Церцель: КДБ мае інфармацыю пра падрыхтоўку тэрактаў


Кіраўнік КДБ Іван Церцель на Усебеларускім народным сходзе заявіў, што актыўная фаза пратэстаў скончаная. Жывы эфір імпрэзы вядзе тэлеканал «Беларусь 1».

«Беларусь – адна з нямногіх краін, якая выстаяла ва ўмовах рэалізацыі найбольш жорсткага сцэнару», – мяркуе Іван Церцель.

Ён падкрэсліў, што пік пратэставай актыўнасці ўжо пройдзены, а краіна вярнулася да «нармальнага жыцця».

Але старшыня КДБ сцвярджае, што «час расслабляцца не надышоў». Паводле ягоных словаў, за мяжой канцэнтруюцца «уцекачы, авантурысты, прайдзісветы і проста здраднікі». Найбольш значныя «падрыўныя» цэнтры нібыта функцыянуюць у Варшаве і Вільні. Яны быццам бы гатовыя пайсці нават на крывавыя захады, як Мікалай Аўтуховіч і Ігар Аліневіч. Масавых ахвяраў дзейнасці апошніх здолелі пазбегнуць толькі дзякуючы «спыненню іх актыўнасці на пачатковым этапе». Тым не менш, гэта яшчэ не ўсё, адзначае Церцель.

«Мы маем верагодную інфармацыю аб намерах іншых асоб па здзяйсненні актаў тэрарыстычнага напрамку на тэрыторыі нашай краіны. У цэлым, падкрэсліваю: яны гатовыя на усё – на любыя злачынствы, не шкадуючы ні жанчын, ні дзяцей», – сцвярджае Церцель.

Міністр запэўнівае: планы ягонаму камітэту вядомыя, і ён праводзіць адпаведную працу. Таксама Церпель папярэдзіў гэтых людзей і іх «іншаземных куратараў», што спецслужбы будуць дзейнічаць «жорстка, у адпаведнасці з міжнароднай практыкай».

«Нагадаю, нашы папярэднікі, бацькі і дзяды, знаходзілі здраднікаў, паслугачоў фашыстаў праз дзесяцігоддзі, дзе б яны не знаходзіліся. І мы ад гэтай лініі ніколі не адступім», – абяцае Церцель.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў