Беларускія біятланісткі праваліліся ў спрынце. Чакаем «пакаяннага відэа»?


Услед за няўдалым выступленнем фрыстайлістаў далёка ад медалёў аказаліся і беларускія дзяўчаты ў біятлоне. Прычынай правальнага выступу стала дрэнная стральба, наш квартэт дапусціў адразу дванаццаць промахаў.

Дзінара Алімбекава на Алімпіядзе ў Пекіне.
Фота: olympicteamby / Instagram

11 лютага на Алімпіядзе ў Пекіне ў жанчын быў спрынт на 7,5 кіламетра. Шмат хто небеспадстаўна чакаў медалёў ад беларускіх дзяўчат, але іх напаткала глыбокае расчараванне. Найлепшай з беларусак стала Дзінара Алімбекава, яна заняла 15-ае месца, дапусціўшы ў стральбе адзін промах.

Першай на старт на другой гонцы на гэтай Алімпіядзе выйшла Ірына Лешчанка, у першай стральбе яна дапусціла два промахі, затым яшчэ адзін і, заняўшы 60-ае месца, адабралася ў наступны старт – гонку пераследу, куды, нагадаем, трапляюць 60 найлепшых гоншчыц. А вось Алены Кручынкінай у гэтай гонцы не будзе, яна з чатырма промахамі толькі 70-ая сярод 89 удзельніц. Ганна Сола таксама дапусціла чатыры промахі і аказалася 26-ай. А пераможцай зрабілася прадстаўніца Нарвегіі Марта Олсбю Ройзэланд.

Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Ірына Лешчанка і Алена Кручынкіна.
Фота: olympicteamby / Instagram

Скандынаўка заваявалі другі медаль на гэтай Алімпіядзе, у індывідуальнай гонцы ў Марты была бронза. У індывідуальнай гонцы лепш выступілі і беларускі: Алімбекава фінішавала пятая, Лешчанка 41-ая, Кручыніна 48-ая, Сола – 54-ая.

12 лютага на Алімпіядзе мужчынская спрынтарская гонка, сярод яе ўдзельнікаў і ўладальнік адзінага беларускага медаля на гэтай Алімпіядзе – Антон Смольскі.

Нагадаем, што афіцыйны Telegram-канал Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі выклаў відэа з каментарамі беларускіх фрыстайлістаў, якія правалілі першы старт на Алімпіядзе. Станіслаў Гладчанка і Максім Гусцік расказваюць, як яны не задаволеныя ўласнымі выступамі. Відэазапісы да болю нагадваюць «пакаянныя відэа» ГУБАЗіКу. Ці чакае сёння нешта падобнае і беларускіх біятланістак?

Абноўлена
Каманда Беларусі здабыла першы медаль на зімовай Алімпіядзе ў Пекіне
2022.02.08 13:17

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў