«Калі ў турме галадае філосаф, гэта нейкі край». Што ў сацсетках пішуць пра Уладзіміра Мацкевіча


За Мацкевіча хвалююцца і знаёмыя, і незнаёмцы. Але прызнаюць, што філосаф прымушае думаць нават калі трапляе за краты.

Вядомы беларускі філосаф, метадолаг і грамадскі дзеяч, вядоўца «Белсату» Уладзімір Мацкевіч 4 лютага пачаў галадоўку: яго больш за паўгода трымаюць у няволі без суда і, як ён кажа, без следства.

Ён дамагаецца змены меры стрымання і спынення «імітацыі следчага працэсу», перадачы справы ў суд. Мацкевіч казаў, што калі патрабаванні не выканаюць праз 10 дзён галадоўкі, ён гатовы перайсці да сухой галадоўкі – адмовіцца не толькі ад ежы, але і ад вады.

Артыкулы
Стаўка большая, чым жыццё: галадаванне Мацкевіча ў СІЗА. Пра што піша філосаф з-за кратаў
2022.02.10 16:19

Навіна пра галадаванне Мацкевіча выйшла за межы Беларусі. Міжнародная асацыяцыя гуманітарыяў заклікала падпісаць ліст да Генеральнай пракуратуры і начальніка ўпраўлення Следчага камітэту.

Расейскі літаратар Дзмітрый Быкаў выказаўся ў падтрымку Мацкевіча ў эфіры радыё «Эхо Москвы»:

Вось што яшчэ пішуць пра Мацкевіча ў сацсетках

«Мацкевіч выбраў гэты шлях, як заўсёды цалкам разумеўшы, што і навошта ён робіць. Гэта стварае сітуацыю асабістага выкліку для мяне, для сяброў і калегаў Мацкевіча, для тых, хто яго ведае і шануе. Што я магу зрабіць? Што мы можам зрабіць, калі палітычныя вязні робяць такія крокі? Пакуль я адчуваю бяссілле і злосць».

Андрэй Ягораў, дырэктар «Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі» 3 лютага.

«Мацкевіч – не папярэднія галадоўнікі. Ведаючы яго, баюся, што ён пойдзе да канца. Што рабіць, не ведаю, быў бы вернікам – пайшоў бы маліцца».

Дзмітрый Шчыгельскі, псіхіятр і грамадскі дзеяч, прадстаўнік руху «Супраціў», 4 лютага.

Уладзімір Мацкевіч.
Фота: Белсат

«Ёсць людзі, якія разумеюць адносную безнадзейнасць сітуацыі – але яны ўсё ж дзейнічаюць, і ахвяруюць сабой.

Ёсць людзі, якія захоўваюць свабоду і годнасць нават у зняволенні. І нібы маякі ці пуцяводныя зоркі, яны застаюцца арыенцірамі падчас буры.

Ёсць людзі, здольныя зазірнуць досыць далёка наперад, якія разумеюць, як дорага будзе каштаваць баязлівае маўчанне.

Ёсць людзі, якія як рыбіна костка захрасаюць у горле нашага агіднага ды вартага жалю /але не/ аграмолаха. Пасля якіх жэрці далей яму цяжка і няёмка, і нават балюча.

Ёсць практычна невыносныя людзі, побач з якімі сорамна за сваю прымітыўнасць. Да іх цяжка дацягнуцца, зносіны з імі патрабуе намаганняў, яны з’едлівыя і патрабавальныя. Але як з імі цікава!…

Вельмі рэдка ўсе гэтыя ўласцівасці адначасова ўласцівыя аднаму чалавеку. Але ў нас такі ёсць».

Міхаіл Навасёлаў, старэйшы выкладчык БДУІР, 4 лютага

«У свеце савецкага кіно, на якім я вырасла (таму што іншага не было) ёсць асобны корпус з пяці захараўскіх фільмаў, любімых з дзяцінства. Я і цяпер шмат што «бачу» праз іх, хоць дзяцінства даўно скончылася.

Уладзіміра Уладзіміравіча лёгка «ўбачыць» у гэтых фільмах. Ён крыху Чараўнік, які між іншага ператварае мядзведзяў у людзей (і ніхто не абяцаў, што вы станеце ад гэтага шчаслівейшымі) або які стварае сітуацыі, у якіх людзям даводзіцца рабіць часам пакутлівы, але неабходны выбар.

Крыху Каліёстра, які імкнецца падпарадкаваць увесь свет свайму розуму. Часам Свіфт, увесь час які абарочвае трагедыю ў фарс і наадварот, які ўзводзіць вакол сябе фантастычныя дэкарацыі, якія шматлікім здаюцца падманам і прытворствам, але… у нейкі момант ліліпут тоне ў шклянцы гарбаты, а волат пачынае расці.

Але найбольш Мацкевіч, вядома, Мюнгхаўзен, і не нейкі там нямецкі прастарэка, а «той самы». Які папросту вядзе гутаркі з філосафамі і навукоўцамі старажытнасці, не баіцца здавацца смешным, здольны сам усталёўваць час і аб’яўляць вайну любой несправядлівасці.

І гатовы ў любы момант расказаць людзям пра 32 мая насуперак усякай відавочнасці. Калі таго патрабуе ісціна. Не жадаючы «далучацца» да хлусні і выконваць агульнапрынятыя рытуалы, нават тады, калі гэта было б яму выгадна. Таму што «не хлусіць».

І толькі ў «Забіць дракона» Мацкевіча як героя няма. Хіба што па той бок фінальнага кадра, калі прыходзіць асэнсаванне. Бо іншая этычная сістэма, але тут і размова іншая».

Аксана Шэлест, сацыёлаг, аналітык «Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі», 8 лютага

Размова
Што вядома пра стан палітвязня Уладзіміра Мацкевіча?
2022.02.11 14:04

«Колькі ўжо тых галадовак было… Сярод усяго жаху, што адбываецца, гэта кропля… Рэжым ужо нічога не баіцца…

Усё гэта я чую і разумею, але. Для мяне – гэта выключны выпадак, нават у нашай сітуацыі. І не толькі таму, што гэта блізкі чалавек. Не толькі таму, што я ведаю ўпартасць ВВ.

Для мяне зразумела і важна, што гэта не адчай, а Учынак.

Так, я не магу дакладна ведаць усе душэўныя хваляванні, але ведаю, што для Уладзімера – гэта крок, у які ўвабраны яго разуменне мыслення і свайго месца і прызначэння.

Ён бывае рэзкім, незразумелым ці нават неправым. Але ён свята верыць і выконвае «сваю філасофію», якая ёсць дзеянне, а не тэорыя ці разважанні.

Інтэлектуальная мужнасць не толькі ў тым, каб сказаць праўду. Але ў тым, каб паслядоўна жыць паводле тых ідэяз, што намысленыя. І так было заўсёды. І так цяпер.

Я думаю, што гэта найперш бачна і зразумела інтэлектуалам, даследчыкам, аналітыкам, людзям, што працуюць з ідэямі. Гэты момант двубою сістэмы і мыслення».

Таццяна Вадалажская, сацыёлаг, праграмная каардынатарка «Лятучага ўніверсітэту», 7 лютага.

Артыкулы
«Гэтае зняволенне вельмі сімвалічнае». Філосаф Уладзімір Мацкевіч – паўгода за кратамі
2022.02.04 10:00

«[Мацкевіч галадоўку] распачаў, таму што думаў Беларусь. Думаў як вольны чалавек. І рабіў сваю справу. Ён і за кратамі робіць так, як раней – вольна. Ён вырашае самастойна.

Кожны можа таксама – самастойна. Можна аднаму, а можна і з кімсьці – думаць, дзейнічаць, рабіць. Думаць і рабіць Беларусь. Нашу Беларусь».

Генадзь Коршунаў, сацыёлаг, старшы эксперт «Цэнтру новых ідэяў», 7 лютага.

«Галадоўка Мацкевіча, як цынічна гэта не прагучала б, прымушае ўсіх нас думаць. Думаць, перш чым гаварыць, думаць, перш чым рабіць. Думаць, як рабіць. Гэта не толькі словы Святланы Мацкевіч, але і проста факт.

Я цяпер думаю, што я пішу ў ФБ, паколькі ў мяне ў аватары Мацкевіч, атрымліваецца, што я пішу як бы і ад яго імя. Гэтага не павінна быць, але так, на жаль, ёсць.

Што мяне засмучае, гэтае прывыканне людзей не толькі да несправядлівасці, але і да болю, і да смерці. Гэта па-чалавечы зразумелае канцлагернае ўспрыманне рэчаіснасці, але так не павінна быць. Абвыкаць да загінання нельга!

Сапраўды, мяне моцна мучыць гэтая сітуацыя, паколькі ў яе няма таго рэзанансу, які павінен быў бы быць у здаровым грамадстве. Філосаф, беларускі Дыяген у вязніцы за мыслезлачынствы, а вядомыя СМІ пішуць у самых галоўных навінах дня пра зубрыху Маню і не словы пра тое, што інтэлектуальны здабытак краіны гіне ў турме, абвясціўшы галадоўку ад якой ЁН ДАКЛАДНА НЕ АДСТУПІЦЬ.

То бок, гэта нармальная такая сітуацыя? Гэта да болю нагадвае дзіцячы анекдот пра беларуса і фашыстаў, які сканчаецца фразай: «Таварыш фашыст, ну калі ж у лазню павядуць, а то ўсё ў газавую камеру, ды ў газавую камеру!». Яць. Мы куды прыйшлі? Мы да чаго прыйшлі? Гэта быў наш пункт прызначэння, жаданы стан?»

Таццяна Новікава, актывістка-эколаг, 7 лютага.

Уладзімір Мацкевіч.
Фота: Белсат

«За больш як пятнаццаць гадоў знаёмства з Уладзімірам Мацкевічам я не магу ўспомніць ніводнай сітуацыі, калі б ён хітраваў, круціў ці казаў няпраўду. Гэтая схільнасць да праўды і часта просталінейнасць дастаўляюць нямала складанасцяў апанентам, калегам і нават яму самому. Многія суразмоўцы, сутыкнуўшыся з нязвыклым спосабам выказвання, бянтэжацца, крыўдзяцца, часта адмаўляюцца ад далейшай камунікацыі.

Тым не менш, любая камунікацыя Мацкевіча з суразмоўцам, пісьмовая ці вусная, заснаваная на першапачатковай усталёўцы сумленнасці стаўлення да гэтага чалавека, нават калі ён складаны, непрыемны ці нават дурны».

Улад Вялічка, сузаснавальнік кансалтынгавай групы IMACON, былы кіраўнік кансорцыуму «ЕўраБеларусь», 7 лютага.

«Мацкевіч галадае. Не палітык – філосаф.

Мы перасекліся адзін раз. Я ўвайшоў у памяшканне, дзе Уладзімір дапіваў каву. Ён паглядзеў мне ў вочы і, смеючыся, сказаў: «Трэба было б нам з Вамі як-небудзь пагутарыць, Вы як?». Я адказаў, што нічога не маю супраць. На тым і разышліся.

Потым я бачыў шмат яго вучняў, размаўляў, нядаўна прачытаў дзве ягоныя кнігі (дзякуй тым, хто параіў), і, сёння дакладна ведаю, што сэнсу ў такой сустрэчы для мяне, было б значна больш, чым для Яго.

Дзесяцігоддзі жыцця, дзейнасці былі выдаткаваныя на тое, каб асэнсаваць зразумець і апісаць тое, пра што я толькі сур’ёзна задумваюся. Усё ўжо напісана, і «Парыж варты імшы!».

І сёння Ён зноў «робіць крок», вядзе сваю партыю, бо можа, адмовіўшыся проста за вадой плыць. І ў ягоным выпадку я ўпэўнены, што ЁН можа давесці сітуацыю да лагічнага канца.

Ён па-іншаму разумее сэнсы. А я – я не ведаю, чым дапамагчы… Але ёсць дакладнае адчуванне, што Ён вельмі патрэбен Мне, і – Нам».

Аляксандр Кныровіч, дырэктар міжнароднага развіцця «Imaguru», 8 лютага.

«Калі ў вашай турме галадае філосаф – гэта нейкі край. Не дно, на дне занадта ціха (можа, таму нас туды і апускаюць). Гэта край прорвы, дзе птушкі нема крычаць, камяні з грукатам падаюць уніз, і вецер істэрычна завывае…»

Sviat Lana, 9 лютага.

«Быць нязручным – лёс. Або місія. Няёмкі заўсёды недарэчы і стабільна ня-ў-лад. Ён псуе людзям святы і перашкаджае краіне жыць ціхамірна. Ён упоперак і раптам. Ён патрэбны, каб ты спатыкнуўся аб аргумент, вылецеў з каляіны ад вострай рэплікі, разбіў каленку аб рэзкі пасаж – і рухаў сябе далей прапампаваным і абноўленым. Калі ацалееш.

Любіць такіх цяжка. Не заўважаць немагчыма. Ты ім, відаць, асабліва не патрэбны. Ды і яны табе, быццам бы, таксама. Пакуль у адзін дзень узамен чалавека не застаецца скразняк. Чорная дзірка культурнай зоны, адрэдагаванай ідыётам.

Дзяржава жыве не складаннем, а адніманнем. Праполвае градкі, пакідаючы пустазелле.

І як тут дапамагчы адбракаваным? Прасцей няма куды: не быць пустазеллем. Мацкевіч можа. Ты таксама зможаш».

Максім Жбанкоў, культурны аналітык і журналіст, 9 лютага.

Уладзімір Мацкевіч, філосаф і метадолаг. Менск, Беларусь. 14 красавіка 2018 года.
Фота: Таня Капітонава / 34mag

«З Уладзімірам Мацкевічам я яшчэ не паспеў пазнаёміцца. Чытаў, натуральна, ягоныя тэксты, слухаў на лекцыях і часта быў нязгодны.

Але з тым, што ён піша з турмы, трэба пагаджацца. І з тым, што мы адказныя з свае дзеянні. І з тым, што перш чым дзейнічаць, трэба ўсё прагаварыць. І з тым, што мы зараз змагаемся за правільную карціну свету ў галовах людзей. І што перамагчы можна не крытыкуючы чужую, а ствараючы сваю.

А значыцца, важнейшай нашай задачай ёсць перацягваць павестку на сябе, на сваё бачанне. Кожны дзень, усімі дасяжнымі спосабамі.

На жаль, рабіць гэта ў турме можна толькі коштам свайго здароўя. І Мацкевіч на гэта пайшоў. А можа ён проста зразумеў, што мы не спраўляемся з гэтай задачай і вырашыў нас актывізаваць».

Цімафей Акудовіч, краязнаўца і гід, 11 лютага.

АА belsat.eu

Стужка навінаў