У Беларусі абвясцілі памаранчавы ўзровень небяспекі


Будаўніцтва жылога комплексу «Менск-Свет». 8 лютага 2021 года.
Фота: ТК / «Белсат»

Удзень 11 лютага на паўднёвым усходзе Беларусі чакаецца моцны снег і мяцеліца, на дарогах – снежныя заносы. У сувязі з гэтым абвешчаны памаранчавы ўзровень небяспекі, перадае сайт Белгідрамету.

Будзе пераважаць хмарнае надвор’е. У паўночна-заходніх і цэнтральных раёнах – невялікі снег. На паўднёвым усходзе – часам моцны снег, мяцеліца, на дарогах – снежныя заносы. На асобных участках дарог – галалёдзіца. Вецер умераны, на паўднёвым усходзе – парывісты. Максімальная тэмпература паветра – ад 7 да 13 градусаў марозу.

У наступныя дні чакаюцца складаныя ўмовы надвор’я.

12 лютага будзе хмарна, часам – снег, мяцеліца. На паўднёвым усходзе краіны – моцны снег, на дарогах – снежныя заносы. Вецер парывісты, уначы месцамі, а раніцай і ўдзень на большай частцы – моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе – 13… – 18 °С, удзень – 10–15 ніжэй за нуль.

13 лютага – хмарна, удзень з праясненнямі. Пераважна на паўднёва-ўсходняй частцы краіны – снег, мяцеліца. Уначы і раніцай на паўднёвым усходзе Беларусі месцамі чакаецца моцны снег, на дарогах – снежныя заносы. Вецер паўночны парывісты, на большай частцы – моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе – 12… -17 °С, удзень – ад 7 да 14 градусаў марозу, на паўднёвым захадзе складзе – 4… – 6 °С.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў