Умовы сыходу Лукашэнкі, змены ў Канстытуцыю, суд над блогерамі. 187-ы дзень беларускага пратэсту


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца ўжо 187 дзён. Улады адкрылі Усебеларускі народны сход, статус якога плануюць замацаваць у Канстытуцыі, а беларусы, нягледзячы на перашкоды, выходзіць на вуліцы.

Лукашэнка агучыў умовы свайго сыходу

Цяжка сказаць на якой стадыі прыняцця знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка. Яшчэ ў снежні ён казаў, што будзе змагацца да апошняга амапаўца, а ў першы дзень УНС агучыў умовы свайго сыходу.

«Я адкажу на пытанне, якое асабліва існуе ў пратэстуноў і аблудных. Не толькі пратэстуноў, але і часткі нашага насельніцтва. Галоўная мая ўмова сыходу з улады – у краіне мір, парадак, ніякіх пратэставых дзеянняў, не пераварочваць краіну, выказваць меркаванне ў межах закону. Гэта галоўная ўмова.

Другая ўмова. Калі складзецца так, што да ўлады прыйдуць «не тыя» і ў іх будуць іншыя погляды, другім пунктам мы запішам, што ніводны волас з вас, прыхільнікаў цяперашняга прэзідэнта, упасці не можа», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У сваёй прамове, што цягнулася чатыры гадзіны, Лукашэнка закрануў і пытанне новай Канстытуцыі. Праект абяцаюць распрацаваць сёлета, а правесці рэферэндум па ім – у пачатку наступнага года. Раней анансавалі пераразмеркаванне паўнамоцтваў. Але парламенцкай рэспублікай Беларусь, хутчэй за ўсё, не стане.

«Я за канстытуцыйную рэформу. Цягам года на дыялогавых пляцоўках, паўсюль мы будзем гэта абмяркоўваць. Кожны крок у змене. Але я цвёрда перакананы: нашая краіна мусіць заставацца прэзідэнцкаю рэспублікай. Мне вельмі часта кажуць мае людзі (толькі зразумейце правільна тое, што я зараз скажу): нашая краіна мае быць прэзідэнцкаю рэспублікай. Без Лукашэнкі. Яна будзе без Лукашэнкі. Разумееце, не сёння, заўтра, паслязаўтра».

Hавiны
Лукашэнка пра канстытуцыйную рэформу: «Нашая краіна мае быць прэзідэнцкаю рэспублікай»
2021.02.11 16:06

А УНС Лукашэнка прапану зрабіць канстытуцыйным органам, які забяспечыць бяспеку ў пераходны перыяд.

Без Расеі нікуды

Ледзьве не больш за Лукашэнку абмяркоўвалі кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея. Падчас УНС ён заявіў, што замацаванае ў Канстытуцыі імкненне да нейтралітэту не адпавядае бягучай сітуацыі. І, здаецца, зразумела, з кім лукашэнкаўская улада звязвае бачыць будучыню Беларусі.

«Толькі з’яднаўшыся, мы захаваем устойлівасць нашых краінаў. Ад хаўрусу Беларусь – Расея ці Расея – Беларусь залежыць, будзе тут мір ці вайна. Ад нашага адзінства з Расеяй усё будзе залежаць», – сказаў сёння Лукашэнка.

А якраз у час прамовы Лукашэнкі стала вядома, што Беларусь можа атрымаць новы крэдыт ад усходніх суседзяў. Супадзенне?

Hавiны
«Коммерсантъ»: Пуцін можа вылучыць Лукашэнку да 3,5 млрд долараў
2021.02.11 12:42

Аднак не ўсе выступоўцы на УНС падтрымалі прарасейскую рыторыку. Ганна Канапацкая, якую запрасілі ў якасці госця, напрыканцы першага дня ўсё ж такі дамаглася слова для сябе. Дзяржканалы, праўда, вырашылі ейны выступ не паказваць. Экс-дэпутатка ў сваё прамове заявіла пра беспрэцэдэнтнае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі ў выбарчы перыяд з боку суседніх дзяржаваў, у першую чаргу – Расеі. На ейную думку, гэта прывяло не толькі да эскалацыі супрацьстаяння ўнутры беларускага грамадства, але і мела негатыўныя наступствы на мільярды долараў. І гэтую кампенсацыю варта патрабаваць ад расейскага ўраду. Рэакцыя Лукашэнкі на гэтую прапанову вартая тысячы словаў.

Лукашэнка слухае прамову Ганны Канапацкай. Скрыншот з каналу «Желтые Сливы»/TG

Блогераў выдалілі з суда па ўласнай справе

Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў перад судом па справе супраць будаўніцтва акумулятарнга заводу. Блогеры ўзялі рэчы для адбыцця содняў арышту.
Фота: Белсат

11 лютага ў Кастрычніцкім раённым судзе Магілёва пачаўся працэс над берасцейскімі блогерамі Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым. Журналістаў і сяброў блогераў у судовую залу не пусцілі.

Блогера з Берасця Сяргея Пятрухіна вінавацяць паводле арт. 342 («Арганізацыя або рыхтаванне масавых закалотаў»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт 391 («Абраза суддзі») Крымінальнага кодэксу. Аляксандра Кабанава вінавацяць паводле арт. 342 («Арганізацыя або рыхтаванне масавых закалотаў»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). 11 лютага ў Кастрычніцкім судзе Магілёва распачаўся разгляд справы. Але ў залу незалежных журналістаў і ўсіх, хто прыйшоў падтрымаць блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, не пусцілі без тлумачэння прычынаў.

«Блогеры былі тыя, хто вельмі моцна званіў у званы, і гэты звон быў пачуты сотнямі тысяч людзей. Таму яны ворагі для Лукашэнкі, для яго рэжыму. Яны героі для людзей, а для рэжыму ворагі», – кажа дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Падчас паседжання блогерам зрабілі некалькі заўвагаў, не задавальнялі іхныя хадатайніцтвы. У выніку Кабанаў папрасіў:

«Праводзьце пасяджэнне без нас. Збярыце лепш тройку. А мы просім канвой адвесці нас у камеру – будзе сацыяльнае дыстанцыяванне».

Пасля спрэчкі блогераў выдалілі. Працяг – у 9:30 16 лютага.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў