Ці варта палітвязням трымаць галадоўку і ці гэта дапаможа выйсці на волю?


«Зняволены абвясціў галадоўку» – ужо не такая незвычайная навіна для Беларусі. Цяпер галадоўку трымае філосаф Уладзімір Мацкевіч. Чаму ў месцах пазбаўлення волі пачынаюць галадаванне і ці магчыма гэтым нечага дамагчыся?

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Vadim Rymakov / TASS / Forum

Умовы ў няволі даводзяць людзей нават да таго, што яны рэжуць вены, глытаюць лыжкі. Галадаванне можа выглядаць менш небяспечным, але таксама моцна шкодзіць здароўю. Чалавечае цела можа вытрымаць паўтара-два месяцы галадавання, а можа здацца значна раней.

Чаму абвяшчаюць галадоўкі?

Журналіст Аляксандр Баразенка трымаў галадоўку ў следчым ізалятары ў 2008 годзе цягам сямі дзён (тады яго трымалі ў няволю за ўдзел у акцыях пратэсту) і падчас 15 дзён арышту ў 2017-м (за працу журналістам).

Ён тлумачыць «Белсату», што галадоўка для яго была «персанальным пратэстам»: не спадзяваўся, што нешта зменіцца, рабіў унутраны крок, каб выказаць нязгоду.

«Іншыя формы пратэсту табе ў зняволенні недасяжныя, бо ты не можаш пісаць нават банальна нейкія афіцыйныя заявы ці лісты: скажуць, што няма паперы, ці не прымуць лісты», – тлумачыць Баразенка.

Журналіст звяртае ўвагу на тое, што галадоўка не можа быць абсалютна бяспечнай для здароўя зняволенага, бо гэта ў любым разе стрэс для арганізму. Зняволены можа хіба падрыхтавацца, вывучыць базавыя правілы, выпіць шмат вады і прачысціць арганізм.

Алесь Баразенка пасля вызвалення ў 2017 годзе.
Фота: Белсат

Блогер і кансультант радыё «Свабода» Ігар Лосік у няволі з 25 чэрвеня 2020 года за «арганізацыю масавых беспарадкаў», у снежні 2021-га яго асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі.

За кратамі ён двойчы трымаў галадоўку, каб паказаць нязгоду з абвінавачваннямі. Першы раз ён галадаў 42 дні і спыніў, калі пабачыў хвалю салідарнасці. Другі раз, калі яму выставілі больш жорсткае абвінавачванне, ён на вачах следчага парэзаў рукі, абвясціў сухую галадоўку (адмаўляўся нават піць) і трымаў яе чатыры дні, за галадоўку яго кінулі ў карцар.

Дар’я Лосік, жонка Ігара, падчас першай ягонай галадоўкі сама адмовілася ад ежы, але была вымушаная спыніць галадаванне на шосты дзень праз ціск на сям’ю. Яна таксама кажа, што ў следчым ізалятары ці ў турме галадаванне – гэта ці не адзіны шлях пазначыць сваю пазіцыю ў няволі, адзіны шлях пратэсту і адзіная магчымасць дамагчыся паляпшэння ўмоваў.

«Гэта яшчэ крык да грамадскасці, як беларускай, так і замежнай, каб людзі ў Беларусі і за яе межамі звярнулі ўвагу на тое, што адбываецца», – дадае Дар’я Лосік.

Ці важна адміністрацыі, у якім стане здароўе зняволенага?

Аляксандр Баразенка галадаў да 2020 года – тады сітуацыя была іншай. У тыя часы галадоўка была хоць сімвалічным, але дзейсным крокам: на зняволенага пачыналі звяртаць увагу, стаўленне адміністрацыі змянялася ў лепшы бок, бо «пачыналі разумець, што ты не залётны нейкі, а чалавек з перакананнямі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЮШ / Белсат

Калі ён абвяшчаў галадоўку, адміністрацыя цікавілася ў яго, чаму ён так вырашыў, пераконвалі пачынаць есці. Звярталі ўвагу на тое, што на крайнія выпадкі ў іх ёсць сродкі прымусовага харчавання, што памерці не дадуць. Але, адзначае Баразенка, было бачна, што галадоўкі для іх не нечаканая справа, яны ўжо добра ведаюць, што рабіць у такой сітуацыі.

«Раней адчувалася, што галадаванне – гэта сітуацыя, якая выходзіць па-за межы, – згадвае Баразенка. – Адміністрацыя ўстановаў не была зацікаўленая, каб былі такія надзвычайныя сітуацыі. Зараз, у сітуацыі, калі не да законаў, я думаю, ім фіялетава».

Дар’я Лосік сцвярджае, што цяпер беларускім уладам ужо ўсё роўна, у якім стане здароўе зняволеных. І нават калі зняволены памрэ, улады могуць сказаць: «Ну, прабачце, гэта быў няшчасны выпадак, мы тут ні да чаго».

Гісторыі
«Ехала ў Жодзіна ў паніцы, усю трэсла са страху». Жонка Ігара Лосіка – пра другое галадаванне палітвязня
2021.03.16 17:47

Калі Ігар Лосік галадаў 42 дні, яму толькі пагражалі прымусовым харчаваннем праз зонд, але гэтага не зрабілі. На пагрозу здароўю ўжо не звяртаюць увагі – хіба калі будзе пагроза жыццю, то магчыма (Дар’я вылучае слова «магчыма»), што зняволенага пакладуць пад кропельніцу (пасля працяглай галадоўкі адразу пачаць прымаць ежу нельга). І тое ў залежнасці ад таго, дзе знаходзіцца зняволены:

«У турме ў Жодзіне, калі Ігар галадаў, адміністрацыя яго нават падбухторвала: казала, што галадаць карысна. І гэта было на 20-ы дзень галадоўкі!

На дваццаты дзень да яго прыйшлі і сказалі, што нармальна, усё добра, галадаць карысна. Але бліжэй да 40-га дня яго стаў наведваць псіхолаг, казаў, што ў яго ж ёсць жонка, што твая жонка не ўхваляе галадоўку».

Як спрацоўвалі галадоўкі?

У 1996 годзе чальцы БНФ Вячаслаў Сіўчык і Юрый Хадыка праз трохтыднёвае галадаванне дамагліся вызвалення пад падпіску аб нявыездзе, у 2005-06 гадах прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч 74 днямі галадавання дамогся пераводу пад хатні арышт. У 2006 годзе зняволены кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін галадаў 53 дні і дамогся, каб беларускае пытанне ўнеслі ў парадак дня Рады бяспекі ААН (але Расея заблакавала абмеркаванне). Наталля Хершэ ў няволі трымала галадоўкі двойчы ў 2021 годзе і аднойчы ў 2022 годзе, прынамсі двойчы дамагалася паляпшэння ўмоваў утрымання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Актывісткі руху «Маці 328» падчас галадоўкі. 16 ліпеня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Ды нярэдка галадоўкі не даюць ніякага выніку. У 2009-м той жа Аўтуховіч трымаў галадоўку 90 дзён, але не дамогся вызвалення. У 2018 годзе 13 жанчын з руху «Маці 328» трымалі галадоўку 14 дзён і дамагліся сустрэчы з кіраўніцай адміністрацыі Лукашэнкі Наталляй Качанавай, якая паабяцала «вывучыць пытанне», ды неапраўдана жорсткія пакаранні паводле «наркатычнага» артыкулу выносяць і сёння.

Артыкулы
Стаўка большая, чым жыццё: галадаванне Мацкевіча ў СІЗА. Пра што піша філосаф з-за кратаў
2022.02.10 16:19

Баразенка расказвае, што да 2020 года абвяшчэнне галадоўкі дапамагала дамагчыся, напрыклад, паходаў у лазню і прагулак, належных паводле правілаў, больш лаяльнага стаўлення з перадачамі, нават больш лаяльнага стаўлення да сукамернікаў галадоўніка.

Дар’я Лосік мяркуе, што дамагчыся вызвалення галадоўкай цяпер наўрад ці магчыма, але дамагчыся нязначнага паляпшэння сваіх умоваў у будучыні ў некаторых турмах ці СІЗА магчыма.

Ці могуць захаваць галадоўку ў сакрэце?

У выпадку Ігара Лосіка пра галадоўку стала вядома практычна адразу, згадвае Дар’я. Але навіна пра галадоўку можа не трапіць на волю, калі зняволены паведамляе пра яе ў лісце, а ліст не выпускаюць, ці калі зняволены абвясціў аб яе на закрытым судзе, калі нават адвакат не мае права пра гэта казаць. Тады застаецца чакаць, пакуль інфармацыя неяк праб’ецца на волю.

«Рана ці позна пра галадоўку даведаюцца на волі, – упэўнены Баразенка. – Але ў адміністрацыі існуюць інструменты, каб максімальна запаволіць перадачу гэтай інфармацыі».

Баразенку даводзілася паведамляць пра галадоўку на судзе і падчас спаткання з адвакатамі. Інфармацыя можа прайсці ад іншых зняволеных ці калі яны сустрэнуцца са сваімі адвакатамі, ці праз іхныя лісты. Галадоўніка могуць кінуць і ў штрафны ізалятар, і ў адзіночную камеру, каб пазбавіць кантактаў з іншымі зняволенымі.

Размова
Ігар Банцэр: Сухая галадоўка была адзіным выйсцем
2021.04.15 22:20

Ці можна параіць зняволеным спрабаваць пачаць галадоўку?

Дар’я Лосік кажа, што не можа ўзяць на сябе такую адказнасць і сказаць, каб людзі галадалі: гэта стрэс і для галадоўніка, і для блізкіх зняволенага. Яна згадвае, што калі перажыла галадоўкі зняволенага мужа, то было вельмі страшна. Яна баіцца ўявіць, як Ігар выглядаў пасля 42 дзён галадоўкі, а ён апісваў свой выгляд так: скура і косткі, як у вязня Асвенціма. На думку Дар’і, у цяперашняй сітуацыі галоўнае ўсё ж захоўваць псіхалагічнае і фізічнае здароўе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Турма ў Баранавічах.
Фота: ТК / Белсат

Баразенка таксама кажа, што не можа нічога раіць – дзякуе богу, што не ведае тых межаў, да якіх цяпер могуць дайсці сілавікі адносна зняволеных. Але дадае:

«Я разумею, што калі людзі на такое ідуць у цяперашніх умовах, то гэта значыць, што сапраўды дапякло. Цяпер, улічваючы ўсе абставіны, гэта сапраўды гераічны крок».

Як падтрымаць Уладзіміра Мацкевіча:

  • Пісаць яму лісты падтрымання (адрас: СІЗА-1, 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2);
  • Напісаць зварот у Генеральную пракуратуру і Цэнтральны апарат Следчага камітэту (шаблон тут, інструкцыя тут);
  • Падпісаць петыцыю на Change.org;
  • Прыцягваць увагу да галадоўкі, дэманстраваць усімі магчымымі шляхамі салідарнасць;
  • Тыя, хто за мяжой, могуць звяртацца да ўладаў сваіх краінаў з просьбаю падтрымаць Мацкевіча.

АА belsat.eu

Стужка навінаў