У праграму Берлінскага кінафестывалю трапіла беларуская стужка, што паказвае падзеі жніўня


Абвесцілі поўную праграму 71-га Берлінскага кінафестывалю. У адной з яго галоўных секцыяў – «Berlinale Special» – адбудзецца сусветная прэм’ера дакументальнай карціны Аляксея Палуяна «Кураж». Большую частку стужкі здымалі пасля выбараў у жніўні.

У «Куражы» – тры героі, праз якіх паказваецца, чаго каштуе быць незалежным творцам у беларускіх рэаліях. Аляксей Палуян пачаў здымкі ў канцы 2018 года, але жнівеньскія падзеі – з дня выбараў да канца месяца – у выніку занялі асноўную частку карціны.

Кадр з дакументальнай карціны Аляксея Палуяна «Кураж»

Рэжысёр жыве ў Нямеччыне і фінансаванне стужкі таксама нямецкае, але здымаўся «Кураж» у Беларусі ды амаль выключна беларускаю камандаю.

Аляксей Палуян вядомы кароткаметражнаю працай «Возера радасці» паводле раману Віктара Марціновіча, якую паказалі на сямідзесяці кінафестывалях, яна трапіла ў доўгі спіс прэміі «Оскар».

«Кураж» для Аляксея – дэбютны поўны метр. На «Берлінале», калі сёлетні фармат не зменіцца, стужка будзе прэтэндаваць на ўзнагароду як найлепшы дакументальны і найлепшы дэбютны фільм.

Постар дакументальнай карціны Аляксея Палуяна «Кураж»

Секцыю «Berlinale Special» фармуе дырэктар фэсту Карла Шатрыян.

Магчыма, прэм’ера «Куражу» – пакуль самае сур’ёзнае прадстаўніцтва беларускага кіно на Берлінскім кінафестывалі за ўсю яго гісторыю.

«Берлінале» – адзін з галоўных кінафестываляў свету. Сёлета ён пройдзе ў дзвюх частках – у сакавіку і чэрвені.

Ірэна Кацяловіч, belsat.eu

Стужка навінаў