«Будзе выклікаць пытанні надзейнасці, я б не давяраў яму». Размова з архітэктарам пра новы мост на Нямізе


Мост на Нямізе нечакана абрынуўся 8 студзеня. На шчасце, ніхто не пацярпеў. Праз некалькі дзён, 10 студзеня, намеснік старшыні гарвыканкаму Аляксандр Дараховіч заявіў, што новы мост узвядуць на працягу месяца, і ўвечары 10 лютага мост адкрылі для пешаходаў і аўтамабіляў, а 11 лютага – для грамадскага транспарту.

Згадаем гісторыю моста разам з беларускім архітэктарам Юрыем Таўбкіным.

Чаму ўпаў мост

Мост на Нямізе быў пабудаваны ў 1962 годзе. У 2017 годзе на ім выконвалі касметычны рамонт, змянялі пакрыццё тратуараў і канструкцыяў-агароджаў, а таксама гранітнае пакрыццё тумбаў. У 2021 годзе праводзілася экспертыза моста, аднак ён усё роўна абваліўся.

Абвальванне пуцеправоду ў Менску 8 студзеня 2022 года.
Фота: NikitaLevkovich

Юрый кажа, што яго не здзіўляе, што гэта адбылося, з увагі на тое, якім чынам у Беларусі вядуцца будаўніча-мантажныя работы:

«Карупцыя ёсць усюды, можа на бытавым узроўні яе і няма, але ў эканамічна-эфектыўных галінах яна сапраўды ёсць. І ўсе будаўнічыя брыгады, прарабы, усё крадуць, таму не павінна быць ілюзіяў. Крадуць матэрыялы, крадуць пры будаўніцтве, пішуць адно, а будуюць іншае».

Таксама, паводле архітэктара, у Беларусі часта будуюць увогуле без праекту. Нават цяпер новы мост будавалі і праектавалі паралельна.

«Не вельмі разумею, як такое магчыма. У чым сэнс праектавання, калі будуюць усё роўна? Гэта называецеся паехалі, а машыну потым завядзеш. Так гэта працуе», – распавядае суразмоўца.

Апроч карупцыі на месцах ёсць і сума абставінаў, з-за якіх мост упаў. Магчыма, гэта адбылося праз выкарыстанне рэагентаў, з-за якіх гніла арматура, дэталі прыходзілі ў непрыдатнасць. Юрый кажа, што заўсёды ў такіх катастрофах ёсць не адна, а некалькі прычынаў. Гэта і зношванне канструкцыі, няякасныя працы пры будмантажы, можа, не ўбачылі нейкіх памылак і не перадухілілі іх.

«Дзесьці ў слабой кропцы магло супасці некалькі фактараў. Плюс фактары нагрузкі і змена тэмпературы, калі днём плюс, а ўначы мінус, што таксама дрэнна для канструкцыі. Магчыма, калі ў 2017 годзе рэканструявалі пешаходную частку моста, якая і абрынулася, маглі зрэзалі якую-небудзь арматуру і назад не вярнуць».

«Тое, што пры гэтым не пацярпелі ні людзі, ні аўтамабілі, – фатальнае шанцаванне. Трафік пад гэтым мостам заўсёды, круглыя содні, прыстойны, і аўтамабільны і пешаходны», – нагадвае архітэктар.

Hавiны
«Развярнуўся і пабег». Выратаваны ад падзення моста на Нямізе расказаў, як усё было
2022.01.09 13:59

Ці будуць вінаватыя?

Пасля абвалу моста Следчы камітэт завёў дзве крымінальныя справы, артыкулы аб службовай нядбайнасці і парушэнні праектаў, абавязковых для захавання патрабаванняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў пры вытворчасці будаўніча-мантажных работ. Аднак ці знойдуць вінаватых, застаецца пытаннем.

«Не думаю, што яны кагосьці абвінавацяць, альбо знойдуць нейкага «стрэлачніка». З аднаго боку, у іх ёсць зацікаўленасць: паказаць бачнасць прававой дзейнасці, але з другога боку, яны не зацікаўленыя ў тым, каб караць цяпер нейкіх дзяржаўных чыноўнікаў. Не ўпэўнены, што знойдуць нейкіх вінаватых. Да таго ж, адразу пачалі актыўныя працы, і ці змогуць яны правесці экспертызу? Мо і знойдуць «стрэлачніка», але кампрамат ёсць на ўсіх, можна браць кожнага за карупцыю», – лічыць Юрый.

Будаўніцтва новага моста

Новы мост пабудавалі за месяц, як і планавалі, бо тэхнічна там нічога складанага няма, расказвае архітэктар. Пасля падзення засталіся цэнтральныя раздзяляльныя апоры, на якія проста паклалі новыя бетонныя пліты.

«Аднак выклікае пытанне якасці будмантажу, не гаворачы ўжо пра архітэктуру. Верагодна, гэты мост усё роўна будзе выклікаць пытанні надзейнасці, я б не давяраў яму».

Hавiны
«Робяць сяк-так». Чаму ў Беларусі зноў абваліўся мост – і чаго чакаць надалей
2022.01.12 14:21

Ці можна было адкрыць пешаходную зону замест моста?

Ідэя не ўзводзіць новы мост, а зрабіць на гэтым месцы пешаходную зону ў цэнтры Менску актыўна абмяркоўвалася ў сацсетках. Аднак у такім рашэнні ёсць некалькі праблемаў, з-за якіх гэта практычна немагчыма рэалізаваць, лічыць архітэктар:

«Калі б Пётр Машэраў у свой час не ўчыніў пасярэдзіне гістарычнай забудовы гораду скрыжаванне дзвюх магістраляў, то вядома, можна было гэты мост прыбраць, – кажа Юрый. – На жаль, у Менску такая горадабудаўнічая канцэпцыя, што змяніць трафік і размеркаваць яго на іншыя транспартныя плыні, змяніць лагістыку, абслугоўванне крамаў і грамадскага транспарту, – усё гэта перабудаваць атрымалася б значна даражэй, чым збудаваць новы мост. Тады прыйшлося б радыкальна мяняць інфраструктуру гораду, бо магістраль праз вуліцу Леніна – праспект Пераможцаў – праспект Машэрава абслугоўвае ўвесь раён, які пачынаецца за мостам. Таксама гэтая магістраль выходзіць на кальцавую, і яна сапраўды аптымальная. Іншага такога спосабу выехаць з цэнтру гораду практычна няма, таму цалкам прыбраць мост немагчыма. Любыя аб’езды ўпоперак праспекту Незалежнасці – гэта заўсёды затор. Трафік з вуліцы Леніна немагчыма пераразмеркаваць на іншыя вуліцы. Да таго ж дарога пад мостам выходзіць на праспект Дзяржынскага, дзе таксама вялікі трафік».

Адным з варыянтаў рашэння магло б стаць закопванне магістралі пад зямлю, але тое таксама немагчыма, бо на гэтым месцы рэчышча дзвюх рэк – і там заўсёды будзе вада.

«Для Менску было б здорава захаваць яго гістарычны цэнтр. Але зрабіць там пешаходную зону – утапічная карціна, а рэалістычная гаворыць, што нічога з гэтым не зробіш.

У маёй карціне свету было б дастаткова, каб яны знеслі жылы дом, які рэжа Нямігу [шматпавярховік па адрасе Няміга 6 і 10], і аднавілі тыя дамы, якія былі на яго месцы. Але гэта малаверагодны сцэнар: ніхто таго гістарычнага цэнтру, гістарычнай забудовы Нямігі аднаўляць не будзе. На гэта патрэбныя велізарная эканоміка і велізарная палітычная воля».

Гістарычны здымак. Левая палова на фота – Няміга, у цэнтры – Верхні горад. Мост пазначаны чырвоным. Выява прадастаўленая рэдакцыі

Паводле архітэктара, нават калі і зрабіць замест моста пешаходную зону, гэта ўсё роўна не зменіць сітуацыі, бо глядзець там няма на што:

«Маё меркаванне наконт пешаходнай вуліцы – я не бачу ў ёй прынцыповай неабходнасці. Гэта такая мара ўрбаніста. Вядома, дзве магістралі ў цэнтры гораду – дрэнна. І калі б была магчымасць выбіраць: рабіць мост ці рабіць пешаходную зону, то я абраў бы другі варыянт. Але тут пытанне мэтазгоднасці, што на гэтай вуліцы рабіць: хадзіць пешшу – куды і глядзець на што? На гандлёвыя пасажы і шматпавярховы дом? Тут узнікае пытанне, што рабіць далей з гэтай пешаходнай вуліцай – і наколькі яна была б камфартабельная».

Што стала прычынамі падзення моста, дасюль не вядома. Папярэдняя версія абвальвання часткі моста – стомленасць канструкцый у сувязі з працаю метро і павышанай нагрузкай праз скачкі тэмпературы.
Hавiны
У Менску адкрылі рух праз новы мост на Нямізе
2022.02.11 08:33

АД, belsat.eu

Стужка навінаў