Каля Берасця цягнік пратараніў фуру і сышоў з рэек


У аварыі на чыгуначным пераездзе каля Берасця пацярпеў машыніст цягніка. Пра гэта паведамілі ў МУС Беларусі.

10 лютага каля 21:50 на восьмым кіламетры аўтадарогі Р17 Берасце – мяжа Украіны (перагон Берасце-Паўднёвае – Бернарды) фура сутыкнулася з пасажырскім дызель-цягніком Берасце – Улодава. Ад удару галаўны вагон сышоў з рэек.

Паводле МУС, 27-гадовы грамадзянін Турцыі, кіроўца цяжкавіка «DAF» з паўпрычэпам пры забараняльным сігнале святлафора выехаў на чыгуначны пераезд.

У вагонах былі прыблізна 50 пасажыраў, яны не пацярпелі. Іх аўтобусамі адвезлі да месца прызначэння. Машыніста цягніка даставілі ў шпіталь, кіроўца грузавіка траўмаў не мае.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў