Беларусы, якім дапамог «BY_help», сталіся фігурантамі крымінальнай справы. Іх выклікаюць у СК і ДФР. Што трэба ведаць і рабіць


Гісторыя з дапамогай ад «BY_help» займела працяг. Людзей, якія атрымлівалі грошы ад кампаніі пасля жнівеньскіх пратэстаў, пачалі выклікаць у Следчы камітэт і ДФР на допыты ў якасці сведак у крымінальнай справе. Пра гэта «Белсату» паведамілі чытачы, з якімі звязваліся сілавыя органы.

Менск

Сына спадарыні Яўгеніі, 22-гадовага Аляксандра (імя змененае), затрымалі разам з малодшым братам у менскім раёне Кунцаўшчына 11 жніўня. Брата выпусцілі на раніцу, Аляксандра пакінулі. У хлопца доўгія валасы, таму ў Фрунзенскім РУУС, куды яго прывезлі пасля затрымання, з яго здзекаваліся яшчэ мацней. Аляксандру прысудзілі 8 содняў. Пасля арышту ён выйшаў увесь сіні, кажа жанчына. Бацькі адвезлі хлопца ў шпіталь зняць пабоі, а праз некалькі дзён падалі заяву ў Следчы камітэт.

«Калі мы перадавалі здымкі следчаму, ён сам сказаў, што на спіне бачны адбітак бота», – адзначае маці хлопца.

Картку Аляксандра паламалі ў адзяленні міліцыі пры затрыманні, таму грошы ад «BY_help» паступілі на картку спадарыні Яўгеніі ў лістападзе. Жанчына кажа, што дапамогу хлопец выдаў на лекаванне ў медычным цэнтры, хадзіў да псіхолага. Сама яна не ведала, што грошы ад «BY_help», бо ў квітанцыі пераводу ніякіх звестак не было.

4 сакавіка спадарыні Яўгеніі пазванілі з ДФР і запрасілі на размову. Жанчына хадзіла на допыт 9 сакавіка. Суразмоўца адзначае, што ёй не патлумачылі, чаго канкрэтна датычыць крымінальная справа.

«Мяне пыталі, ці ведаю я нешта пра «BY_help», хто звязваўся, ці захавалася перапіска. Даведалася я пра тое, што гэта грошы ад «BY_help», калі мне заблакавалі картку ў банку. Гэта было праз тыдзень пасля таго, як грошы прыйшлі, я іх зняла і аддала сыну.

Я пайшла з заявай у банк, каб мне разблакавалі картку. Яе праз два месяцы разблакавалі, мае асабістыя грошы вярнулі на рахунак. Больш пытанняў да мяне хіба няма, акрамя таго, што я сведка ў крымінальнай справе. Але што за справа, мне не патлумачылі. Ніякіх копіяў на рукі не выдалі. Пра сына нічога не пыталі».

Hавiны
«На карце – мінус 2900 рублёў». У BY_help кажуць пра спісанне грошай і блакаванні рахункаў пацярпелых беларусаў
2020.11.11 13:45

Горадня

Чытач спадар Алег з Горадні распавядае, што Упраўленне барацьбы з эканамічнымі злачынствамі шукала ягоную дачку. Нягледзячы на тое, што Ксенія (імя змененае) поўнагадовая, міліцыя прыходзіць да яго.

Самога мужчыну разам з сям’ёй затрымалі 9 жніўня. Пасля содняў у пастарунку дачцэ гарадзенца прысудзілі 10 базавых велічыняў штрафу. Яна звярнулася ў «BY_help», праз некаторы час атрымала квітанцыю, што штраф аплачаны. На банкаўскі рахунак дзяўчыны пераводаў не было. У студзені да спадара Алега прыйшлі з ДФР, хоць дачка з ім не жыве і прапісаная ў іншым месцы.

«Да нас прыйшлі міліцыянты ў масках, але дачка з намі не жыве, мы не адчынілі дзвярэй. Пасля мне пазванілі з ДФР і сказалі, што яе выклікаюць як сведку ў крымінальнай справе. Мы з ёю пазней усё ж паехалі ва Упраўленне ўнутраных справаў. Там дачку пратрымалі тры гадзіны, у іх быў падрыхтаваны спіс пытанняў пра «BY_help»: як звярталіся да іх, хто выходзіў на сувязь, ці ёсць пацвярджальныя дакументы».

Hавiны
На сузаснавальніка BY_Help Аляксея Лявончыка завялі крымінальную справу
2020.11.11 16:25

У лютым Ксенію выклікалі другі раз, але ўжо Ленінскі РУУС. Позву даслалі ў «Viber». Апытвалі дзяўчыну таксама ў якасці сведкі ў крымінальнай справе. 9 сакавіка да бацькоў Ксеніі прыйшла працаўніца Следчага камітэту з позвай, але дзяўчыны не застала:

«Размаўляла нервова, маўляў, ёй усё зразумела, якія бацькі, такія і дзеці. Позву мы не ўзялі, у скрыні паштовай яна нічога не пакінула. На сёння дачцэ ніхто не званіў і нікуды яе не выклікаў. Копіяў пратаколаў, якія ёй давалі падпісваць, на рукі не выдавалі».

Мазыр

Яшчэ аднаго чытача, спадара Юрыя, затрымалі з жонкай у Мазыры 11 жніўня. Абаіх моцна збілі, ім прысудзілі па 15 содняў арышту. Пасля вызвалення яны атрымалі бальнічны ад траўматолага па 10 дзён. На пачатку верасня мужчына атрымаў на сябе і жонку кампенсацыю на працоўную картку – 4300 рублёў. У пачатку лістапада супраць яго распачалі крымінальную справу за знявагу міліцыянта.

Мозырац кажа, што гэта вынік зняцця пабояў і заявы ў Следчы камітэт, бо жонка апазнала двух праваахоўнікаў, якія іх пабілі. 10 лістапада ім давялося выехаць з Беларусі, а 11 лістапада ягоную картку заблакавалі. На карце – адмоўнае сальда, мінус 1680 долараў.

«Гэта працоўная картка, туды прыходзіць заробак, авансы, прэміі. Усё загналі ў мінус. 25 лістапада сын напісаў заяву ў «Прыёрбанк», 5 студзеня сродкі разблакавалі. 2 сакавіка ДФР патэлефанаваў майму сыну, сказалі, што я праходжу сведкам у крымінальнай справе».

Спадар Юрый кажа, што цяпер у Мазыры выклікаюць усіх, каму дапамагала «Вясна», а таксама тых, хто атрымаў падтрыманне з-за мяжы.

Што трэба ведаць і рабіць

Збор інфармацыі пра аплату штрафаў – гэта спроба запалохаць, кажа адзін са стваральнікаў ініцыятывы «BY_help» Аляксей Лявончык. Ён таксама даў парады тым, каго выклікаюць у органы для паказанняў.

  1. На вас будуць ціснуць, гэта нармальна. У іх адна задача – выціснуць прызнанне, што штраф аплаціў «BY_help». Насамрэч яны не ведаюць, які штраф кім быў аплачаны. Каб гэта зразумець, трэба падняць тысячы запісаў і дакументаў.
  2. Самае правільнае, калі вас торгаюць, – не хадзіць без афіцыйнай позвы. Званок у «Viber» не ёсць афіцыйным выклікам.
  3. Найлепей не хадзіць без адваката. Прысутнасць другой асобы дадае ўпэўненасці. Чалавек будзе менш схільны сказаць тое, што хоча сілавік.
  4. Калі вы ўсё ж пайшлі, не трэба выдаваць усю інфармацыю, якой вы валодаеце. Частка людзей думае, што калі скажу, што ведаю і буду ўсміхацца, то ад мяне адчэпяцца. Але гэта не так. Ім далі задачу зверху, яны хочуць выслужыцца.
  5. Калі прызнацца, што штраф аплаціў «BY_help», могуць быць наступствы: яны могуць прымусіць вас заплаціць штраф яшчэ раз. Вас запытаюць, ці вы атрымалі гэтыя грошы за ўдзел у масавых беспарадках. Што б вы ні адказалі, усё павернуць так, нібыта вы прымалі ўдзел у масавых закалотах, тады вы самі станеце абвінавачваным.
  6. Найлепей памятаць пра артыкул 27 Канстытуцыі – не сведчыць супраць сябе.
Пратэсты.
Фота: belsat.eu
  • У лістападзе Следчы камітэт заблакаваў карткі ды арыштаваў грошы тых, каму «BY_help» аплаціў штрафы, содні і лекаванне. У ведамстве гэтую дапамогу назвалі фінансаваннем пратэстаў і заявілі, што ідзе расследаванне крымінальнай справы аб публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы.
  • На рахунках у шмат каго ўтварыўся мінус, спісалі нават заробкі і ашчаджэнні. Грошы пацярпелым вярнулі толькі пасля ўмяшання Нацыянальнага банку, які ўзгадніў з СК механізм накладання арышту. Паводле ўстановы, на грошы, якія паступілі з іншых крыніцаў, накласці арышт нельга.
  • 12 студзеня ў Менску затрымалі журналіста і медыяменеджара Андрэя Аляксандрава. Яго падазраюць паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу. Па версіі следства, Аляксандраў разам са сваёй дзяўчынай Ірынаю Злобінай фінансаваў беларускія пратэсты. «Фінансаваннем пратэстаў» беларускія следчыя палічылі супрацу Аляксандрава з фондам «BY_help» і аплату штрафаў пратэстоўцам.
  • Кампанія «BY_help» збірае ахвяраванні для арыштаваных, аштрафаваных, параненых і збітых сілавікамі пасля выбараў 9 жніўня. За ўвесь час існавання кампаніі па дапамогу звярнуліся больш за 13 000 чалавек. Агульная колькасць падтрыманых заявак ужо перавысіла 10 тысячаў. Усяго на патрэбы пацярпелых ад рэпрэсіяў выплацілі амаль 10 мільёнаў рублёў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў