Увечары яны не змаглі даехаць машынай у бок Кунцаўшчыны, дзе мы жывём, бо рух быў перакрыты, – распавёў спадар Саўчук. – Пакінулі машыну каля гатэлю «Bon» і пайшлі пешшу ў бок станцыі метро «Пушкінская». Там тады сабралася шмат людзей. Арцём разам з Хвашчэўскім зрабілі сэлфі. Яно якраз і сталася падставаю для абвінавачвання абодвух як сведчанне ўдзелу. У справе Хвашчэўскага гэтае фота наагул было амаль адзіным доказам».

Арцём Саўчук. Фота з сямейнага архіву

Узброены супраціў з дапамогаю вазкоў з гандлёвага цэнтру

Паводле спадара Андрэя, калі пачалася зачыстка станцыі метро «Пушкінская», абодва Арцёмы пабеглі ў розныя бакі і згубіліся. Сустрэліся пазней каля станцыі метро «Спартыўная». А там нейкі мужчына выкочваў вазкі з гандлёвага цэнтру «Цівалі» і штурхаў іх у бок скрыжавання з вуліцаю Бельскага.

«Той незнаёмец папрасіў Арцёма дапамагчы, бо штурхаць трэба было ўгару, – кажа спадар Андрэй. – А сын заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, таму крыху падштурхнуў вазкі».

Гэты момант стаўся асноўным эпізодам абвінавачвання: пракурор на судзе казаў, што Арцём «здзейсніў пагром шляхам рабавання сховішча вазкоў, якія потым выкарыстоўваліся для ўзброенага супраціву міліцыянтам».

Што адбывалася тады ля «Пушкінскай», спадар Андрэй з жонкаю бачылі на ўласныя вочы.

Гісторыі
«Мама, я вытрымаю. Ты, галоўнае, не плач». Размова з сям’ёю палітвязня Арцёма Хвашчэўскага
2021.03.07 08:00

«Я прайшоў пешшу амаль праз увесь горад, машыну пакінуў у Серабранцы, бо рух быў перакрыты, – згадвае бацька палітычнага вязня. – З жонкаю сустрэўся ў цэнтры і пайшлі ў бок дому. Мы бачылі і чулі, што наперадзе, у кірунку «Пушкінскай», усё грымела, была сапраўдная кананада».

Каля гатэлю «Арбіта» сужэнцы трапілі ў воблака газу. Ля станцыі метро «Спартыўная» сустрэлі Арцёма з сябрамі.

Машына з польскімі нумарамі? У РАУС і на Акрэсціна!

Тыдзень пасля гэтых падзеяў сям’я Саўчукоў жыла спакойна. А 17 жніўня каля Тэатру музычнай камедыі Арцём з сябрам Арцёмам Хвашчэўскім убачылі аўтамабіль на аварыйнай сігналізацыі. Пастанавілі дапамагчы, узялі на буксір. Пад’ехала ДАІ і суправаджала іх да запраўкі.

«А там, як распавядаў Арцём, пачаліся пытанні: «Чаму машына з польскімі нумарамі? Будзем правяраць», – кажа спадар Андрэй. – Пад’ехаў бус без апазнавальных знакаў з ціхарамі, сяброў запхнулі і павезлі ў РАУС».

Арцём Саўчук. Фота з сямейнага архіву

Маладзёнам не далі паведаміць родным пра затрыманне.

«17 жніўня ўвечары Арцём перастаў выходзіць на сувязь. 18-га а 4:00 мы сталі тэлефанаваць у лякарні, моргі, – згадвае бацька палітычнага вязня. – Жонка паехала ў Фрунзенскі РАУС і напісала заяву пра знікненне чалавека. Гэтак жа і мама Хвашчэўскага. Да нас прыехалі агледзець месца пражывання зніклага».

Толькі ўвечары 18 жніўня следчы паведаміў Саўчукам, што Арцём – на Акрэсціна. Бацькі паехалі туды, але сына не знайшлі – у ізалятар яго даставілі толькі на наступны дзень. Праз некалькі дзён маладзёна перавялі на Валадарку. Спачатку абодвух Арцёмаў падазравалі ў арганізацыі масавых закалотаў (ч. 1 арт. 293 КК РБ). Але потым справу перакваліфікавалі на ч. 2 арт. 293 КК – «Удзел у масавых закалотах».

Захоп дзяржаваю закладнікаў

У лістах Арцём піша, што ў СІЗА ў яго ўсё добра, наколькі гэта можа быць у такіх умовах, адзначае бацька палітычнага вязня. З перадачамі праблемаў няма, лісты даходзяць, але з вялікімі затрыманнямі.

«Арцём стараецца не падаць духам. У верасні–кастрычніку, калі яшчэ можна было ў СІЗА перадаваць кнігі, прасіў, каб яму прыносілі літаратуру аб праграмаванні – усё ж такі трэба падтрымліваць узровень, «быць у трэндзе», – адзначае спадар Андрэй. Цяпер кнігі з волі забаранілі.

Бацька Арцёма непакоіцца, што зняволенне можа адбіцца на працы сына, але адначасова ўпэўнены, што той хутка нагоніць усё пасля вызвалення, пагатоў калегі вельмі яго падтрымліваюць, пішуць лісты.

«Тое, што мы цяпер бачым, – гэта захоп дзяржаваю закладнікаў, якія потым будуць выкарыстаныя ў нейкіх абменах, – разважае бацька вязня. – Я вельмі хачу верыць, што ўсе цяпер асуджаныя не будуць сядзець гэтыя вялізныя тэрміны».

Гісторыі
«Я гатовая да гадоў»: 23-гадовая Соф’я чакае вяртання свайго хлопца-палітвязня
2020.12.21 08:11

У тым, што аднойчы пераможа справядлівасць, упэўненая і спадарыня Тамара, маці Арцёма Саўчука:

«Хлопцы трапілі пад каток гэтай сістэмы.

Цяпер любы можа чакаць, што а 7:20 да яго прыйдуць, узламаюць дзверы і «павесяць» крымінальную справу. Мы ўсе жывём у гэтым страху. У нас некалькі пакаленняў ужо вырасла з гэтым – баяцца нешта сказаць ці зрабіць, бо потым па цябе прыйдуць. Метады НКВД нікуды не сышлі, імі тут карыстаюцца іхныя спадкаемцы.

Я спадзяюся, што ў дзяцей Арцёма не будзе гэтага страху перад сістэмаю, што яны народзяцца і вырастуць свабоднымі».

«Летась у Беларусі Арцём убачыў вольных людзей»

Пра Арцёма спадарыня Тамара кажа, што галоўная ягоная якасць – неабыякавасць. Яму ніколі не было ўсё роўна, што адбываецца ў ягонай краіне, таму ён быў на Плошчы ў 2010 годзе, таму прыехаў летась – вельмі хацеў паглядзець, як «нашае грамадства нарэшце захацела жыць інакш». Паводле маці Арцёма, маладзён адзначаў змены ў Беларусі: улетку ён убачыў у Менску не насельніцтва, а вольных еўрапейцаў – зычлівых, адкрытых, з усмешкамі. Нават разважаў пра вяртанне дамоў.

«Казаў, што колькі б ты гадоў ні пражыў за мяжой, ніколі там не будзеш мясцовым, заўсёды насамрэч на сваім месцы ты будзеш удома, на радзіме, – кажа спадарыня Тамара. – А дзяржава з ім вось як: у турму – за тое, што ён двойчы не змог прайсці міма. Спачатку дапамог пхаць тыя вазкі, потым – адбуксаваць машыну. А польскія нумары ягонага аўтамабіля сталіся для іх сапраўдным «падарункам», добра ўпісаліся ў казку пра лялькаводаў».

Hавiны
«Дзеці – смелыя і сумленныя – плацяць за нашую абыякавасць». Размова з маці 18-гадовага палітвязня
2021.02.17 15:25

«Тыя, хто за кратамі, спадзяюцца на нас»

Спадарыня Тамара лічыць, што сёння ў беларускім грамадстве ўжо не можа быць тых, чыя хата з краю: тое, што адбываецца, датычыць кожнага, «калі ўлада пастановіць закрыць некага, гэта толькі пытанне часу – сёння ці заўтра».

«Улада кідаецца ў самае жудаснае прыгнятанне народу: нам нельга збірацца з суседзямі, выкарыстоўваць бел-чырвона-белыя спалучэнні, абараняць уласную сям’ю ад «гопнікаў у масках» – кажа жанчына. – На маю думку, змяніць гэта ўсё проста: трэба ўключыць уласную галаву і мець смеласць сказаць «не» злачынным загадам, памятаць, што мы найперш проста людзі, якія супраць гвалту, несправядлівасці, якія жадаюць спакою, упэўненасці ў заўтрашнім дні».

Але, нягледзячы ні на што, маці палітычнага вязня верыць у лепшую будучыню Беларусі.

«У Бога няма выходных, і кожны атрымае за свае заслугі, – мяркуе Тамара Саўчук. – Я лічу, што няма чаго баяцца. Свабода заўсёды ў нас унутры. Што яны могуць зрабіць з гэтаю свабодаю? Забіць нас усіх? А яшчэ мы павінны памятаць, што тыя, хто за кратамі, вераць у нас і вельмі на нас спадзяюцца».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў