Журналісты ОНТ пераследавалі амерыканскага дыпламата. Амбасада ЗША выступіла з заявай


Амерыканская амбасада апублікавала заяву, у якой раскрытыкавала дзеянні беларускіх дзяржаўных медыяў.

Заява сталася адказам на паводзіны афіцыйных журналістаў падчас суда над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай.

У амбасадзе адзначылі, што ўва ўсім свеце амерыканскія дыпламаты, як і дыпламаты з іншых краінаў, рэгулярна наведваюць мясцовыя судовыя паседжанні, назіраюць за пратэстамі і дэманстрацыямі, а таксама сустракаюцца з сябрамі апазіцыйных палітычных партыяў і праваабаронцамі.

Hавiны
Апладысменты пасля прамовы Кацярыны Андрэевай у судзе і адмова Дар’і Чульцовай даваць паказанні
2021.02.09 19:41

«Дыпламаты Злучаных Штатаў робяць гэта асабліва ў выпадках, калі ідзецца пра свабоду СМІ, іншыя асноўныя свабоды і вяршэнства закону, якія маюць вялікае значэнне ўжо досыць даўно. Беларускія дыпламаты ў ЗША могуць паступіць гэтак жа. Урэшце, у Амерыцы ёсць прадстаўніцтва палітычных партыяў, судовыя працэсы, акцыі пратэсту і праваабаронцы. Дыпламатычнае назіранне за мясцовымі ўмовамі і падзеямі – агульнапрынятая практыка ўва ўсім свеце», – паведамляюць у заяве.

Пры гэтым адзначаецца, што «паводзіны аднаго з дзяржаўных СМІ Беларусі ў дачыненні амерыканскага дыпламата пасля назірання за судовым працэсам у крымінальнай справе ў Менску супраць журналістаў «Белсату» Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай 9 лютага недапушчальныя».

«Амбасада ЗША ў Менску гатовая адказаць на запыты прэсы ў парадку іх узнікнення. Журналістаў «Белсату» абвінавацілі ў «арганізацыі мерапрыемстваў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Гэтае абвінавачанне ЗША, краіны-партнёры ды праваабарончыя арганізацыі ўва ўсім свеце назвалі абуральнымі», – заявілі ў дыпламатычным прадстаўніцтве.

Назва дзяржаўнага медыя, паводзіны якога абурылі амерыканскіх дыпламатаў, не ўказваецца. Але на судзе 9 лютага заўважылі журналістаў ОНТ. Увечары выйшаў сюжэт, у якім бачна, што журналісты ішлі за прадстаўніком амбасады ЗША пасля паседжання, пакуль той не сеў у аўта. Перад гэтым дыпламат папрасіў звярнуцца па каментар беспасярэдне ў амбасаду.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў