Праклятае месца? Менская Грушаўка як люстэрка будаўнічай галіны

Зямля каля метро Грушаўка не занадта вязучая. Тут за апошнія 10 гадоў знеслі большую частку прыватнага сектара, пабудавалі і дабудоўваюць 27 дамоў дзясяткаў забудоўшчыкаў.

У больш чым паловы дамоў былі і ёсць праблемы: з тэрмінамі ўводу, з крадзяжом, абвальваннем канструкцый, з гібеллю людзей. Тут рэгулярна здараюцца скандалы, самы свежы – са з’яўленнем сотняў падманутых трымальнікаў жыллёвых аблігацый «Грушаўскага Пасаду».

Схільныя да містыкі людзі кажуць: Грушаўка – праклятае месца, і ўспамінаюць, што ў дамах пад знос у розны час здараліся пажары, загінула некалькі чалавек… Але гэта, вядома, лухта. Проста раён актыўна забудоўваецца, і ён – яскравая ілюстрацыя таго, хто і як у Менску будуе на месцы прыватнага сектара.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Realt.by

Як усё пачыналася

Першыя дамы, якія пачалі ўзводзіць яшчэ да адкрыцця метро, проста здаваліся са спазненнем. Дом па Дзяржынскага 9 «спазніўся» на год, па Шчорса 11 патрапаў нервы жыхарам даўжэй.

Большую частку малапавярховай Грушаўкі горад калісьці аддаў на водкуп вядомаму (і тады здавалася – прафесійнаму) дэвэлоперу «Лада Гарант».

Зрэшты, з першых дамоў можна было ацаніць яго паваротлівасць і здольнасць пралічваць рызыкі. У тэрміны, якія абяцаліся ў рэкламе, будоўлі ўпарта не ўкладваліся, ЖК «Калізей» рэгулярна фігураваў у спісах дамоў са звышнарматыўным тэрмінам будаўніцтва. Пік абсурду – год стаяла прададзеная жыхарам і з выгляду гатовая панэльная скрынка дома «Медовик», – «Лада Гарант» ніяк не магла расплаціцца з МАПІДам за працу.

Землі за зрыў тэрмінаў выканання інвестыцыйнай дамовы ў «Лада Гарант» канфіскавалі, апошні жылы комплекс «Лады» – «Карамель» – асвойвае ўжо іншы, бадзёры генпадрадчык. І асвойвае паспяхова – нарэшце першую секцыю рыхтуюць да здачы.

Гісторыя «Лады Гарант» як бы намякала: забудоўшчыкі ў Менску, нават мастадонты, не занадта ўстойлівыя. Бізнес залежыць ад асобы кіраўніка – і калі там чалавек з харызмай, але схільны да авантур, чакай непрыемнасцяў. Уласна, такія кіраўнікі і забяспечылі Грушаўцы самыя гучныя скандалы.

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Топ скандалаў у Грушаўцы

1. «Грушаўскі Пасад» ад «Жылбудкамплекту»

Першыя дамы (па Дзяржынскага 22 і 24)«Жылбудкамплекту» здадзены і заселеныя. Будавалі іх першыя «уладальнікі» бізнесу. Потым кіраўніцтва кампаніі змянілася, «Жылбудкамплект» перайшоў да Іллі Волаха. Той паспрабаваў будаваць, узвёў паўтары секцыі вялікага дому каля самага метро, а потым будоўля стала: у Волаха скончыліся грошы.

Цяпер ён з сям’ёй асеў у Літве, пакінуўшы будоўлю і некалькі сотняў трымальнікаў аблігацый, большасць якіх аплаціла свае кватэры на 100%, сам-насам. Пакуль дзяржава разважае, махляр Волах ці проста няўдачнік, і што рабіць з даўгабудам. Хутчэй за ўсё, дом дадуць дабудоўваць УКБ, а трымальнікам аблігацый (бачым па прыкладзе трымальнікаў аблігацый «Тамбаза») прыйдзецца паўторна аплаціць свае метры і чакаць яшчэ пару гадоў заканчэння будаўніцтва.

2. «Гранд Хаус» ад «Датч Стар»

Кампанія «Датч Стар» належала Фіме Машэ, чалавеку, які засвяціўся ў некалькіх будаўнічых скандалах. Сам «Гранд Хаус» мог бы стаць вялікай праблемай (інвестар не выконваў абавязацельстваў), але дольшчыкам пашанцавала – яго «перакупіў» генпадрадчык – і ўжо новыя людзі дабудоўваюць гіганцкі жылы комплекс.

Гэтыя новыя ўладальнікі бізнесу доўга хаваліся ў цені. Раскопваць, хто ёсць хто, жыхары Грушаўкі пачалі, калі забудоўшчыку дазволілі змяніць праект і знішчыць частку Грушаўскага скверу. Высветлілася, што ва ўладальніках не толькі бізнесмены ад будаўніцтва, але і Дзмітрый Баскаў (старшыня Федэрацыі хакея, які быў у дворыку Пераменаў, калі загінуў Раман Бандарэнка). Яго доля – амаль 11%. А асноўная функцыя – атрымліваць дазволы, якія без «блізкасці да цела» атрымаць немагчыма.

Але скандал з нагоды сквера апынуўся настолькі магутным, што апетыты забудоўшчыка прыйшлося рэгуляваць яшчэ больш «блізкаму да цела» чалавеку – Наталлі Качанавай. Ад сквера адсталі, але і забудоўшчыка не пакрыўдзілі – «далі» кавалак зямлі, на якой павінен быў стаяць другі дом ЖК «Карамель» ад «Лады».

У працэсе будаўніцтва «Гранд Хаус» уліпаў і ў дробныя скандалы. Калі здаваў першыя секцыі, спрабаваў забараніць дольшчыкам прыходзіць на прыёмку з прафесіяналамі будоўлі. Дрэнна кантраляваў будаўнікоў – у адной секцыя, якая будуецца, абрынуліся перакрыцці. Зрэшты, цяпер забудоўшчык выправіўся. Да якасці будаўніцтва асаблівых прэтэнзіяў ужо не чуваць, стаўленне да дольшчыкаў стала канструктыўным, вялікая частка секцый заселеная, да заканчэння будаўніцтва апошняй засталіся лічаныя месяцы.

3. Злодзеі на дзяржпрадпрыемстве

ГА «Менская гарадская жыллёвая гаспадарка» пачала будаваць дом у 3-ім Чыгуначным завулку ў 2012-м. 250 кватэр прадалі, прычым па 1200-1450 долараў за квадратны метр. У 2015-м высветлілася, што дабудоўваць дом няма за што. Грошы «увялі». Прычым дольшчыкаў падманулі не нейкія камерсанты-шарлатаны, а дзяржпрадпрыемства. Але вырашылася ўсё ў выніку шчасліва – камунальнікам далі пазыку на дабудаванне. Пасля прадпрыемства дабудавала яшчэ адну секцыю да дому. Там ужо было без сюрпрызаў, толькі што прадаваліся метры цяжкавата – дольшчыкі бачылі перадгісторыю, ды і якасць будаўніцтва першых секцый выглядала падазронай.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum
Не скандальныя будоўлі на Грушаўцы таксама ёсць. Яны лёгка абвяргаюць тэорыю «праклятага месца».

1. Забудоўшчык, які будаваў на Грушаўцы і ў сур’ёзныя скандалы не трапляў – ТДА «Салей». Гэта яго квартал жоўта-чырвоных панэляк паміж вуліцамі Грушаўская і Разінская. Адсутнасць перасудаў тлумачыцца проста: спачатку будаваў, потым прадаваў.

2. Мінімум нараканняў было і на «Айрон». Дамы забудоўшчыка – па Дзяржынскага 11, 15. Ён жа пабудаваў тры падобныя слупкі – два па Шчорса і Разінскай, адзін па 2-й вул. Шчорса. Яго ж «Менскі Квартал» на вул. Грушаўскай (адзін слупок здадзены, другі, трох падʼездны дом, будуецца). «Айрон» здаваў свае дамы альбо ў тэрмін, альбо нават крыху раней тэрміну. Калі да якасці будаўніцтва ў яго першым доме на Грушаўцы і былі пытанні, то зараз іх практычна няма. Акрамя таго, «Айрон» дабудоўвае і ЖК «Матвееўскі» у пешай даступнасці ад метро Грушаўка, але з адрасам па Р. Люксембург.

3. Ціха будуе ў межах Папаніна –Грушаўская УКБ Цэнтральнага раёну. Два вялікіх, але непрыкметных дамы і велізарны паркінг пры іх (кватэры тут прадаваліся з абавязацельствам куплі парка-месца) ужо на фінальнай стадыі. І практычна ўсё прададзена.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Будоўлі пад пытаннем

Грушаўка яшчэ не забудаваная да «немагу», і мы яшчэ будзем назіраць за кранамі. У крызіс назіранне – асабліва цікавае.

Напрыклад, другі раз спынілася будоўля ЖК MOD ад «Тапас» («Белхантера»). Першае прыпыненне будаўніцтва дому ў пачатку праспекта Дзяржынскага было на пару месяцаў, і што адбылося – забудоўшчык удакладняць не стаў. Другі прастой, які доўжыцца ўжо больш за два месяцы, тлумачаць «інцыдэнтам на будоўлі». Там загінуў рабочы, упаў з вялікай вышыні.

Звязаны з забудоўшчыкам ЖК «Гранд Хаус» новы дэвэлапер «Грандхаўзінжынірынг» павінен у бліжэйшы час пачаць будаўніцтва жылых дамоў уздоўж праспекта Дзяржынскага, ад метро Грушаўка да перасячэння з праспектам Жукава. Участак купіў на аўкцыёне амаль за 10 мільёнаў долараў. Мільёны долараў каштавала і адсяленне прыватнага сектара. Знос практычна завершаны, па меншай меры на ўчастку каля метро. Але будаўніцтва пакуль не пачынаецца, грамадскасці яшчэ не паказалі, што менавіта будуць будаваць. Укладзена вельмі шмат сродкаў, наперадзе крызіс і нізкія цэны – увогуле, праект будзе не з простых.

ЖК «Гармонія» – яшчэ адзін праект на Грушаўцы–Розы Люксембург. Дом па вул. Розы Люксембург будзе будаваць «Арэса-Сэрвіс», яна ўжо адсяліла двухпавярховікі на аўкцыённым участку, пару знесла, на пляцоўцы прыступаюць да катлавана. І гэты праект (за кошт адсялення і зносу) – не з танных. Мабыць УКБ (паколькі з аўкцыёну зямля не прадавалася) павінен у гэтым годзе пачаць асваенне тэрыторыі ў квартале пр. Жукава – вул. Чыгуначная – вул. Разінская – там з’явяцца шматкватэрныя дамы і шматузроўневая жа стаянка. Можна рабіць стаўкі, які з двух топаў – «скандальны» або «беспраблемны» папоўняць гэтыя будпляцоўкі.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў