Філосаф Мацкевіч галадае восьмы дзень. Чаму ўладам варта нешта вырашаць менавіта ў гэты дзень


Калі патрабаванні не будуць задаволеныя пасля 10 дзён, палітвязень гатовы перайсці да сухой галадоўкі. Ён галадае ўжо 8 дзён, а наперадзе выходныя.

Уладзімір і Святлана Мацкевічы.
Фота: сямейны архіў Мацкевічаў

Вядомы беларускі філосаф, метадолаг і грамадскі дзеяч, вядоўца «Белсату» Уладзімір Мацкевіч 4 лютага пачаў галадоўку: яго больш за паўгода трымаюць у няволі без суда і, як ён кажа, без следства. Ён дамагаецца змены меры стрымання і спынення «імітацыі следчага працэсу», перадачы справы ў суд.

Восьмы дзень галадоўкі, а гэта 11 лютага, ужо цяжкі для здароўя галадоўніка. Але рэч не толькі ў гэтым: калі патрабаванні не будуць задаволеныя праз 10 дзён галадавання, Мацкевіч казаў, што гатовы перайсці да сухой галадоўкі – адмовіцца не толькі ад ежы, але і ад вады.

Артыкулы
«Беларусь запаўняе ўсё ягонае сэрца, і канкураваць тут ніхто не можа». Былая жонка – пра Уладзіміра Мацкевіча
2021.09.15 11:09

Святлана Мацкевіч, метадолаг і калега Уладзіміра, кажа «Белсату»: цяперашні стан здароўя галадоўніка невядомы, а актыўных дзеянняў з боку тых, хто мог бы выканаць ягоныя патрабаванні, не відаць. Яна запэўнівае, што не ў адчаі, але жадае рабіць усё магчымае.

«Сітуацыя не рухаецца, – заўважае Святлана Мацкевіч. – Гэта, натуральна нас вельмі моцна непакоіць, блізкіх і родных, калегаў і паплечнікаў.

Я думаю, мы мусім больш пра гэта казаць, перадаваць на той бок сваю занепакоенасць і настойлівасць».

Пятніца – апошні дзень перад выходнымі, калі адміністратыўная сістэма «завісае і не працуе», адзначае яна. А ў гэтыя дні зняволены якраз і будзе прымаць рашэнне пра сухую галадоўку.

Ці ёсць надзея? Святлана кажа, што «не можа казаць за той бок» і не мае ілюзіяў адносна магчымасці «цуду» – вызвалення і спынення справы. Яна называе сябе прыхільніцай такога падыходу:

«Трэба штосьці рабіць, трэба казаць таму боку, каб яны паскаралі працэс, каб усё ж прымалі рашэнне, бо мы не будзем разнявольвацца.

Чым долей яны не прымаюць рашэння, тым мацнейшыя з нашага боку будзе напор і патрабаванні.

Трэба проста прымушаць іх выконваць свае абавязкі. Прымушаць не павышаць ступень напружанасці ў тым, што залежыць ад іх.

З нашага боку мы ўжо зрабілі ўсё, што трэба. І мы, і Уладзімір свае патрабаванні выразна пазначылі, абгрунтавалі, патлумачылі з розных бакоў».

Артыкулы
Стаўка большая, чым жыццё: галадаванне Мацкевіча ў СІЗА. Пра што піша філосаф з-за кратаў
2022.02.10 16:19

Святлана прапаноўвае розныя шляхі падтрымаць Уладзіміра Мацкевіча:

  • Пісаць яму лісты падтрымання (адрас: СІЗА-1, 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2)
  • Напісаць зварот у Генеральную пракуратуру і Цэнтральны апарат Следчага камітэту (шаблон тут, інструкцыя тут)
  • Падпісаць петыцыю на Change.org
  • Прыцягваць увагу да галадоўкі, дэманстраваць усімі магчымымі шляхамі салідарнасць
  • Тыя, хто за мяжой, могуць звяртацца да ўладаў сваіх краінаў з просьбаю падтрымаць Мацкевіча.

«Трэба казаць, што філосаф – гэта наш нацыянальны здабытак, – дадае Святлана Мацкевіч. – Што філосаф важны нам не толькі як чалавек, а важны і тым, што ён дае нам і ўсёй краіне. Ён дае нам мысленне, ён дае нам магчымасць разважаць, захоўваць годнасць у вельмі складанай сітуацыі палітычнага крызісу, захаванне нашых каштоўнасцеяў, разуменне дабра і зла.

Што можа быць прасцей, чым сказаць, што для цябе гэтая каштоўнасць важная, што ты на баку дабра?»

Святлана дадае, што ў гэтай сітуацыі не варта спрачацца і канфліктаваць, а менавіта выходзіць на просты і лаканічны ўзровень: мы на баку дабра.

АА belsat.eu

Стужка навінаў